Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІХ Звычайную нядзелю (10 жніўня)
Нядзельнае казанне
08.08.2014 12:15

Дарагія браты і сёстры! Здараецца ў нашым жыцці, што мы перажываем захапленне або ўзнёсласць, лёгка спраўляемся з мноствам пастаўленых заданняў, а нашыя справы амаль самі па сабе вырашаюцца. Аднак бываюць і такія моманты, калі ў нас проста ўсё валіцца з рук, мы сябе адчуваем ні да чаго  не прыдатнымі: стомленымі, пакінутымі, самотнымі...

Як нам захаваць раўнавагу ў жыцці паміж такім узнёслым станам і тым, калі нам вельмі цяжка? Бо ў першым выпадку мы можам сябе адчуць шчаслівымі, а вось у другім — цяжка гэтае шчасце заўважыць. З аднаго боку, бывае так мала трэба чалавеку для шчасця, але з іншага - знайсці і адчуць яго не такая ўжо і лёгкая справа.

Калі паглядзець на пажылую пару, якая павольным крокам вяртаецца з касцёла, размаўляючы паміж сабою, трымаючы адно аднаго за руку, у іх вачах можна заўважыць шчасце і любоў. Напэўна, жыццё прыносіла ім разнастайныя сюрпрызы: былі і лёгкія, і цяжкія моманты, але ў вачах такіх людзей, маючых вялікі жыццёвы досвед, можна ўбачыць спакой, павагу і шчасце. Яно проста кідаецца ў вочы. Бо яны любяць і шануюць адно аднаго, магчыма, маюць дзяцей, унукаў, маюць перадусім Бога, якога не перастаюць прасіць аб благаслаўленні.

Але ў жыцці бывае па-рознаму. Сённяшняе Божае слова адкрывае перад намі пытанне аб шчасці ў нашым жыцці і паказвае, якім чынам і дзе можна яго знайсці. Давайце спачатку прыгледзімся да першага чытання з Кнігі Валадарстваў, якое апавядае аб спатканні Бога з прарокам Іллёй. Прарок уваходзіць на Божую гару Горэб, каб спаткаць Бога, каб адчуць Яго прысутнасць. Ілля, які перажывае цяжкасці і пераслед у сваім жыцці, прыходзіць сюды, каб зведаць Божую прысутнасць, каб адчуць палёгку, урэшце, каб, адчуўшы Бога і Яго прысутнасць, быць шчаслівым.

Спачатку перад Іллёй узнікае вялікі і моцны вецер, які разрывае горы і крышыць скалы, але ў гэтым магутным ветры Ілля не знаходзіць прысутнасці Пана. Далей перад Іллёю землятрус, але і там Пана няма. Пасля землятрусу быў агонь, але і ў агні не было Пана. Толькі шум ціхага ветру прымусіў Іллю закрыць свой твар плашчом і стаць ля ўваходу да пячоры. Чаму? Бо менавіта ў гэтым ціхім ветрыку Ілля распазнае прысутнасць Бога.

Як жа часта чалавек па жыцці кудысьці спяшаецца, мітусіцца, бегае, робіць тысячу справаў, а забывае пра тое, што найважнейшае! Здаецца нам, што калі нас не заўважаць іншыя, калі мы не пакінем пасля сябе следу на аўтобусным прыпынку ці на заборы суседа, то нашае існаванне не мае вялікага сэнсу. Тым часам сённяшні ўрывак з Кнігі Валадарстваў кажа аб нечым нямодным ці мала папулярным - аб цішы і лагоднасці. Бо менавіта ў цішы можна адчуць Божую прысутнасць, як яе адчуў Ілля. Напэўна, ён сябе адчуў шчаслівым, бо знайшоў Таго, каго шукаў.

Калі зноў вернемся да тых пажылых людзей, у вачах якіх можна было ўбачыць шчасце, то менавіта гэтая іх ціхая і лагодная размова - першы паказчык шчасця. Ім ёсць да каго звярнуцца, ім ёсць што ўспомніць, у іх ёсць той, каму можна пажаліцца і хто можа выслухаць і зразумець. Магчыма, іх дзеці і ўнукі жывуць крыху іншым тэмпам жыцця, магчыма, не маюць столькі часу на бацькоў ці на сваіх бабулю і дзядулю. Аднак гэтыя пажылыя людзі маюць адно для аднаго час, маюць пра што паразмаўляць – бясконцую колькасць тэмаў пра сваіх дзяцей, унукаў, жыццё, радасць, боль, пра блізкіх, родных, знаёмых... Бо сапраўдная любоў ніколі не старэе!

