Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на І Нядзелю Вялікага посту (22 лютага)
Нядзельнае казанне
20.02.2015 13:27

«На пачатку Вялікага посту Касцёл заклікае нас схіліць галаву перад Богам. Калі ж потым мы ўзнімем яе, то ўбачым Хрыста, Адкупіцеля чалавека, які ўсім сваім жыццём, а затым сваёю мукаю і смерцю вучыць нас, што гэта значыць: быць вольнымі».

Дарагія браты і сёстры!

Гэтымі словамі з разважанняў на Вялікі пост святога Яна Паўла ІІ хачу заахвоціць сябе і вас да плённага перажывання гэтага важнага ў нашым жыцці літургічнага перыяду. Чаму важнага – таму, што гэты саракадзённы пост павінен для нас стаць той жа пустыняй, якую некалі дасведчыў Езус перад тым, як распачаць сваю збаўчую місію. Зрэшты, менавіта аб гэтым мы сёння чуем у Евангеллі. Досвед, які спадарожнічаў Езусу ў момант Яго прабывання ў пустыні, распачаўся і ў нашым жыцці зусім нядаўна, некалькі дзён таму — Папяльцовай серадою. Для нас гэта асаблівы знак пакуты і навяртання.

Ці патрэбна навяртанне веруючаму чалавеку ? – запытаеце вы. Адкажу: патрэбна. Ніхто на зямлі не з’яўляецца святым, таму для адных гэта будзе радыкальнае навяртанне, змена жыцця на 180 градусаў, для іншых - нейкая невялікая «касметычная карэкцыя», але сэнс у тым, што навяртання патрабуе кожны. Хтосьці павінен пабудаваць зусім іншы, новы дом, а хтосьці - зрабіць рамонт або толькі ўборку ў сваім доме. І менавіта гэта нам сёння хоча сказаць Езус, калі ідзе ў пустыню, каб адкрыць для нас важнасць гэтага досведу.

Знешне Езус падобны да своеасаблівага духоўнага «экстрэмала», але калі мы ўважлівей прыгледзімся да Яго паводзінаў, то прыйдзем да высновы, што кожны з нас перажываў або перажывае пустыню свайго жыцця. У жыцці мы вымушаны быць свайго роду «экстрэмаламі». І неабавязкова ў перыяд Вялікага посту. Здараецца так, што жыццё само стварае абставіны і прымушае нас акунуцца ў атмасферу пустыні, дзе мы становімся чагосьці пазбаўлены - таго, што ў нас калісьці было кожны дзень, да чаго мы, магчыма, прызвычаіліся. І неабавязкова гэта нейкія дрэнныя рэчы - наадварот, могуць быць добрыя, але мы да іх прывязаны. І бывае так, што гэтая прывязанасць перашкаджае нам убачыць прысутнасць і дзейнасць Бога і, толькі калі мы пазбаўляемся гэтых прывязанасцяў, то можам зусім з іншай перспектывы паглядзець на сябе і на сваё жыццё. А перш за ўсё  - убачыць у ім Бога, тое, што Ён блізка да нас. Што мы не пакінуты, як нам здавалася раней. І ў такім выпадку досвед пустыні адкрывае нам вочы.

Дарагія! Напэўна, Езус не патрабаваў ані кардынальнага навяртання, ані «касметычнай карэкцыі» ў навяртанні да Айца. Ён гэта ўчыніў у імя праўды, даючы нам стымул да пераадольвання ўсялякага роду цяжкасцяў у сваім жыцці, і таксама паказаў нам, што ў гэтых цяжкасцях Ён з намі салідарны. Езус паказаў, што гэтыя цяжкасці прысутныя ў жыцці чалавека не таму, што Бог яго пакараў ці сам чалавек сваімі паводзінамі паспрыяў, што гэтыя цяжкасці ўзніклі ў яго жыцці. Езус адкрывае нам новае вымярэнне і больш глыбокі сэнс гэтых цяжкасцяў: адкрывае сэнс і неабходнасць пустыні ў нашым жыцці.

Дарагія! Досвед пустыні павінен нас ачысціць, толькі нам трэба быць да гэтага гатовымі. Нам трэба гэта зразумець і спакойна прыняць. І гэта зробіць нас свабоднымі, як узгадаў святы Ян Павел ІІ. Гэтая свабода Божых дзяцей вызваліць нас не толькі ад граху, але і ад усялякіх дробных залежнасцяў ці прывязанасцяў, якія да яго вядуць. Існуе такі жыццёвы парадокс: чым больш мы прывязаны сэрцам да разнастайных залежнасцяў, нават да самых дробных і бяскрыўдных, тым менш нашае сэрца прагне Бога. І таму, мае дарагія, духоўная пустыня Вялікага посту проста неабходная ў нашым жыцці. Толькі важна яе правільна перажыць, а ў гэтым нам дапаможа разуменне патрэбы посту ў нашым жыцці. Пост - гэта не дэкарацыя, не павярхоўны дызайн нашых паводзінаў, які можа нас знешне адрозніваць ад іншых людзей. Гэта рэчаіснасць, якая спачатку ахоплівае сэрца чалавека, а ўжо толькі потым змяняе яго стыль паводзінаў.

«Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе».

Ёсць яшчэ адзін аспект пасля практычнага аспекту пустыні, мы яго чуем у сённяшняй евангельскай навуцы Езуса. Гэта Яго словы: кайцеся і верце ў Евангелле. Гэтыя словы мы ўжо чулі ў Папяльцовую сераду, калі на нашы схіленыя галовы святар сыпаў шчыпотку попелу. Мае дарагія! Гэта дэвіз нашага саракадзённага прабывання ў духоўнай пустыні. Гэта тая галоўная мэта, дзеля якой мы адважваемся чыніць якія-небудзь пастановы на Вялікі пост. Бо пакаянне і вера набліжаюць нас да Божага Валадарства. Таму нашая пакута і навяртанне - гэта першы крок, які прыводзіць нас да веры ў Евангелле Езуса Хрыста. Наша вера можа быць астуджаная праз нашу людскую слабасць і недасканаласць. Дык вось: практыка посту павінна запаліць нашу веру, наблізіць евангельскія прынцыпы да нашага жыцця. А сэрцам іх з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга. Бо толькі так мы можам адказаць на Божую любоў.

Умілаваныя браты і сёстры! Досвед пустыні, да якога нас сёння запрашае Езус - гэта невялікі этап, які можа прынесці нам шмат карысці. Кожны з нас пакліканы ў школу Хрыста, каб быць сумленным і старанным вучнем, таму варта як найлепш перажыць гэты досвед, каб паспяхова здаваць экзамены з жыцця. Падчас Вялікага посту мы разважаем над момантамі мукі і смерці Езуса Хрыста, каб лепш убачыць канчатковую мэту ўсяго гэтага - а менавіта ўваскрасенне. Мука і смерць не былі мэтаю самі па сабе. Яны былі патрэбныя для нас. Таму, дарагія браты і сёстры, няхай гэты час саракадзённага посту стане для нас этапам духоўнага ачышчэння, каб мы лепш пазнавалі Божую волю, адкрываючы ў ёй любоў і міласэрнасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.