Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на свята Узвышэння Святога Крыжа (14 верасня)
Нядзельнае казанне
12.09.2014 12:51

Святы Тамаш з Аквіна калісьці сказаў: ”Хрыстус, церпячы пакуты, а таксама паміраючы на крыжы, заплаціў доўг Адама, вярнуў доўг грэшнага роду людскога больш, чым было гэта патрэбна”.

Дарагія браты і сёстры! Сёння, святкуючы Узвышэнне Святога Крыжа, мы з вамі сузіраем таямніцу нашага збаўлення, таямніцу і сімвал нашай хрысціянскай веры, якім з’яўляецца Крыж Хрыста. Тое, што у эпоху Рымскай імперыі было ганебным смяротным пакараннем, дзякуючы любові Езуса і Яго ахвяры стала славай і гонарам.

Святы Павел у Пасланні да Галатаў сцвярджае: “Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Пана Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я - для свету”. Таму Крыж Хрыста мае ў сабе таямніцу як цярпення і болю, так і трыумфу і перамогі.

Умілаваныя! Калі глядзім на свет, у якім жывем, то бачым у ім столькі цярпення, болю, несправядлівасці; так шмат войнаў, хваробаў, голаду, смерці… І адразу ў нашых сэрцах узнікае пытанне: навошта? Ці Бог гэтага не бачыць?  А як быць з Яго міласэрнасцю і справядлівасцю?

Справа ў тым, што недахоп нашай веры спрыяе росту пэўнага роду бунту ў нашым сэрцы, калі бачым падобныя з’явы, асабліва калі яны непасрэдна ўваходзяць у нашае жыццё і датычаць канкрэтна нас або нашых родных. Напрыклад, цярпенне або смерць блізкага чалавека. Падобныя трагічныя жыццёвыя выпрабаванні не ўсе людзі здольныя пакорна і адэкватна перанесці. Многія, зведаўшы такія выпрабаванні, адвярнуліся ад Бога, прыпісваючы непасрэдна Яму віну ў нейкай асабістай трагедыі або цяжкіх жыццёвых абставінах.

Сённяшняе свята адкрывае перад намі таямніцу як крыжа Хрыста, так і кожнага цярпення ў нашым жыцці. Не заўсёды гэтае цярпенне звязана з нашай несправядлівасцю ці нейкай асабістай віною перад Богам і іншымі людзьмі. Напэўна, мы не з’яўляемся нейкімі падвопытнымі суб’ектамі, на якіх Бог эксперыментуе, спасылаючы цяжкасці і выпрабаванні.

Канешне, калі мы не жывем паводле Божых запаведзяў, калі ігнаруем Божую дапамогу ў жыцці, калі лянуемся ажыўляць сваю веру праз малітву, адпаведны стыль жыцця, праз учынкі міласэрнасці, то нават падсвядома мы чакаем гэтага Божага пакарання. Але як быць у такой сітуацыі, калі чалавек рупліва выконвае ўсё, што можа, з любоўю ў сэрцы, каб жыць па-Божаму, і раптам у яго жыццё ўваходзіць нейкая трагедыя, - як тады гэта разумець? Як пакаранне?!

Мае дарагія! Таямніца Крыжа, якую сёння нам паказвае Езус, сведчыць аб тым, што цярпенні ў нашым свеце існуюць не толькі як кара за нашыя грахі, але і як праяўленне недасканаласці гэтага свету праз першародны грэх, у выніку чаго чалавек церпіць не заўсёды па сваёй віне. Аднак дзякуючы ахвяры Езуса Хрыста кожнае людское цярпенне мае вельмі глыбокі сэнс па прычыне з’яднання з цярпеннямі Хрыста.

Мы, веруючыя, маем магчымасць далучыць свае цярпенні да Хрыстовага Крыжа, праз што разам з Хрыстом удзельнічаем у адкупленні, якое Ён здзейсніў дзеля нас, якія гэтага не заслугоўваем. Аднак з’яднацца з Хрыстом у гэтым цярпенні можна толькі праз веру. Бо калі яе няма, мы будзем падобныя да тых, хто стаяў ля крыжа паміраючага Збаўцы і крычаў: “Калі Ты Сын Божы, збаў сябе і сыдзі з Крыжа, толькі тады паверым у Цябе”. Гэта, інакш кажучы, акламацыя маладушнасці і бязвер’я.

