Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХІ Звычайную нядзелю (24 жніўня)
Нядзельнае казанне
22.08.2014 12:37

Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус задае сваім вучням правакацыйнае пытанне: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Адказ пачуў неадназначны, бо адны лічаць Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, а яшчэ іншыя - Ераміяй або адным з прарокаў. Пачуўшы гэта, Езус паўтарае пытанне, толькі звяртаецца з ім непасрэдна да сваіх вучняў: «А вы кім лічыце Мяне?»

Нас можа зацікавіць, навошта Езус задае ім гэтае пытанне - хіба і так ведае іх адказ. Напэўна, вучні ўжо паспелі ўбачыць шмат знакаў і цудаў, якія здзейсніў Езус, былі сведкамі шматлікіх аздараўленняў, якія здзяйсняў іх Настаўнік, сведкамі цуду памнажэння хлеба, бачылі, як Ён крочыў па Галілейскім возеры. І вось настаў той момант, каб усе гэтыя падзеі старанна паўкладаць і зразумець, кім жа насамрэч з'яўляецца іх Настаўнік з Назарэта.

Вельмі часта здаралася так, што пэўныя пытанні цікавілі вучняў, толькі яны саромеліся спытацца. Магчыма, і гэтая сітуацыя была падобнай, і тады Езус сам кіруе да іх гэтае пытанне. Голас бярэ апостал Пётр, які адназначна адказвае: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Гэта быў не проста адказ, але вызнанне веры, якое Пётр выказаў ад імя ўсіх вучняў. Таму гэтае пытанне, якое Езус ім задаў, не было з мэтай заспакоіць цікавасць, але для таго, каб закласці падмурак Касцёла на веры апостала Пятра, які вызнае гэтую веру ад імя ўсёй супольнасці вучняў. Менавіта таму Езус звяртаецца да Пятра: «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго».

З падобным пытаннем Езус звяртаецца да кожнага чалавека, які шукае Бога ў сваім жыцці. У розных людзей існуе розны падыход да разумення Бога, да таго, кім Ён з’яўляецца. Для адных Ён толькі гіпотэза, якая тлумачыць шмат з’яваў у жыцці чалавека і таксама ў сусвеце. Для іншых  Бог - гэта далёкая рэчаіснасць, якая не мае істотнага ўплыву на нашае жыццё. І такія людзі часта трактуюць Бога як нейкую далёкую зорку ў бязмежнай касмічнай прасторы. Вядома ж, што яна існуе і можна пры дапамозе тэлескопа бачыць яе, можна шмат даведацца на гэтую тэму пры дапамозе падручнікаў, навуковых праграм, астранамічных даследванняў ці энцыклапедый і г.д., але мільёны людзей на зямлі паміраюць, нічога не ведаючы пра планеты, зоркі і космас наогул. Ёсць тыя, для каго Бог – такая вельмі далёкая рэчаіснасць, якая не мае ніякага ўплыву і дзеяння на чалавека. Яны толькі вераць, што Ён існуе.  Значна больш іх можа цікавіць сусед, які жыве за сценкай, чым Бог і Яго таямніца.

А яшчэ для іншай катэгорыі людзей Бог - гэта штосьці накшталт сонца, а яны жывуць у яго бляску, ведаюць вартасць святла і цяпла. І, хоць могуць зведваць у сваім жыцці доўгія ночы і цемру, але свядомасць таго, што некалі дачакаюцца цёплага сонечнага надвор’я, дазваляе ім перамагчы буры і непагадзь. Такі падыход да Бога робіць веру жывой, дае чалавеку моц  і святло. Але ўсё роўна Бог гэты высока на небе, а чалавек нізка на зямлі. І дзейнічае Ён, нібы промні сонца, а чалавек, жывучы на зямлі, толькі цешыцца гэтымі промнямі.

