Дарагія браты і сёстры!
Тыдзень часу аддзяляе нас ад урачыстасці Спаслання Духа Святога — калі вучні Езуса збіраюцца разам і чакаюць абяцання Айца. «Не пакіну вас сіротамі, — кажа Пан, — іду і прыйду да вас, і ўзрадуецца сэрца вашае». Гэтыя словы напаўняюць радасцю і апосталаў, і нас з вамі сёння. Словы поўныя надзеі, якія напаўняюць нашае чаканне спакоем і цярплівасцю. Мы таксама збіраемся сёння каля алтара Пана, каб, слухаючы Божае Слова і кормячыся Эўхарыстыяй, быць сведкамі гэтай вялікай таямніцы — чакання спаслання Духа Святога, Трэцяй Асобы Святой Тройцы.
Сённяшняя літургія слова як бы насычана дзейнасцю Духа Святога. У Дзеях Апосталаў у першым чытанні адбываецца выбар дванаццатага апостала на месца Юды, каб адзін з тых, хто быў з апосталамі ўвесь час, калі заставаўся з імі Пан Езус, пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня Яго ўзнясення, стаў разам з апосталамі сведкам Яго ўваскрасення. Лёс выпаў на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Другое чытанне заахвочвае нас да любові адзін да аднаго. Бо калі нас Бог так палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бог нам даў свайго Духа, таму дзякуючы гэтаму можам пазнаць, што мы жывем у Ім, а Ён у нас.
Дарагія! Сёння асаблівую ўвагу хачу звярнуць на Евангелле. У ім мы з вамі пачулі словы Езуса, якія пранікаюць да глыбіні сэрца — словы малітвы Езуса з просьбай аб еднасці. «Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы».
Калі мы ўважліва назіраем за нашым жыццём, аказваецца, нягледзячы на ўсе нашыя перспектывы і магчымасці, што ўсё ж мы даволі абмежаваныя людзі. Абмежаваныя ў нашых чалавечых сілах, талентах, абмежаваныя ў сферы матэрыяльных сродкаў, а на некаторыя рэчы, з якімі мы сутыкаемся, маем невялікі ўплыў або ніякага ўплыву наогул не маем. Нас абмяжоўвае ўласны ўзрост, здароўе, а дакладней яго недахоп.
Але ў глыбіні сэрца мы адчуваем, што, нягледзячы на ўсе нашыя абмежаванні, у нас ёсць лёгкая туга па свабодзе, свабодзе ў шырокім значэнні. Гэты свет, які мяне акружае, ужо іншы, бо змяніў яго Хрыстус для мяне. Уваходзячы ў неба, у дом Айца, Езус дае кожнаму з нас надзею, Ён паказвае нам мэту і дае абяцанне — што не пакіне нас сіротамі, што гэтыя абмежаванні не столькі істотныя для нас, каб мы іх баяліся. Яны для нас, веруючых, не памеха.
Хрыстус, адыходзячы на неба, выразна сказаў: вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету. Езус застаўся з намі. Ён не перастае заступацца за нас. І сённяшняе Евангелле паказвае прагненне Езуса адносна кожнага чалавека. Каб мы былі адно. Каб між людзьмі існавала еднасць і разуменне.
Дарагія! Кожная малітва з’яўляецца дарам, плёнам дзейнасці Духа Святога, які фармуе думкі, словы і пачуцці, але ў малітве раскрываецца прыгажосць і радасць з самой дзейнасці таго, хто моліцца. Бо малітва - гэта таксама праца, гэта намаганне і немалы труд. І Езус сёння нам гэта паказвае.
Езус вучыць сваіх апосталаў і вучняў малітве. Ён не акрэслівае нейкай канкрэтнай дэфініцыі малітвы, не прыдумвае нейкіх тэхнік, як маліцца, але непасрэдна ўводзіць сваіх вучняў у малітоўную практыку, у рэчаіснасць унутранай глыбокай размовы з Богам. І сённяшні ўрывак Евангелля, які называецца архісвятарскай малітвай Езуса, — відавочны гэтаму прыклад. Узор таго, якой павінна быць нашая хрысціянская малітва.
Апосталы сталі вучнямі Езуса не дзякуючы сваім уласным намаганням, розуму, выключным асабовым якасцям, не з-за таго, што яны былі нейкімі навукоўцамі або геніяльнымі асобамі, — усё значна прасцей: вучнямі яны сталі таму, што атрымалі дар паклікання і заклік да святасці, які заключаўся ў простых словах: ідзі за Мной! Езус сёння моліцца аб еднасці не толькі для сваіх апосталаў, але і для нас, веруючых, якія жывем тут і цяпер, у сённяшні нялёгкі час.
Дарагія! Калі паглядзець на цяперашні свет, то столькі розных падзелаў можна ў ім заўважыць. І гэтыя падзелі існуюць не толькі паміж католікамі і праваслаўнымі, паміж пратэстантамі і іншымі хрысціянскімі дэнамінацыямі. Такія падзелы існуюць у нашых парафіях, рэлігійных і законных супольнасцях. Яны існуюць у многіх сферах жыцця чалавека. Таму сённяшняя малітва Езуса аб еднасці не перастае быць актуальнай. Сучасны чалавек патрабуе гэтай еднасці. Спачатку еднасці ў самім сабе, а потым паяднання з Богам і бліжнімі.
Адкуль гэта ўсё ўзнікае? Што з’яўляецца прычынай спрэчак, рознагалоссяў, падзелаў і, урэшце, нянавісці? Можа, прычына заключаецца ў тым, што мы яшчэ не дастаткова ведаем Езуса, можа, яшчэ не пазналі ані Айца, ані Сына. Можа, корань гэтых падзелаў у тым, што мы шукаем уласнай праваты, якая розніць і дзеліць, а не Праўды з вялікай літары, якая яднае. Можа, у гэтым праблема? Калі так, то вырашыць выключна самі мы яе не ў сілах. Тут адных нашых намаганняў будзе мала, але калі гэтыя нашы намаганні ўжо ёсць, то гэта вельмі добра. Застаецца яшчэ даручыць іх Езусу.
Вельмі прыгожым быў жэст Папы Яна Паўла ІІ, калі Ён падчас візіту ў Афіны 4 мая 2004 года прапанаваў архіепіскапу Афінаў Хрыстадуласу супольна прамовіць малітву “Ойча наш”. Гэты жэст узрушыў мільёны веруючых сэрцаў.
Дарагія браты і сёстры! Нам таксама варта далучыцца да Хрыстовай малітвы аб еднасці, каб мы былі адно. Бо гэтай еднасці моцна прагне Езус і яе насамрэч нам не хапае. Таму няхай словы Хрыста з Яго архісвятарскай малітвы ўзрушаць нашыя сэрцы і ўмацуюць нашу волю на карысць дабра, любові і супакою. Няхай нашыя сэрцы будуць падрыхтаваныя да дароў Духа Святога, каб мы мелі ў сабе Хрыстовую еднасць і маглі аб ёй сведчыць. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|