Дарагія браты і сёстры!
Вельмі прыгожае сведчанне апостала Пятра мы сёння чуем у першым чытанні. Напоўнены Духам Святым, ён адважна прамаўляе перад старэйшынамі народу. Іншымі словамі, святы Пётр тлумачыць цуд аздараўлення, які адбыўся ў супольнасці веруючых, і праз гэты цуд апостал выкладае веру, нават робячы сорамна гэтым старэйшынам, якія яго слухаюць.
Пётр кажа вельмі вострыя словы: «Ён (Езус) — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла. І няма ні ў кім іншым збаўлення. Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне». Таму што «гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы, дзякуючы імені Езуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, і якога Бог уваскрасіў з мёртвых». Адвага — гэта тое, дзякуючы чаму Пётр змог аб'явіць Езуса, паказаць, у каго верыць ён сам, а таксама іншыя апосталы і вучні.
Дарагія! У сённяшнім свеце нам з вамі таксама трэба мець нямала адвагі, каб так, як Пётр, прызнавацца ў веры ў Хрыста. Можа, мы кожны дзень і не становімся сведкамі вялікіх цудаў, як калісьці апосталы. Нас сёння Езус кліча, каб мы абаранялі прынцыпы хрысціянскага жыцця. Каб мы з адвагаю, можа, нават без словаў, але сваімі паводзінамі паказалі, што Евангелле — гэта сэнс нашага жыцця, да якога мы пакліканы. У сучасным свеце мы таксама як і Хрыстус з'яўляемся гэтым краеугольным камнем, які так часта адкідваецца. Бо ў свеце існуе шмат іншых прынцыпаў, якімі жывуць людзі, аднак гэты свет не можа прыняць навукі Хрыста Уваскрослага.
Другое чытанне з сённяшняй літургіі слова звяртае нашую ўвагу на дар Божай любові, які з'яўляецца сэрцам нашага хрысціянскага жыцця. Пётр адважна сведчыць пра Хрыста Уваскрослага не дзеля таго, каб прынізіць людзей, якія яго слухаюць, не дзеля таго, каб яны адчулі сябе нікчэмнымі, але каб праз шчыры жаль маглі ўбачыць, нават адчуць айцоўскую любоў Бога і Езуса, які аддаў сябе дзеля нас усіх. Бо дзякуючы гэтай любові мы названы Божымі дзецьмі і насамрэч імі з'яўляемся.
Таму, дарагія браты і сёстры, майце адвагу! Да гэтага нас заахвочвае Хрыстус Уваскрослы і апостал Пётр, які рашуча прапаведуе Хрыста дзеля збаўлення праз веру. Як вядома, мы таксама, як апосталы, павінны быць мужнымі. А гэта Божы дар. У кнізе прарока Ісаі можам знайсці такія словы: «Вырасце галінка з пня Ессэевага. На ёй спачне Дух Пана, дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведаў і боязі Божай». У кнізе Зыходу ёсць такія словы: «Пан мая моц і крыніца мужнасці! Яму дзякую за маё выратаванне». Такім чынам, Святое Пісанне выразна кажа аб тым, што мужнасць — гэта Божы дар, які нам у жыцці вельмі патрэбны.
Святы Дух, калі ўдзяляе нам гэты дар, то ўмацоўвае нас знутры. Гэтая мужнасць пачынае дзейнічаць з сэрца чалавека і дазваляе добра будаваць хрысціянскае жыццё. Калі мужнасць разглядаць толькі як чалавечую цноту, як прыроджаны дар, то можам адзначыць, што сама па сабе людская мужнасць нясталая без Божай падтрымкі. Нават у гісторыі збаўлення Бог выбраў слабых людзей, каб дар мужнасці іх перамяніў і зрабіў адважнымі і моцнымі. А святы апостал Павел некалі скажа: «Я усё магу ў тым, хто мяне ўмацоўвае».
Дарагія! Цнота мужнасці вельмі патрэбная нам сёння. Усім нам, не толькі людзям маладым, але ў кожным узросце мужнасць патрэбная і карысная. Гэтая цнота спрыяе таму, што мы становімся трывалымі перад жыццёвымі выпрабаваннямі і сталымі ў імкненні да дабра. Мужнасць выхоўвае наш характар, робіць нас моцнымі ў пераадольванні ўсялякага роду спакусаў і перашкодаў як у духоўным жыцці, так і ў маральным, і ўрэшце гэтая ж мужнасць натхняе людзей да складання сапраўднага сведчання веры, а нават і ахвяры са свайго жыцця - прыкладам гэтага з'яўляецца жыццё апосталаў і мучанікаў Хрыстовага Касцёла. Іх мужнасць перарасла ў гераізм веры, якую яны адважна вызналі, не баючыся таго, якія пакуты іх чакалі пасля. Яны ведалі, што Хрыстус, які іх умацаваў, які здзейсніў столькі знакаў і цудаў праз іх рукі і даў гэтага духа мужнасці, не пакіне іх да канца жыцця.
Дарагія браты і сёстры! Чацвёртая Велікодная нядзеля ў літургічным годзе мае назву Нядзелі Добрага Пастыра. Хрыстус Уваскрослы, які збірае нас каля свайго алтара, жадае, каб мы не баяліся да Яго наблізіцца з усім тым, што ў нас ёсць. Каб мы не баяліся да Яго наблізіцца, нават калі ў нас, на нашу думку, нічога добрага няма. Бо Ён, Добры Пастыр, дасць нам тое, што для нас найбольш карыснае. Можа, гэта нам не зусім будзе падабацца, але гэта ўжо іншая справа.
Кожнаму з нас трэба мужна стаць у абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў, веруючыя людзі некалі аддавалі жыццё за Хрыста, і гэта самае лепшае сведчанне, якое толькі можа быць, а мы часам занядбоўваем нават самыя простыя рэчы, якія таксама з'яўляюцца сведчаннем. Выкананне Божых і касцёльных запаведзяў — гэта мая асабістая адказнасць за дар веры. Я таксама павінен быць мужным у сваім жыцці, каб не баяцца жыць па-хрысціянску. Можа, іншыя людзі жывуць нейкімі іншымі прынцыпамі, але я, веруючы чалавек, павінен жыць так, як вучыць мяне Езус Хрыстус. Бо інакш які сэнс маёй веры?! Калі я жыву насуперак таму, у што веру, як я магу быць вучнем Хрыста?
Мае дарагія, нам трэба шмат адвагі і мужнасці, каб перамагчы духоўную ляноту і абыякавасць, якая, можа, здаецца бяскрыўднай на першы погляд, але насамрэч прыносіць вялікую шкоду ў духоўным жыцці. Лянота як іржа, калі мала яе - то яшчэ нічога, але калі дазволіць ёй развівацца, то саржавее ўсё нашае духоўнае жыццё і стане непрыдатным. Таму будзьце адважнымі і абараняйце сваю веру!
Няхай сённяшняе сведчанне апостала Пятра, а таксама жыццё і прыклад першай хрысціянскай супольнасці будуць для нас добрым прыкладам, каб жыць па-хрысціянску сёння, у наш час. А наш супольны ўдзел у гэтай нядзельнай Эухарыстыі няхай будзе плённым і з'яднае нашыя сэрцы ў шчырым вызнаванні веры, памножыць цноту адвагі, каб мы, як некалі апосталы, усім сваім жыццём сведчылі аб вялікай Божай любові, якую прыносіць добрая вестка аб Уваскрасенні Пана. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|