Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на VI Велікодную нядзелю (10 мая)
Нядзельнае казанне
06.05.2015 14:19

“Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай”.

Дарагія браты і сёстры!

Кожнаму з нас знаёмае пачуццё радасці. Звычайна яна ўзнікае, калі ў нас добры настрой, калі нам штосьці паспяхова ўдаецца зрабіць, калі мы набываем для сябе нешта доўгачаканае. Радасць — гэта таксама паказчык нашага выдатнага самапачуцця; яна з’яўляецца, калі мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху людзей, якія здольныя суперажываць нам, быць з намі. Можна так далей пералічваць і пералічваць сітуацыі, калі ўзнікае гэтае цудоўнае пачуццё.

Аднак бывае і такое, калі мы адчуваем, што гэтай нашай радасці чагосьці яшчэ не хапае для поўнага шчасця. Нейкай унутранай гармоніі. Здараецца, што ў нас прысутная радасць, але чамусьці вельмі цяжка перажыць яе усёй сваёй асобай. Канешне, кожны з нас можа перажываць яе з лёгкасцю і павярхоўна, — такая радасць на некалькі хвілін, якую можна адчуць пры дапамозе жартаў, вясёлай кампаніі і гэтак далей. Аднак падобнае пачуццё не з’яўляецца поўнай радасцю, і кожны з нас у глыбіні сваёй душы гэта адчувае і разумее. Бо ў глыбіні нашага сэрца плён такой радасці амаль незаўважальны. Сэрца надалей неспакойнае, няма пэўнасці, аптымізму і надзеі. Абмяжоўваецца падобная радасць толькі ўсмешкай на твары. А пасля гэтай усмешкі можа быць непакой ці боязь.

У кожнай сітуацыі гэта выглядае па-рознаму, але крыніца гэтага непакою ці боязі — часцей за ўсё грэх. Проста чалавечае сумленне само па сабе вельмі ўражлівае, і таму нельга яго ў адзін момант ўзяць і знячуліць. Калі чалавек нават і прывыкае да граху, раней ці пазней яго сумленне дасць сігнал непакою. Грэх здольны схаваць гэтую нашую боязь вельмі і вельмі далёка ад сумлення. Толькі як не хавай, сумленне і так гэтую боязь знойдзе, — гэта справа толькі часу. Напрыклад: глыбока ў маёй душы штосьці са мною не так. Хоць звонку, як часта здаецца, усё ў парадку, але ўнутры мяне сумленне напаўняецца нейкай трывогай, а яна ў сваю чаргу перашкаджае мне перажываць радасць па-сапраўднаму, усім сэрцам. Бо радасць — гэта не троххвілінная весялосць, але трывалы стан чалавека: перад самім сабою, перад сваім жыццём, перад іншымі людзьмі.

Дарагія! Менавіта трывалай і поўнай радасці хоча для кожнага з нас Езус. Ён ведае, што нельга дасягнуць яе ўласнымі сіламі, бо такая радасць ёсць дарам. Дарам, які прыходзіць да чалавека звонку. Адкуль бярэ пачатак такая радасць? Адказ адназначны: з любові. Толькі той, хто ўмее любіць, здольны па-сапраўднаму дасведчыць радасць, якая знаходзіцца глыбока ў яго сэрцы. А без любові, мае дарагія, няма сапраўднай радасці. «Калі будзеце выконваць Мае запаведзі, застанецеся ў Маёй любові», – кажа Езус. А плёнам гэтай любові ёсць між іншым радасць.

Толькі ці можна прымусіць чалавека выконваць запаведзі дзеля любові? Не. Бо любоў патрабуе свабоды выбару, якая нараджаецца з нашай вольнай беспрымусовай волі. Езус не прымушае нас выконваць Яго запаведзі, Ён запрашае нас, прапануе нам дар сваёй любові. «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас…» Бо любоў не існуе сама па сабе. Яна павінна спачатку нарадзіцца ў сэрцы чалавека, прыйсці як дар, які мы хочам прыняць і на які здольныя адказаць сваёй любоўю. Калі бацькі не аказваюць свайму дзіцяці любові, выражанай у знешніх знаках – пацалунках, пяшчотах, чулых словах, цярплівасці, прабачэнні, – дзіцяці цяжка навучыцца любіць, яму цяжка будзе прыняць сябе. У складаныя хвіліны свайго жыцця гэтае дзіця будзе перажываць пачуццё боязі, самоты, што яно нікому не патрэбнае.

Праз сваю запаведзь Хрыстус хоча нас зрабіць больш уражлівымі на дар Божай любові, на жыццё, якое з яе выплывае. Гэта Бог нас першы палюбіў, гэта Ён нас выбраў. Толькі Ён першы і галоўны ініцыятар. Нам не трэба нейкім чынам заслужыць Божую любоў, не – мы яе ўжо маем, чыны нам патрэбныя, каб прыняць яе з Божых рук. Гэтая любоў сапраўдная і поўная, здольная даць нам дасканалае пачуццё бяспекі і сапраўдную радасць. А доказ гэтай любові пераканаўча праявіўся ў Езусе Хрысце. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Таму Крыж Езуса Хрыста — неаспрэчны доказ Яго любові да кожнага з нас.

Дарагія браты і сёстры! Вось сапраўдная нагода для радасці: Бог любіць мяне такім, які я ёсць. Мне ўжо не трэба нічога баяцца, не трэба празмерна клапаціцца і непакоіцца. Бог мяне любіць, нягледзячы ні на што. Мой грэх, які б ён ні быў, ніколі не здольны пашкодзіць гэтай любові, гэтаму сяброўству Бога са мною. Важна, каб я ўсвядоміў гэтую праўду і дазволіў Богу ўвайсці ў маё сэрца. Адказаць на Яго запрашэнне — так! Бо калі мы любім Бога, ведаем, што Ён нас любіць, ці будзем свядома і дабравольна крыўдзіць Яго? Калі мы любім па-сапраўднаму — то не. Бо нават у чыста людскіх адносінах нам цяжка засмуціць дарагога нам чалавека. Калі гэта зразумеем, то адкрыем для сябе, чым з’яўляецца сапраўдная і поўная радасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.