Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Літаральна некалькі дзён застаецца да святаў Божага Нараджэння, калі мы станем сведкамі таямніцы прыйсця ў гэты свет Божага Сына. Як ізраэльскі народ з прагненнем чакаў Месію Збавіцеля, так і мы прагнем праз адвэнтавае чаканне быць падобнымі да тых верных людзей, якія цярпліва чакалі Эмануэля і змаглі распазнаць знакі часу ў сваім жыцці. Таму заахвочваю сябе і вас, дарагія браты і сёстры, гэты кароценькі час чування, які перад намі застаўся, выкарыстаць максімальна інтэнсіўна, каб добра падрыхтавацца да святаў не толькі ў фінансава-матэрыяльным плане, але перадусім духоўна.
З гэтай нагоды хачу разам з вамі паразважаць над пачутым Божым словам, каб яно трапіла ў нашыя сэрцы і прынесла багаты плён адвэнтавага чакання. Кожны раз, калі мы слухаем Божае слова, сам Хрыстус прамаўляе да нашых сэрцаў. Ён корміць нашую душу збаўчым пасілкам свайго слова. Яно здольнае перамяніць нашае жыццё, калі толькі мы гэтага жадаем і калі мы адпаведна гатовыя прыняць перамены ў сваім жыцці.
Першае чытанне з Другой кнігі Самуэля адкрывае перад намі словы прароцтва, якое атрымаў ад Бога Натан. Ён быў пасланы да караля Давіда, каб перадаць волю Бога адносна пабудовы святыні, бо Давід меў намер пабудаваць святыню для Пана: маўляў, як гэта можа быць, што я сам жыву ў кедравым доме, а Божы каўчэг знаходзіцца ў нейкім звычайным шатры.
Задумка Давіда была добрай. Нават сам прарок Натан хваліць гэтае рашэнне, кажучы: «Ідзі, зрабі ўсё, што ў сэрцы тваім, бо Пан з табою». Здаецца, добры, шляхетны намер Давіда, і Пан Бог павінен быў паспрыяць гэтаму. Аднак воля Бога была іншай: «Ці ты збудуеш Мне дом для Майго жылля?» - на наступны дня перадае словы Пана прарок Натан. Не Давід збудуе святыню для Пана, але яго патомак. І насамрэч праз пэўны час была пабудавана святыня для Пана, які дагэтуль прабываў у шатры. Пабудаваў яе кароль Саламон, які вылучаўся асаблівай мудрасцю і разважлівасцю, якую выпрасіў у Бога.
Умілаваныя! Калі мы больш уважліва прыслухаемся да словаў першага чытання, то ў прароцкай мове Бога да Натана можам заўважыць больш глыбокі змест, які сягае значна далей за час караля Саламона, пры панаванні якога была пабудавана Ерузалемская святыня. На самой справе Натан тут становіцца вестуном месіянскай эпохі. Ён перадае пачутыя ад Бога словы каралю Давіду, якія да канца не адносяцца да асобы караля Саламона: « ...тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства (...) і трон твой будзе ўмацаваны навекі». Як бачым, прарок Натан абвяшчае Давіду прыйсце Месіі, нараджэнне Збаўцы, які ўмацуе сваё валадарства, несучы свету паяднанне і супакой.
У сваю чаргу Давід, які вельмі шмат ваяваў, не мог пабудаваць святыню Пану нават з маральнага пункту гледжання: бо шмат крыві было на яго руках. Патрэбны быў час супакою і стабільнасці, які рэалізаваўся, калі каралём выбранага народу стаў Саламон, сын Давіда. Як бачым, не ўсе планы чалавека супадаюць з Божымі планамі, нават калі нашыя людскія планы здаюцца нам добрымі. Бог бачыць намер Давіда, аднак праз гэта хоча адкрыць пэўную таямніцу, што прыйдзе час, калі Патомак Давіда будзе магутным валадаром і Яго валадарства будзе трываць вечна. Не як звычайнае валадарства, кароль якога так ці інакш памірае. Але валадарства Патомка Давіда будзе вечным і непрамінальным. Таму яно не знікне ніколі. У перспектыве валадарства Месіі-Караля будзе мець універсальны характар, бо да Яго прыйдуць усе народы зямлі.
Калі ўзгадаем жыццё і дзейнасць Езуса Хрыста, то можам прыпомніць шмат момантаў, калі Яго называлі Сынам Давіда. Неаднойчы сляпыя і нямоглыя людзі, маючы моцную веру і не баючыся наракання натоўпу, выкрыквалі моцныя рашучыя словы просьбы: Езу, Сыне Давіда, змілуйся над намі! Таксама і сам Езус будзе атаясамляць сябе з Ерузалемскай святыняй, калі скажа: збурыце гэтую святыню, і Я адбудую яе за тры дні.
Дарагія! Словы прарока Натана з’яўляюцца своеасаблівым абвяшчэннем будучага нараджэння Месіі і пераклікаюцца з сённяшнім Евангеллем, дзе таксама ідзе гаворка аб нараджэнні Месіі, толькі гэтую вестку прыносіць не чалавек, а анёл. І адрасатам гэтай весткі становіцца не нейкі магутны вяльможа, як некалі кароль Давід, але простая, сціплая габрэйская дзяўчына Марыя, якая на той час была заручана з Юзафам. Напэўна, прывітанне анёла Габрыэля было не штодзённай падзеяй, таму напачатку гэта збянтэжыла і нават крыху спалохала Дзеву Марыю. Але анёл Яе супакойвае, прыносячы добрую вестку: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».
Паглядзіце, наколькі Бог праўдзівы ў сваіх абяцаннях і як дакладна аб гэтым паведамляе Святое Пісанне. Падобныя словы некалі казаў Давіду прарок Натан, а зараз іх мы чуем у крыху іншай форме з вуснаў анёла Габрыэля. Вось надыйшоў менавіта той час, якога так доўга чакаў ізраэльскі народ, — нараджэнне Месіі блізка, а значыць блізка нашае збаўленне.
Умілаваныя ў Хрысце! Мы таксама чагосьці ўсцяж чакаем у жыцці, кудысьці імкнемся, жадаем чагосьці, і тады час ляціць вельмі хутка, а розныя цяжкасці на сваім шляху мы мужна пераадольваем, бо нас акрыляюць нашая надзея і чаканне. Яны даюць нам сілу. Падобна і ў духоўным жыцці: калі мы злучаемся ў чаканні і малітве з Богам, то Ён дае нам патрэбныя сілы, каб гэтае чаканне рэалізаваць.
Вобраз Дзевы Марыі ў сённяшнім Евангеллі - гэта вобраз пакорнай слугі Пана, якая дасканала перажывала свой адвэнт, сваё чаканне і не затрымала гэты час толькі для сябе, але падзялілася з намі. Таму ад Марыі мы можам браць прыклад сапраўднага чування, прыклад пакоры і моцнага даверу Богу. Калі мы пачнем наследваць цноты Божай Маці, то без сумніву будзем здольныя паўтарыць Яе словы, калі Бог звернецца да нас са сваёй прапановаю ў нашым жыцці. Нас не будуць палохаць цяжкасці, не будуць турбаваць акалічнасці, сярод якіх нам прыйдзецца выканаць Божую волю, але мы і словам, і чынам адкажам так, як Марыя: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|