Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус скіроўвае да нас словы прыпавесці пра сейбіта і зерне. Вобраз, які ўзнікае ў гэтай прыпавесці, усім нам добра зразумелы, аднак варта, прыгадаўшы яго, крыху паразважаць, каб наблізіць словы Хрыста да нашых сэрцаў, каб іх лепш зразумець.
Божае слова з'яўляецца зернем, сейбіт — гэта Хрыстус, які засявае глебу нашага сэрца зернем свайго слова. Такім чынам, зерне — гэта навука Езуса Хрыста, Яго абяцанні, а таксама ўчынкі, знакі і цуды, а перадусім гэта Яго крыж, уваскрасенне і спасланне Духа Святога.
Зернем Божага слова таксама з'яўляецца Святое Пісанне і традыцыя Касцёла. Божае слова жывое і дзейснае, вастрэйшае за меч. У гэтым зерні заключаецца магутнасць самога Бога. Зерне Божага слова, нягледзячы на тое, што яно маленькае, нібы зярнятка гарчыцы, аднак разрастаецца і прыносіць плён, а кожны з нас, веруючых, пакліканы гэтае Божае слова пераказваць ад імя Хрыста. Той, хто абвяшчае Божае слова ў Яго Касцёле, адначасова з'яўляецца пасрэднікам. Хто вас слухае — Мяне слухае, кажа Хрыстус. Таму вестуны Божага слова з'яўляюцца і пасрэднікамі, і сведкамі Хрыста.
Зернем у дадзенай прыпавесці з'яўляецца Божае слова, а глебай - чалавечае сэрца. Менавіта нашае сэрца мае ў сабе глебу, можа, не найлепшую, часамі вельмі цвёрдую і камяністую, але дзякуючы Божай ласцы і нашым уласным намаганням гэтую глебу можна перамяніць, зрабіць яе ўрадлівай, падрыхтаванай да Божага засеву. Чалавек, як істота разумная і вольная, супрацоўнічаючы з Божай ласкай, здольны падрыхтаваць належным чынам глебу, каб не змарнавалася ніводнае Божае зерне, якое туды трапляе.
Калі мы слухаем словы Езуса, можам заўважыць, што вельмі часта Ён кажа аб Божым Валадарстве, якое не дзесьці далёка, за межамі нашага чалавечага разумення ці жыцця, але якое ўжо тут і цяпер ёсць сярод нас, якое наблізілася. І ў гэтым Божым Валадарстве Бог, як сейбіт, засявае зерне свайго слова ў нашыя сэрцы і клапоціцца, каб гэтае зерне прынесла багаты плён. «А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць». Гэтай працай сейбіта Бог таксама дзеліцца з намі. Мы, як веруючыя, з аднаго боку нібы тое зерне, а з другога - нібы рука сейбіта, якая кідае зерне на глебу іншых сэрцаў. Таму мы адначасова і зерне, і сейбіты.
Калі возьмем зерне ў свае рукі, то можам у ім убачыць нас саміх. Дар жыцця мы атрымалі ад нашых бацькоў, аднак кожны з нас асаблівы. Кожны па-свойму непаўторны: мае свой уласны выгляд, адметныя рысы, розныя дары, таленты і ўмеласці. Калі Бог паклікаў нас да існавання, то для нас распачалося незвычайнае падарожжа, назва якога - жыццё. Аднак чым даўжэй мы жывем на гэтым свеце, тым больш пераконваемся ў тым, што не ўсё ад нас залежыць і ёсць Той, хто нейкім чынам кіруе нашым жыццём, жыццёвымі сітуацыямі, акалічнасцямі.
Бывае, што мы марым, каб цалкам кіраваць сваім жыццём, каб з лёгкасцю дасягаць пастаўленых мэтаў. Але ў рэчаіснасці не заўсёды нам гэта паспяхова ўдаецца. І мы прыходзім да высновы, што ўсяму павінен быць час. Бог кіруе нашым жыццём, але жыццёвы выбар здзяйсняем мы, ніхто за нас яго не зробіць. Мы не можам стварыць жыццё, як гэта зрабіў Бог, але мы можам яго паўкладаць, палепшыць. Выкарыстоўваючы ўсе неабходныя і магчымыя для нас сродкі, мы можам паўплываць, каб гэтае жыццё было дабром для нас і іншых людзей, а таксама каб яно было на хвалу Богу, які з'яўляецца аўтарам і стварыцелем жыцця.
Дарагія! На гэтым свеце Бог для нас пакінуў усё, каб толькі мы жылі як найлепш. Мы маем магчымасць карыстацца разнастайнымі дарамі і талентамі, як прыроджанымі, так і набытымі, можам развівацца і прыносіць багаты плён дабрабыту і супакою. А наш багаты плён - гэта нашыя добрыя ўчынкі для Бога і нашых бліжніх. Таму ўсё распачынаецца ад нас, ад нашага сэрца, ад яго глебы, дзе Бог засеяў сваё зерне і прагне клапаціцца і даглядаць яго. Ён найлепшы гаспадар, Ён сейбіт, які клапоціцца аб кожным зерні нашага сэрца. Ён жадае, каб мы далучаліся да Яго працы. Таму мы адначасова і сейбіты, якія праз веру далучаемся да Божай працы, атрымліваючы разнастайныя дары. Усё ў нашым жыцці з'яўляецца дарам ад Бога, пачынаючы ад нашага жыцця; подых паветра, кожны наш рух, магчымасць думаць і дзейнічаць — гэта дар ад Бога і нагода, каб мы маглі выкарыстаць усе свае здольнасці і ўмеласці на Божую хвалу і для нашага асабістага дабра. Нам, якія верым і прагнем наследаваць Хрыста ў сваім жыцці, Бог дае асаблівае заданне — заданне сейбіта: распаўсюдзіць Евангелле, падзяліцца Добрай Весткай з іншымі. Зерне Евангелля самае каштоўнае, бо яно прыносіць плён на жыццё вечнае.