Толькі таямніца крыжа і наш чынны ўдзел у ёй можа з нас зрабіць сапраўдных вучняў Хрыста: “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем”, - кажа Езус.

Калі мы глядзім на крыж, то бачым выцягнутыя рукі нашага Збаўцы, любоў якога вечная і безумоўная. Ён прабачае сваім ворагам і абяцае вечнае жыццё грэшнікам, якія каюцца. Крыж з'яўляецца важным сімвалам для веруючага хрысціяніна, бо менавіта ён перамог смерць, знішчыў грэх Адама, зруйнаваў пекла, даў сілы, каб узнесціся над штодзённасцю, перамагчы смерць і стаць удзельнікам уваскрасення. Крыж адчыніў перад намі брамы раю і ўчыніў нас Божымі дзецьмі.

Крыж Хрыста для нас, мае дарагія, велічны і каштоўны. Велічны – бо праз яго мы атрымалі шмат дабротаў. Каштоўны – бо з'яўляецца знакам мукі і адначасова трыумфу Бога. Бо гэта Хрыстовы крыж паспрыяў таму, што перамог грэх, шатана, пекла і смерць. А для ўсяго свету стаў паўсюдным знакам збаўлення.

Мае дарагія, тагачасны свет, зрэшты як і свет цяперашні, шукаў і надалей шукае месію без крыжа, месію, які нічога не патрабуе, а толькі гатовы выконваць усялякае жаданне. Свет шукае такога месію, які будзе прыносіць поспех і дабрабыт. Такі месія-талісман, але зноў жа ў гэты вобраз месіі не ўпісваецца крыж. Аднак апостал Павел кажа ў Першым Пасланні да Карынцянаў, што Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных… Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які (…) Божая моц і Божая мудрасць”.

Таямніца крыжа  -  гэта ў першую чаргу таямніца любові, а затым толькі таямніца цярпення. Гэтая таямніца актуальная і ахоплівае асобу Збаўцы, які складае ахвяру на Крыжы, ахвяру Айцу з сябе, аказваючы Яму сыноўнюю любоў і паслухмянасць. Толькі дзякуючы любові дасканала рэалізуецца цнота паслухмянасці. Яна ўжо становіцца не толькі звычайнай паслухмянасцю запаведзям Бога – але гэта зусім новая паслухмянасць, якая пераўзыходзіць звычайную. Калі паслухмянасць перажываецца ў таямніцы Крыжа і ажыўляецца любоўю, то такая паслухмянасць набірае новы, больш глыбокі змест, яна ўжо становіцца не толькі звычайнай чалавечай цнотай паслухмянасці, але цнотай Божай, цнотай самога Хрыста. Паглядзіце: праз паслухмянасць мы можам наследваць самога Хрыста, Яго Крыж.

Умілаваныя браты і сёстры! Менавіта любоў дазваляе перажываць жыццёвы Крыж пазітыўна, па-Божаму, і гэтыя перажыванні робяць нашае сэрца мяккім, нашую чалавечую натуру больш шляхетнай, больш уражлівай на патрэбы і цярпенні іншага чалавека. Дзякуючы любові таямніца Крыжа для нас становіцца таямніцай надзеі, а не роспачы. Сёння Хрыстус вучыць нас на сваім уласным прыкладзе, што няма перамогі без змагання, няма цудаў без веры, як няма ўваскрасення без Крыжа.

Няхай сённяшняе свята Узвышэння Святога Крыжа дапаможа нам лепш  засяродзіцца на таямніцы Крыжа Езуса Хрыста як таямніцы любові, а таксама зразумець і прыняць кожнае нашае жыццёвае цярпенне ў духу паслухмянасці Божай волі на ўзор самога Езуса Хрыста. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.