Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на Папяльцовую сераду (18 лютага 2015 г.)
Нядзельнае казанне
17.02.2015 11:02

«Сёння не рабіце жорсткімі вашыя сэрцы, але слухайце голас Пана».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння чарговы раз у нашым жыцці распачаўся Вялікі пост. Бачым, напэўна, як змяняецца знешняя атмасфера, якая спадарожнічае гэтаму перыяду.

Але, мае дарагія, змяняюцца не толькі дэкарацыі і колер літургічнай вопраткі святароў — змяняецца нешта большае, што ёсць глыбока ўнутры нас. А менавіта стан нашай душы, якая асабліва зараз прагне схіліцца ў пакоры перад Богам. Бо на самым пачатку гэтага Вялікага посту Бог звяртаецца да нашых сэрцаў з заклікам: «Навярніцеся, каб наблізіцца да Мяне! Станьце на просты шлях, які вядзе да збаўлення!» Бог ясна выражае сваю волю праз словы Святога Пісання: «Не хачу смерці грэшніка, але каб ён навярнуўся і жыў».

Толькі калі я пакаюся і вярнуся на шлях веры, я прыму збаўчую прапанову Бога. А дзеля таго, каб навяртанне было сапраўдным, каб я мог яго насамрэч перажыць, патрэбны пост. Патрэбна маё жаданне і рашучасць, каб пост не быў толькі павярхоўным дзеяннем, але каб ён ахопліваў мяне цалкам, усе сферы маёй асобы і ўсё маё жыццё.

Праз прарока Ёэля Бог падкрэслівае, што пост, плач і галашэнне — тыя сродкі, якія нас могуць наблізіць да сапраўднага навяртання. Але! «Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне!» Пасціце сэрцам, а не напаказ. Няхай пост будзе сур’ёзнай унутранай паставай сэрца, а не павярхоўным дзеяннем.

Мае дарагія! Шлях навяртання – гэта шлях паяднання з Богам і бліжнімі. Гэта калі я стаю ў праўдзе перад сабою: перад сваімі думкамі і словамі, перад сваімі здзейсненымі ўчынкамі, каб даць сабе аб’ектыўную ацэнку, каб убачыць сябе з боку. Кім я ёсць. Хто я для Бога, а хто я для майго бліжняга. І калі я добра адкажу на гэтыя пытанні, то шмат змагу змяніць не толькі ў сваім жыцці, але і ў самім сабе.

Вялікі пост – гэта чарговы шанс для кожнага з нас. Шанс яшчэ раз усё пераасэнсаваць, зрабіць цэласны рахунак сумлення, а гэта ў сваю чаргу дапаможа нам лепш зразумець сваё месца ў гэтым жыцці: што рабіць, каб сваё жыццё зрабіць лепшым.

Усе пакутныя практыкі — гэта толькі сродак, каб лепш зразумець самога сябе ў святле веры. Самі па сабе гэтыя нашы велікапосныя пастановы не маюць істотнага значэння, калі робяцца без канкрэтнай мэты. Калі ж мы посцім з пэўнымі інтэнцыямі і мэтамі, то перад намі адкрываецца магчымасць наблізіцца да Бога і лепш зразумець сябе і іншага чалавека.

Папа Бэнэдыкт ХVI калісьці адзначыў, што збаўчая ініцыятыва паходзіць ад Бога, ад Яго ласкі, ад Яго прабачэння, якое чалавек прымае ў веры. Гэтая ініцыятыва не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, але спрыяе ўчынкам міласэрнасці, якія «з’яўляюцца плёнам намаганняў чалавека і прычынай радасці, але ўчынкі міласэрнасці нараджаюцца з самой веры, узнікаюць з ласкі, якую Бог дае шчодра». Вера без учынкаў — гэта як дрэва без пладоў: гэтыя дзве цноты ўзнікаюць адна ад адной. Такім чынам Вялікі пост заклікае нас да таго, каб мы умацоўвалі веру праз уважлівае і доўгае слуханне Божага слова і праз удзел у сакрамэнтах. Бо, каб прыняць Божае слова, нам трэба спачатку над ім паразважаць, а дзеля гэтага неабходна яго ўважліва слухаць.

Мае дарагія! Роля посту вялікая, але Езус у Евангеллі таксама перасцерагае нас ад павярхоўнасці посту. Бывае так, што мы выконваем пабожныя чыны аўтаматычна або, што яшчэ горш, каб паказацца перад іншымі людзьмі. Каб мой сусед або суседка бачылі маю пабожнасць, што знешне я лепшы за іншых: бо я даўжэй стаю на каленях у касцёле, больш малітваў чытаю, у кожнай кішэні ў мяне па ружанцу. Але дастаткова толькі мяне, такога пабожнага, зачапіць, мая пабожнасць кудысьці бясследна знікае.

Дарагія браты і сёстры! Няхай Вялікі пост стане для нас глыбокім унутраным перажываннем, а не знешняй практыкай, каб кожны з нас у святле веры адчуў сваё месца і вартасць у гэтым свеце. Каб мы адчулі сваю унікальнасць, заснаваную на годнасці Божых дзяцей. А ўсё тое, што адбываецца навокал нас, не з’яўляецца толькі сляпым і бессэнсоўным выпадкам лёсу. Бо наш лёс і жыццё знаходзяцца ў руках Бога, які ёсць нашым любячым Айцом. А дзякуючы веры мы можам гэтую праўду адкрыць для сябе зноў. Для гэтага і патрэбны спрыяльны перыяд, якім  з’яўляецца час Вялікага посту.

Праз хвіліну адбудзецца абрад пасыпання галоваў попелам. Гэта знешні знак унутранай паставы сэрца, зместам якой ёсць маё асабістае пакаянне і прыніжэнне перад Богам. Мы пачуем словы «Кайцеся і верце ў Евангелле!», у якіх заключаецца праграма нашага жыцця, пачынаючы ад сённяшняга дня праз увесь перыяд Вялікага посту і таксама на далейшы час нашага жыцця. Бо маё прыніжэнне перад Богам дапамагае мне ўзвысіцца, наблізіцца да Яго, вядзе мяне да навяртання і ўмацавання ў веры, каб кожны дзень жыць Хрыстовым Евангеллем.

«Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.