Дарагія! Пераломным момантам у развіцці веры з’яўляецца адкрыццё Бога, які побач, які з намі супрацоўнічае. Ён блізка нас, плячо ў плячо, каб быць з намі, у нашым штодзённым жыцці, каб разам з намі вырашаць усе важныя праблемы. Гэтае адкрыццё веры з’яўляецца ў той момант, калі перада мною ўзнікае сітуацыя, якую я ўласнымі сіламі вырашыць не магу. Яна перарастае мае чалавечыя магчымасці. Перада мною пастаўлена нейкае заданне, а паколькі, па-чалавечы кажучы, гэта амаль немагчыма, то трэба выконваць гэтае складанае заданне, верачы, што Бог мне дапаможа і я ўсё рэалізую, як бы дзіўна і складана гэта мне ні здавалася.

Гэта штосьці даобнае да таго, як калі, напрыклад, чалавек хоча перанесці цяжкую бэльку. Самому падняць і несці яе няпроста, і таму ён просіць Бога, каб узяў бэльку з другога канца. Верачы ў гэта, ён узнімае бэльку і, хоць не бачыць Бога, але дасканала адчувае, што Ён разам з ім нясе гэты цяжар. Гэта сяброўскі давер да Бога. Бо сяброўства заўсёды звязана з супрацоўніцтвам, гэта значыць быць заўсёды разам, а не паасобку. Сапраўдны сябар гатовы падтрымаць у любой сітуацыі.  І ў жыцці кожнага з нас гэтым сапраўдным сябрам заўсёды ёсць Бог і нашыя бліжнія, якія нас любяць.

Адзін святар ведаў маладую сям’ю, у якой было двое малых дзяцей. Гэтая сям'я ледзь зводзіла канцы з канцамі. Жылі яны вельмі бедна. Сям'я чакала, пакуль жонка выйдзе на працу пасля дэкрэтнага адпачынку. Праз нейкі час яны даведваюцца, што пад яе сэрцам заіснавала яшчэ адно жыццё. І ў сям’і адразу з’яўляецца страшная спакуса забіць гэтае жыццё перад нараджэннем, здзейсніць аборт. Сям’я з болем і цяжкасцю перажывае тыя дні складаных выпрабаванняў, і заканчваюцца яны канкрэтным рашэннем мужа, які кажа жонцы: народзіш дзіця, аб астатнім хай Бог клапоціцца.
 
З той пары прайшло нямала часу. Сёння гэта шчаслівая сям’я, якая разам часта шпацыруе. І муж часта ўспамінае гэтыя цяжкія моманты, кажучы: «Мы з жонкаю разважаем пра гэтыя нялёгкія падзеі, якія адбыліся ў нашым жыцці. Але з таго моманту шмат чаго змянілася. Мы пачалі апекавацца старой цёцяй і за апеку над ёй атрымалі жыллё. Я сам змяніў працу і знайшоў вельмі шмат добрых сяброў. У жонкі таксама выдатная праца. Шчыра дзякуем за гэта Богу!» Калі святар пачуў гэтыя словы, то адказаў ім, што, прымаючы гэтае дзіця, яны прынялі самога Бога ў сваё жыццё, і з таго моманту Ён супрацоўнічае з імі і з’яўляецца іх найлепшым сябрам.

Умілаваныя ў Хрысце! Апосталы да моманту спаслання Духа Святога мелі шмат планаў і перспектыў, але, адчуваючы сваю чалавечую абмежаванасць, увесь той час сядзелі поўныя боязі ў закрытым памяшканні. Гэта не было дрэнным, бо тыя перажыванні іх ядналі, але ўсё ж яны не маглі ўпоўні выконваць сваю апостальскую місію. І толькі з моманту, калі далучылі свае сілы да Бога, пачалі з Ім супрацоўнічаць, то здзейснілі такія справы, з якіх самі былі здзіўлены. Для кожнага веруючага, для нас з вамі Бог - гэта не гіпотэза, не нейкая аддаленая, быццам зорка, рэчаіснасць, нават не сонца на небе, але сапраўдны Сябар, дзякуючы якому можам зразумець, чым ёсць сяброўства і любоў насамрэч. Таму Езус сёння пытаецца ў кожнага з нас: «Кім ты лічыш Мяне?» Які адказ мы дадзім на гэтае пытанне – залежыць ужо толькі ад нас. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 16:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.