Дарагія браты і сёстры! Вобраз вінаграднікy, які змешчаны ў кнізе прарока Ісаі, сімвалізуе любоў, якой Бог адорвае свой выбраны народ. Езус Хрыстус выдатна выкарыстаў гэты вобраз, рознабакова яго інтэрпрэтуючы, каб адкрыць праўду, якая змешчана ў кнізе Ісаі, адносна ўласных пакутаў і смерці. Аб тым, што менавіта Ён з’яўляецца ахвярай, тым сынам, якога хочуць пазбавіць жыцця ліхія працаўнікі.
У сваёй прыпавесці Езус засяроджваецца не на лёсе вінаграднікy, а на адносінах, якія існуюць паміж гаспадаром вінаграднікy і працаўнікамі. А таксама важным з'яўляецца тое, што працаўнікі аказаліся не толькі несумленнымі, але і вырашылі самі стаць гаспадарамі, забіваючы сына гаспадара.
Давайце звернем нашую ўвагу на літургію слова з самага пачатку. Першае чытанне прыгожа распавядае пра вінаграднік, а псальм працягвае думку першага чытання і з'яўляецца сваеасаблівай малітвай, звернутай да Бога: «Вярніся, Божа Магуццяў, паглядзі з нябёсаў і пабач, і наведай гэты вінаграднік. Захавай тое, што пасадзіла Твая правіца, парастак, які Ты ўмацаваў для сябе». Вобраз вінаградніка заўсёды быў блізкі для Езуса. Нездарма Езус сябе называе вінаграднай лазой. Таму гэты вобраз, які так часта выкарыстоўвае Хрыстус, адкрывае перад намі глыбокі змест словаў Божай праўды. А сённяшняя прыпавесць аб ліхіх вінаградарах з'яўляецца добрай нагодай для нас, каб яшчэ раз паглядзець на сваё жыццё, сваю працу і зрабіць адпаведныя высновы. І тады ў гэтым вобразе, які нам здаецца зразумелым, можам адкрыць нешта новае для сябе, тое, што раней мы, можа, не маглі заўважыць.
Сённяшняя евангельская прыпавесць мае ў сабе два істотныя элементы, якія між сабою пераплятаюцца. Першы — гэта гісторыя выбранага народу, які сам вельмі часта атаясамляўся з вінаграднай галінкай, якую Бог перасадзіў з Егіпта на ўрадлівыя пагоркі Абяцанай Зямлі. Сам Ізраэль з'яўляецца вінаграднікам, а Бог — гаспадар, той, хто даглядае гэты вінаграднік. З сённяшняга псальма чуем, што праца ў вінаградніку нялёгкая. І, нягледзячы на працу і высілак з боку Бога, не заўсёды Яго вінаграднік прыносіў багаты плён, быў час, калі вінаграднік Пана быў бясплодны. Ізраэліты часта бунтаваліся супраць Бога, а Ён павінен быў выхоўваць свой народ, паступаючы з ім справядліва.
У гэтым кантэксце ў кнізе прарока Ісаі напісана: «Чаму я чакаў гронак вінаграду, а ён прынёс дзікія ягады? Цяпер я пакажу вам, што я зраблю з вінаграднікам маім: я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён, знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны. І прывяду яго ў запусценне: не будуць падразаць і ўскопваць яго, і зарасце ён цернем і пустазеллем, і забараню хмарам ліць на яго дождж». Як адзначае прарок, Бог чакаў ад свайго народа справядлівасці і паслухмянасці, а калі нічога не дачакаўся, то спаслаў яму кару, у выніку якой Ерузалем разам са святыняй быў разбураны, а народ трапіў у вавілонскую няволю.
Другі элемент сённяшняй прыпавесці — Вінаграднік як Божае Валадарства. Езус яшчэ больш дакладна тлумачыць архісвятарам і старэйшынам вобраз прарока Ісаі адносна вінаградніку. Праблема не ў самім вінаградніку, як было раней, а ў несумленных працаўніках. Гаспадар не пакіне ўжо свой вінаграднік, але перадасць яго больш адказным вінаградарам. З гэтага вынікае, што будуць зменены не Божыя абяцанні, а іх адрасаты. Божае Валадарства — найпрыгажэйшы і плённы вінаграднік — будзе перададзены іншым людзям. І далей Езус вобразна ўзгадвае пра сваю смерць, якая Яго неўзабаве чакае.
А паколькі так станецца, выбраны народ будзе заменены новым, і гэты новы народ стане спадкаемцам абяцання збаўлення. І гэтыя словы Езуса адносяцца да кожнага з нас. Гэта мы з'яўляемся новымі працаўнікамі Божага вінаградніку. Дзякуючы хросту мы ўвайшлі ў Касцёл — сталі грамадзянамі і працаўнікамі гэтага цудоўнага вінаградніку Пана. У гэтым кантэксце словы Езуса яшчэ мацней прамаўляюць да нас: «Я — вінаградная лаза, вы — галінкі. Хто трывае ўва Мне, той прыносіць багаты плён. Той, хто не трывае ўва Мне, будзе выкінуты прэч, як галінка. і засохне».