Мае дарагія! Быць сейбітам - гэта вельмі адказная справа. Кожны з нас атрымаў дары і здольнасці не толькі выключна для сябе, але і для іншых. Гэтым мы можам служыць, будаваць нашае жыццё і быць адказнымі за яго. Вось паглядзіце: мастак стварае шэдэўр для іншых людзей, каб тыя маглі атрымоўваць эстэтычную асалоду ад прыгожай карціны. Кампазітар стварае прыгожую музыку, таксама не выключна для сябе, але выкарыстоўвае свой талент, каб іншыя маглі гэтую музыку слухаць і ёй захапляцца. Магчыма, не кожная карціна або музычная кампазіцыя нас можа захапіць ці ўразіць, але ёсць такія творы, якія нас захапляюць. Давайце задумаемся: як кожны з нас перадае веру іншым? Ці здольныя мы захапіць іншых Добрай Весткай аб Хрысце? Ці шчыра дзелімся вераю з іншымі, ці жывем тым, у што верым? Гэта пытанні, над якімі варта кожнаму асабіста паразважаць.
Дастаткова прыгледзецца да людзей, якіх мы сустракаем на вуліцах горада. Яны ідуць у розных накірунках, кожны перад сабою мае нейкае заданне, хтосьці спяшаецца на працу, хтосьці проста павольна крочыць. Вельмі шмат тых, хто, ідучы па вуліцы, размаўляе па тэлефоне, можа, вырашае нейкія свае важныя пытанні. І вось, калі я паспрабую запытацца ў кагосьці дарогу, як мне дайсці да запланаванай мэты, то адныя затрымаюцца і ўсё падрабязна раскажуць, хтосьці скажа: я не мясцовы не ведаю накірунак, а яшчэ іншыя могуць сказаць, што яны моцна спяшаюцца і не маюць часу, каб мне дапамагчы. А як у такім выпадку зрабілі б мы? Ці здольныя мы затрымацца, каб камусьці дапамагчы? Ці здольныя затрымацца ў сваім жыцці, каб заўважыць іншага чалавека і паказаць яму правільны накірунак?
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Кожны з нас з'яўляецца сейбітам, супрацоўнікам Бога. Ён нас паклікаў, каб мы дзяліліся любоўю праз поўныя клопату словы і ўчынкі. Нашае заданне ў веры - дзяліцца Божай любоўю, як гэта рабіў і робіць Езус Хрыстус. У Божым Валадарстве, якое сярод нас, кожны з'яўляецца і зернем, і сейбітам адначасова. Тое зерне, якое Бог пасеяў у нашых сэрцах, можа прынесці багаты плён, галоўнае, каб мы не занядбалі ўласнай працы і былі моцнымі ў Езусе Хрысце. Ці гатовыя мы стаць вялікім дрэвам, у галінах якога іншыя могуць знайсці прытулак? Ці бачная нашая вера іншым, ці старанна мы засейваем Божае зерне ў глебу іншых сэрцаў?
Чаму вялікія натоўпы гарнуліся да Езуса? Таму, што чулі Яго навуку, у Ім маглі аздаравіцца, знайсці вырашэнне сваіх праблем. У Езусе людзі знаходзілі згублены сэнс свайго жыцця і пачыналі разумець, чым гэтае жыццё з'яўляецца і хто яго Аўтар. Аднак людзей да Езуса прыцягвала не толькі гэта. Яны бачылі і пераконваліся ў тым, што Яго словы праўдзівыя, што разам з навукай, якую казаў Езус, ішло Яго жыццё. Тое, аб чым Ён навучаў, адлюстроўвалася ў Яго ўчынках, у стылі Яго жыцця. Людзі адчувалі Божую любоў, адчувалі, што яны не пакінутыя, што яны патрэбныя. Гэта іх прыцягвала.
Святы Аўгустын некалі казаў: «Кармлю вас тым, чым жыву». Кожнаму, хто засейвае зерне Евангелля ў імя Хрыста, трэба памятаць, што ён у імя Хрыста і разам з Ім з'яўляецца сейбітам і глебай адначасова. Бо, каб дзяліцца з іншымі досведам спаткання з Езусам у Евангеллі, трэба спачатку слухаць Божае слова і старацца яго культываваць у сваім жыцці. Гэта значыць жыць Божым словам на кожны дзень. Праўда Евангелля не можа быць нейкай адасобленай рэчаіснасцю, але павінна быць цесна пераплецена з маім жыццём. Вось тады зерне Божага слова прынясе вялікі плён у глебе майго сэрца.
У сваю чаргу святы Францішак Сальскі дае практычныя парады сейбітам Божага слова: трэба моцна любіць Хрыстовую навуку, якую абвяшчаеш, і шчыра верыць самому ў тое, у чым хочаш пераканаць іншых. Божае слова павінна выплываць не толькі з тваіх вуснаў, але з твайго сэрца. Бо сэрцам заўсёды можна прамовіць да сэрца, а язык прамаўляе толькі да вушэй. Ды і ніхто не здольны даць іншым таго, чаго сам не мае. Таму, дарагія, для нас важна ўважліва слухаць Божае слова, над ім разважаць, ім жыць і дзяліцца з іншымі. Так нас вучыць Хрыстус. Кожны з нас пакліканы да вечнага жыцця, да шчасця прабывання разам з Богам у Яго Валадарстве. Ужо зараз яно сярод нас, і мы пакліканы несці Евангелле ў імя Хрыста, таму зерне — гэта Божае слова, сейбіт - Хрыстус, а кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць навекі. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|