Дарагія! Як жа часта ў жыцці мы можам адчуваць пэўнага роду напружанасць паміж вераю і штодзённасцю. Часцей за ўсё гэтая напружанасць з'яўляецца ў выніку нашых перажыванняў, цяжкасцяў і няўдач. Сённяшняе Евангелле кідае святло на гэтую праблему. Пётр звяртаецца да Езуса, які крочыць па возеры: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе».
 
І сапраўды здараецца цуд: Пётр выходзіць з чаўна і прыходзіць да Езуса па вадзе. Ён, як і яго Настаўнік, крочыць па возеры. Якая моцная павінна быць вера гэтага апостала! Аднак праз хвілінку-другую падзьмуў моцны вецер, Пётр убачыў вялікія хвалі, спалохаўся і пачаў тануць. Ён пачаў заклікаць: «Пане, ратуй мяне!» Калі зараз разважаем над гэтым момантам з жыцця Пятра, можам убачыць штосьці аналагічнае і ў нашым жыцці: момант нашай веры і момант выпрабавання. Як жа часта мы, як апостал Пётр, ходзім па вадзе, як жа часта нам здаецца моцнай наша вера і ўсё ў нас атрымліваецца, а іншым разам штодзённасць бярэ над намі верх, нас перамагае, а мы адчуваем сябе слабымі. І здаецца, што для нас ужо няма ратунку, што Бог нас пакінуў. Дарагія, тады нам трэба за Пятром паўтарыць заклік: «Пане, ратуй мяне!»

У тых пажылых людзей таксама існавала напружанасць паміж вераю і штодзённасцю, напэўна, былі моманты, калі яны, як апостал, танулі. Іх жыццё можа скончыцца нават сёння, шмат іх знаёмых і аднагодкаў спачываюць на могілках, ды і засталося для іх не так і шмат часу тут, на зямлі. Аднак я ўпэўнены, што яны вераць: калі разам пражылі так шмат, то і пасля смерці будуць разам, спаткаюцца зноў ужо ў вечным жыцці.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! У глыбіні нашага сэрца ёсць таксама пэўная напружанасць. У нас ёсць шмат планаў, мараў, перспектываў, якія бушуюць дзесьці у глыбіні нас. Мы марым, каб у нашым жыцці ўсё паспяхова складвалася, каб задуманыя планы былі рэалізаваны. Вельмі часта гэтыя планы маюць выключна зямны, матэрыяльны характар. Бывае, што мы настолькі забеганыя і занятыя рэалізацыяй нашых планаў, што забываемся пра духоўную сферу або адстаўляем яе ўбок ці на пазнейшы час.

Важна памятаць, што сярод шматлікіх нашых планаў павінна знайсціся месца для яшчэ аднаго плана: каб імкнуцца да святасці. Магчыма, мы марым быць святымі ўжо зараз, але рэдка прыкладваем для гэтага адпаведныя намаганні. Вось паглядзіце, колькі намаганняў прыкладваюць людзі, каб зрабіць добрую кар'еру ў сваім жыцці або дабіцца поспехаў у спорце. Колькі бяссонных начэй яны прысвячаюць на гэта. Ад колькіх выгодаў адмаўляюцца - а мы да неба хочам даехаць аўтобусам або паляцець туды самалётам, ды яшчэ ў найлепшым класе і задарма. Так немагчыма. Бо, каб дайсці да шчасця ў небе, трэба крочыць шляхам крыжа. Трэба ісці пешшу і праз шэраг выпрабаванняў.

Дарагія браты і сёстры! Што ёсць нашым шчасцем? Варта аб гэтым задумацца кожнаму: дзе мы яго шукаем і якім чынам. Імкнемся мы быць шчаслівымі толькі ў зямных катэгорыях ці шукаем шчасця, якое ідзе праз усё нашае жыццё аж да вечнасці? Наша шчасце ў кар'еры, грашах, уладзе ці ў спакойным доме і любячай сям'і? Урэшце, ці здольныя ўсе нашыя рэалізаваныя планы і мары, прыемнасці і задавальненні нас па-сапраўднаму заспакоіць? Можа, цішыня, лагоднасць, супакой - гэта менавіта тое, што нас накіроўвае на правільны шлях, а імкненне да святасці здольнае даць нам яшчэ большую глыбіню ў пошуках нашага шчасця? Няхай гэтыя пытанні дапамогуць нам знайсці адказы на нашу веру ў нашай штодзённасці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 16:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.