Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Евангелле малюе нам вобраз Езуса, крыху іншы, чым мы прывыклі бачыць на абразах. У нас можа ўзнікнуць пытанне: чаму Езус так сурова трактуе гэтую жанчыну. Спачатку Ён ігнаруе яе просьбу доўгім маўчаннем, потым на заклік вучняў імкнецца вытлумачыць, чаму абыякавы да просьбы гэтай жанчыны, і ўрэшце непасрэдна ёй дае вельмі балючы каментар да сваіх паводзінаў: “Нягожа забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Напэўна, цяжка сабе ўявіць далікатную ўсмешку або лагодны позірк Езуса ў гэтым дыялогу з ханаанскай жанчынай.
Аднак, дарагія браты і сёстры, толькі ў такіх нетыповых сітуацыях можна яшчэ лепш зразумець і наблізіць да сябе незвычайнасць Асобы і навукі Езуса Хрыста. У сваіх паводзінах Езус не карыстаецца нейкім шаблонам у адносінах да людзей, але ў кожнай сітуацыі, у залежнасці ад абставінаў ці акалічнасцяў і таксама ад самога чалавека, яго стылю жыцця, перадае праўду і глыбіню Божай любові. Езус пэўным чынам правакуе сваіх суразмоўцаў, каб яны гэтую праўду і Божую любоў адкрылі самі. Праўда заўсёды выйдзе на першы план, гэта толькі справа часу, нават калі яна цяжкая для прыняцця або для таго, каб яе прызнаць.
Мае дарагія, без праўды няма і любові. А павярхоўная любоў, у якой адсутнічае праўда, - яшчэ горшая, чым адсутнасць любові наогул, таму што ў такой павярхоўнай любові нараджаецца фальшывая або несапраўдная надзея, давер або чаканне. Езус нікога не хоча падмануць, Ён ніколі не дае пустых абяцанняў; калі існуе горкая праўда, то Ён ніколі не заменіць яе на салодкую хлусню. Так адбывалася і ў гэтай евангельскай сітуацыі.
Жанчына з Ханаана была язычніцай, а таму не належала да выбранага народу і месіянскія абяцанні яе не датычылі. Як ведаем, місія выбранага народу была асаблівай, і менавіта на гэтую місію Езус ставіў вялікі націск як у справах веры, так і ў плёнах гэтай веры: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Аднак моцнай веры, якую чакаў Езус ад свайго народу, неаднаразова не хапала.
Вельмі часта для габрэяў яна была толькі тэорыяй і фармалізмам. Язычнікі мелі іншае пачуццё веры, часамі яно ў іх было вельмі жывым, спантанным і дынамічным. У іх веры існаваў давер, была руплівасць, і даволі часта гэтае пачуццё веры ў язычнікаў было трывалым. Толькі не хапала глыбіні і ўласцівага накірунку гэтай веры, а Езус быў менавіта той кропкай, якая магла надаць веры адпаведны вектар. Паколькі жыхары Ханаана былі вядомыя сваім ідалапаклонніцтвам і магічнымі культамі, Езус не мог адразу выканаць просьбу гэтай жанчыны. Ён зусім не прыніжае годнасць яе асобы або ўсяго ханаанскага народу, але дае суровы напамін адносна рэлігійнага культу. Езус не хацеў, каб гэтая жанчына трактавала Яго як аднаго з чарадзеяў ці магаў. Ён зусім іншы, а таму для гэтага цуду патрэбна моцная вера, а разам з ёй моцная пакора. Гэтаму нас сёння вучыць Езус: мець моцную веру, быць трывалым у сваёй просьбе, а для гэтага патрэбна пакора і ўменне чакаць столькі, колькі трэба.
Сучасны чалавек не любіць чакаць. Вельмі часта ён жадае атрымаць усё і адразу. А такая пастава супярэчыць пакоры. Без трывалай пакоры няма моцнай веры. Вельмі часта праз розныя складаныя або нетыповыя сітуацыі, якія сустракаюцца ў нашым жыцці, Бог жадае навучыць нас пакоры або жадае, каб мы маглі яе праявіць. Так, як праявіла пакору ханаанская жанчына. Бо толькі ў такіх сур'ёзных сітуацыях мы можам даведацца, маем гэтую пакору ці не.
Мы можам падумаць, што ў той жанчыны не было іншага выйсця, як толькі звярнуцца да Езуса, а сітуацыя з апантанай дачкой узяла яе ў пятлю. Але гэта зусім не так: калі б у яе не было пакоры, яна даўно б адышла і шукала дапамогі дзесьці ў іншым месцы. Аднак яна верыла, што Езус не проста чалавек, што Ён здольны пачуць яе малітвы, а яна гатовая чакаць столькі, колькі будзе трэба. Езус не мог не заўважыць яе моцнай веры, яе пакоры, яе цярплівасці. Напэўна, Езус як чалавек быў вельмі здзіўлены паставай гэтай жанчыны, бо ўсклікнуў: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш!»
Умілаваныя ў Хрысце! Сённяшняе Евангелле — гэта наглядны прыклад, якім чынам Бог вучыць нас пакоры і жадае ад нас веры. Вельмі добра, калі ў падобнай сітуацыі Бог убачыць нашу веру, бо толькі яна здольная скіраваць кожную нашу малітву, кожную просьбу, усялякае наша прагненне непасрэдна да Яго. Асабліва калі гэта будзе просьба аб дапамозе ў складанай жыццёвай сітуацыі. І такая вера, насычаная і падмацаваная пакорай, становіцца шляхам збаўлення, якое рэалізуецца ў Езусе Хрысце.
Напэўна, і мы ў сваім жыцці неаднойчы перажывалі драматычныя сітуацыі, у якіх мы або нашыя блізкія патрабавалі ратунку, можа, доўгі час прасілі Езуса аб вырашэнні многіх уласных справаў. Магчыма, мы не адчувалі нейкіх істотных перамен у жыцці або нам здавалася, што наша малітва не пачутая Богам. Дарагія! Важна не разгубіцца ў жыцці, не расчаравацца той рэальнасцю, у якой знаходзімся і якую перажываем. Галоўнае - напоўніць яе вераю, як зрабіла гэтая ханаанская жанчына, і цярпліва чакаць. Бо трывалая пакора і моцная вера — здольныя ўразіць Бога, а гэта прывядзе да таго, што і мы калісьці ў глыбіні свайго сэрца пачуем: «Вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|