«Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне, — кажа Пан. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».
Дарагія браты і сёстры!
Перажываючы сёння, у другую Велікодную нядзелю, свята Божай Міласэрнасці, мы зноў вяртаемся да падзеяў, якія перамянілі свет, нібы стварылі свет нанова. І ў цэнтры гэтых падзей - Хрыстус уваскрослы, які перамог смерць, уваскрос і жыве. Велікодная нядзеля прынесла свету радасную, поўную надзеі вестку аб таямніцы перамогі жыцця над смерцю. Гэтая ж нядзеля прыносіць нам праўду аб Божай міласэрнасці.
Прайшоў тыдзень ад Хрыстовага ўваскрасення, калі пасля гэтых падзей жывы Езус становіцца тут перад намі, як калісьці перад сваімі вучнямі ў Вячэрніку, і кажа: “Супакой вам!”
Дарагія! Езус прагне, каб мы пазнавалі Яго, каб мы не баяліся як мага часцей ставіць пытанне тыпу: кім Ён, Езус Хрыстус, для нас на самой справе з’яўляецца? Ён прагне, каб мы аднавілі ў сабе гэтую праўду, аб якой даведаліся ў велікодную нядзелю. Бо так часта мы аб ёй забываем! Таму Касцёл асабліва сёння хоча, каб мы звярнулі нашую ўвагу на ўваскрослага Езуса Хрыста ў таямніцы Божай міласэрнасці.
Гэтую таямніцу добра адлюстроўвае сённяшняе Евангелле. Тамаш быў адным з дванаццаці, а значыць належыў да тых, хто ведаў Настаўніка з Назарэта, хто бачыў Яго знакі і цуды, хто перажываў усе лёгкія і цяжкія дні ў час, калі Езус навучаў. Тамаш быў адданы Езусу, прымаў Яго вучэнне, «верыў» у цуды, якія здзяйсняў Хрыстус. Аднак у пэўны момант ён не змог прыняць праўду аб уваскрасенні Езуса і выразна ў ёй засумняваўся. Яму цяжка было прыняць той факт, што Езус перамог смерць і жыве. Яму нават цяжка было прыняць сведчанне вучняў, якія яго пераконвалі ва ўваскрасенні Пана, у тым, што бачылі Езуса Хрыста ўваскрослага.
Калі прыйшла вестка пра ўваскрасенне Езуса, Тамаш засумняваўся: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». Тамаш не прымае сведчання хрысціянскай супольнасці, ён хоча доказу асабістага характару. І Езус дае яму гэты доказ. Дае тое, чаго ён патрабуе. Цела ўваскрослага Езуса не з’яўляецца новым целам, яно не з’яўляецца целам, якое было створана нанова. Гэта тое самае цела, якое было ўкрыжавана, на якім засталіся «сляды» ўкрыжавання, хоць цела і было пераменена і праслаўлена.
Праслаўленае цела назаўсёды застаецца зямным целам Хрыста, якое было ўкрыжавана.
Праз восем дзён, калі вучні зноў сабраліся і быў з імі Тамаш, «хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус». Уваскрослы аб’яўляе сябе ў сваёй супольнасці і знаходзіцца з ёю. Тамаш жа, убачыўшы Яго, вызнае сваю веру: «Пан мой і Бог мой!» Тамаш не прыняў весткі супольнасці, аднак ён не выключаны з супольнасці, калі ёй аб’яўляецца Езус.
Тамаш убачыў і паверыў. «Бачыць» датычыць толькі знакаў. Гэта не прамое «бачанне» Уваскрослага. Тамаш ад знакаў прыходзіць да веры. Езус жа кажа: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» — тыя, хто ў адрозненне ад Тамаша будуць прымаць сведчанні веруючай супольнасці і праз сведчанне Касцёла дойдуць да веры. Мы не менш шчаслівыя, чым Тамаш, таму што мы атрымалі жывое сведчанне веруючай супольнасці, у якой прысутнічае ўваскрослы Езус і якая бесперапынна вызнае Яго ўваскрасенне з памерлых.
Такім чынам мы даходзім да праўды, якая выражаецца ў літургіі слова пра першую хрысціянскую супольнасць, у якой апосталы «сведчылі пра ўваскрасенне з памерлых Пана нашага Езуса Хрыста». Святы Ян Павел ІІ у адной са сваіх энцыклік, а менавіта Dives in Misericordia, прыгадвае нам праўду пра Бога, які шчодры да нас у сваёй міласэрнасці. Як мы гэта можам зразумець? Перадусім у Бога так шмат дару міласэрнасці, што яго хопіць кожнаму. Бо калі хто з'яўляецца багаты на нейкія даброты, то заўсёды мае магчымасць гэтым багаццем падзяліцца з іншымі. І так жа адбываецца ў выпадку самога Бога. Ён жадае падзяліцца з намі дарам сваёй міласэрнасці. Калі хтосьці хоча скарыстацца з гэтага дару, заўсёды мае такую магчымасць.
Толькі ёсць адна маленечкая ўмова. Калі толькі чалавек па-сапраўднаму хоча гэтага дару... А хоча тады, калі з'яўляецца чалавекам добрай волі, калі адчувае патрэбу Божай міласэрнасці, калі чалавек гатовы прыняць гэты найкаштоўнейшы дар, то Бог з радасцю гэтым дарам падзеліцца. Езус калісьці сказаў святой сястры Фаўстыне: «Перад тым, як Я прыйду ў вобразе справядлівага Суддзі, Я хачу адкрыць насцеж дзверы Маёй міласэрнасці. А той, хто не захоча ўвайсці праз гэтыя адчыненыя дзверы міласэрнасці, будзе вымушаны прайсці праз дзверы Маёй справядлівасці».
Дарагія! Езус не хоча нас палохаць сваёй справядлівасцю, але хоча, каб кожны з нас адказна ставіўся да гэтага каштоўнага дару, якім з'яўляецца Божая міласэрнасць. Бо гэты дар для нас, для таго, каб мы змаглі стаць лепшымі. Бог справядлівы Суддзя, але, паколькі Ён ведае слабасць роду людскога і бачыць у нашых душах плёны дару міласэрнасці, справядлівасць для нас не будзе страшнай, але будзе праўдай, якая апраўдвае, а не абвінавачвае.
Таму для нас, дарагія браты і сёстры, вельмі важна быць насамрэч сведкамі ўваскрослага Хрыста і сваё жыццё пабудаваць на гэтым сведчанні. Усё астатняе зробіць Бог. Ад нас патрабуецца вернасць гэтаму сведчанню, у якой аб'яўляецца вялікая Божая любоў, якая «збавіла» Езуса ад смерці і паказала ўсяму свету перспектыву Божай міласэрнасці. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|