Дарагія! Бог ужо не адкіне свайго вінаградніку, бо гэтым вінаграднікам з'яўляецца Яго ўмілаваны Сын Езус Хрыстус. Калі мы трываем у Ім, то мы становімся нібы ўшчэпленымі ў Хрыста і ў нас саміх пульсуе жыццё паводле ласкі, таму мы прыносім багаты плён і нічога дрэннага з намі не станецца. Але калі мы вырашым пакінуць вінаградную лазу і адысці, то можам быць упэўнены — нічога добрага мы не сустрэнем, будзем паволі сохнуць, чэзнуць, а гэта ў сваю чаргу пагражае спаленнем — як піша Ян Евангеліст.
Чаму так шмат людзей у наш час, нават маладых, адыходзіць ад Божага вінаградніку, якім з'яўляецца Хрыстовы Касцёл? Чаму ёсць такія людзі, якія лічаць сябе хрысціянамі, але ў жыцці і паводзінах паціху адкідваюць Хрыста і Яго навуку? Выбіраюць для сябе тыя праўды веры, якія лёгка ім даюцца, а тыя, якія ім даюцца цяжка, — не практыкуюць. Часам можам пачуць такія словы: «Я веруючы, толькі непрактыкуючы». Ці таксама: «Я люблю Бога, прызнаю, што Ён існуе, але не згаджаюся з навучаннем Касцёла ў паасобных сферах, напрыклад: эўтаназія, антыканцэпцыя, перадсужэнскія адносіны і г. д».
Умілаваныя! Бог у сваёй дабрыні даў нам усё: пасадзіў нас, нібы вінаграднік, у сваім Касцёле, праз хрост ушчапіў кожнага ў Хрыста і ажыўляе нас сокамі сваёй ласкі, калі мы карыстаемся з сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі. Бог апякуецца намі, як сваім вінаграднікам, клапоціцца, даглядае, але таксама прыходзіць да нас, каб забраць ад нас доўгачаканы плён. Бог пастаянна да нас прыходзіць, хоць мы гэтага, магчыма, не заўважаем, прыходзіць, як гаспадар вінаградніка, каб шукаць пладоў. Калі Ён гэтых пладоў не знаходзіць, мае права такую галінку адрэзаць і выкінуць.
Таму, дарагія браты і сёстры, кожнаму з нас трэба задумацца, магчыма, зрабіць рахунак сумлення, пытаючы ў самога сябе: «Якой галінкай у Божым вінаградніку з'яўляюся я? Якія плады прыношу? Ці аказваю ўдзячнасць Богу за ўсе Ягоныя дары? Наколькі я добры працаўнік у Яго вінаградніку, якім з'яўляецца Касцёл?» На мой погляд, гэтыя пытанні датычаць кожнага з нас без выключэння. Калі я адчуваю, што паволі пачынаю засыхаць, што плады, якія прыношу, падобныя да дзікіх ягад, пра якія піша прарок Ісая, што жыццё паводле ласкі штораз менш ува мне пульсуе, — то калі я нешта падобнае адчуваю, трэба як мага хутчэй штосьці з гэтым рабіць. А наша малітва ў такім стане можа быць падобнай да словаў з сённяшняга псальма: «Захавай тое, што пасадзіла Твая правіца, парастак, які Ты ўмацаваў для сябе. І не адступімся мы ад Цябе, ажыві нас, і мы будзем заклікаць Імя Тваё».
І тут можам прыйсці да высновы. Бог ад нас чакае плёну, падобна як чакаў плёну ад вінаградараў гаспадар вінаградніку з сённяшняй прыпавесці. Можа, мы да канца не разумеем, як гэта — аддаць Богу плён у адпаведны час, але разумеем адно вельмі добра: я павінен Богу штосьці даць, даць тое, што не можа яму даць няверуючы чалавек, даць тое, што ў мяне ёсць, дзякуючы таму, што я працую ў Божым вінаградніку, у Касцёле, праз маю веру. Калі я належу да Касцёла, калі карыстаюся з Божай ласкі, з веры, у якой трываю і якой жыву, то мне трэба з гэтага штосьці аддаць Богу, пэўную частку таго, што я ад Яго атрымоўваю, — гэта выраз маёй падзякі і справа шчырасці і справядлівасці. Паколькі ў мяне ёсць вера, супакой сэрца, шмат сяброў і знаёмых, то з усяго гэтага мне трэба штосьці аддаць Богу. І пытанне, якое ставіць мне сённяшні фрагмент Евангелля, з'яўляецца ключавым: «Што я аддам Богу сёння, ці на гэтым тыдні, ці ў бліжэйшы час?» Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|