Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус вучыць нас, што мы павінны маліцца і быць трывалымі ў нашай малітве. «Калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». Але якой павінна быць наша малітва і чаго ад нас чакае Езус?
Бывае, што наш асабісты досвед малітвы неаднойчы выглядае калі не марна, дык вельмі мізэрна. Мы часта молімся: аб здароўі, аб вызваленні ад залежнасці ці дрэнных звычак, аб паляпшэнні матэрыяльнага становішча, аб згодзе ў сужэнстве – і нічога не атрымліваецца. Молімся нават доўгі час, а адказу ўсё няма.
Колькі людзей у падобнай сітуацыі перастала верыць у Божую любоў, ды і наогул у існаванне Бога! Няўжо Езус Хрыстус забыўся аб сваіх абяцаннях? А можа, гэта мы не да канца разумеем сутнасць Божага закліку да малітвы і не здольныя па-сапраўднаму маліцца?
Калі ў сваім жыцці мы практыкуем малітву, то можам заўважыць, што малітва мае ў сабе функцыю абароны перад нейкім праціўнікам. Калі казаць дакладна, гэты праціўнік - злы дух, айцец падману і хлусні, дэман зла. Яго справай ёсць грэх з усімі яго наступствамі: смерцю, цярпеннем, слабасцю чалавечай натуры, падатлівасцю на спакусы, схільнасцю да зла і гэтак далей. Чалавек, пакінуты сам-насам з гэтым, не мае ніякіх шансаў на перамогу ўласнымі сіламі, у змаганні з шатанам і грахом. Таму патрабуе апекі і абароны з боку Таго, хто здольны перамагчы ўсялякае зло. А перамагчы зло па-сапраўднаму можа толькі Бог.
Іншы аспект малітвы, які можам заўважыць, – гэта наша вечнае збаўленне. І гэта павінен быць галоўны прадмет нашай малітвы і нашых памкненняў, духоўных намаганняў. Збаўленне не знаходзіцца ў дыяпазоне нашых натуральных здольнасцяў. Яго мы можам атрымаць толькі ў якасці дару самога Бога. А каб гэты дар прыняць, неабходна пастава пакоры, значыць прызнанне сваёй уласнай слабасці, а таксама поўнага і безумоўнага даверу і аддання свайго лёсу ў Божыя рукі. Такую інтэнцыю і просьбу Бог ніколі не адкідвае, але прыслухоўваецца да яе і гарантуе яе толькі тым, хто захоча яе прыняць праз веру.
І тут можам прыйсці да высновы, чаму так шмат малітваў, якія мы ўзносім, не прыносяць вынікаў. Па-першае, мы просім аб тым, што другапланавае, а часамі нават аб тым, што можа пакрыўдзіць Божую любоў. Бо, калі Бог хоча нам даць у дары самога сябе, а гэта раўназначна збаўленню, то не годна прасіць Яго аб нейкіх дробязях, нават калі яны здаюцца нам вельмі важнымі і жаданымі.
Канешне, прыдзе той час, калі тыя нашы дробязі вырашацца самі па сабе. Мы станем на шлях збаўлення, а праз гэта, напэўна, зменім свой стыль жыцця, дапасуем яго да патрабаванняў Евангелля, і пэўныя праблемы, якія нам раней здаваліся невырашальнымі, знікнуць самі па сабе.
Па-другое, у нашым жыцці часта не хапае моцнай, грунтоўнай веры, а праз гэта - асабістай сувязі з Богам. А заключаецца яна ў тым, што калі мы на малітве пазнаем Бога асабіста, то таксама можам распазнаць Яго волю і быць гатовымі, каб яе дапасаваць да свайго жыцця і верна яе выконваць. Калі так зробім, то заіснуе згода паміж нашымі мэтамі і мэтамі малітвы. Апрача гэтага, згодныя з Божай задумай, нашы мэты дазволяць нам трывала крочыць шляхам збаўлення.
Але гэта ўсё толькі ў выпадку нашай веры. Калі мы яе занядбаем, нашы адносіны да Бога істотна зменяцца, а нашы жыццёвыя мэты будуць падпарадкаваны розным зямным вартасцям і каштоўнасцям - такім, напрыклад, як грошы, слава, добрая пасада, грамадскі статус і іншыя. А ў пагоні за імі існуе небяспека згубіць самае каштоўнае і дарагое - самога Бога, а праз гэта - вечнае жыццё.
Дарагія! Менавіта гэта непакоіць нашага Збаўцу Езуса Хрыста, і таму Ён заахвочвае нас да малітвы, як мы чуем у сённяшнім Евангеллі, - да малітвы супольнай. Ці знойдзем веру, гэта значыць ці мы будзем гатовы даверыцца Богу ў кожнай сітуацыі, даверыць Яму наша мінулае, сённяшняе і будучыню? Гэта пытанне, на якое нам трэба шукаць адказ усё наша жыццё. Бо без веры не атрымаем вечнага жыцця, нават калі б мы здабылі самы каштоўны скарб свету. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|