Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на Х Звычайную нядзелю (7 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
05.06.2015 17:14

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які супрацьстаіць маніпуляцыям злога духа. Наогул, калі казаць аб стратэгіі д'ябла, то яна збольшага вельмі простая: распачынаецца ад звычайнага бяскрыўднага жадання весці выгодны стыль жыцця, а вось заканчваецца неўмеркаванай хцівасцю і пагоняй за грашыма, славай і г.д.

Жыццё можа быць камфортным, дапасаваным да магчымасцяў чалавека, да яго статусу, заробку, але калі гэтае жаданне выходзіць з-пад кантролю, то адбываецца свайго роду дэградацыя маральных і духоўных каштоўнасцяў чалавека. Вось гэтай дэградацыі і дабіваецца злы дух.

Вы думаеце, што толькі сёння, у наш час, злы дух выкарыстоўвае такую стратэгію. Калі прыгледзецца, гэтая стратэгія была папулярнай ва ўсе часы і эпохі і таму бярэ свой пачатак ад моманту спакушэння першага чалавека ў раі. Дарэчы, сёння ў першым чытанні бачым вынік таго, што першы чалавек паддаўся зманлівай спакусе злога духа і здзейсніў грэх, а віну за гэты ўчынак пачаў перакладваць на іншага: мужчына на жанчыну, жанчына на змея.

Можам падумаць, што яму гэтая стратэгія ўдалася, але гэта не зусім так. Ужо ў момант грахоўнага ўпадку Бог дае надзею чалавеку, кажучы: устанаўлю варожасць паміж патомствам жанчыны і патомствам змея. “За тое, што ты зрабіў гэта, ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі. На жываце сваім поўзаць будзеш і пыл будзеш есці праз усе дні жыцця свайго. Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту”. Гэты прыклад першага чалавека, яго драматычнага ўпадку, у нейкім сэнсе паўтараецца ўвесь час, бо па сваёй натуры чалавек схільны да граху і, калі паддаецца зманлівым прапановам злога духа, то трапляе ў яго стратэгічную гульню, у якой становіцца марыянеткай. Д’ябал мае ўплыў на такіх людзей і трымае іх у няволі.

Дарагія! Калі паразважаць над сённяшнім Евангеллем, то можам убачыць тых марыянетак злога духа ў вобразе кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема і казалі, што Езус мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў. Вядомая справа – гэта было блюзнгерства і паклёп, спроба дыскрэдытаваць Настаўніка з Назарэта перад мноствам людзей, якія слухалі Божае слова і дасвядчалі аздараўленне са сваіх хваробаў. Як бачым, праз кніжнікаў вырываўся дзікі крык шатана, які, напэўна, першы раз за гісторыю чалавецтва не ведаў, якую прымяніць стратэгію супраць Езуса, і выкарыстаў стандартную стратэгію хлусні і фальшывага сведчання праз людзей, на якіх меў уплыў. І таму адны казалі, што Езус страціў розум, а іншыя – што Ён супрацоўнічае з сіламі зла.

Але дастаткова прымяніць да гэтай сітуацыі хоць кроплю логікі, і ўзнікае сур’ёзная супярэчнасць: калі Езус Хрыстус выганяе з людзей злых духаў, то як можа са злымі духамі сябраваць? Гэты факт ну ніяк не ўкладваецца. Наколькі трэба было страціць  розум, каб штосьці падобнае сцвердзіць, як гэта ўчынілі ерузалемскія кніжнікі. Пыха, да якой яны дайшлі, цалкам іх асляпіла, бо, шукаючы кампрамат на Хрыста, яны гэтым самым знайшлі кампрамат на сябе саміх. Іх мэтай было не толькі прынізіць Езуса, але і цалкам Яго знішчыць.

Ці так павінны паступаць сапраўдныя шанавальнікі Майсеевага закону? Таму Езус ім кажа: “Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму”. А ў дачыненні да паклёпу Хрыстус справядліва сказаў, што дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі, але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.

Умілаваныя! Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб перамагчы моц злога духа, а чалавека перанесці ад смерці да жыцця. Пакуты і смерць Езуса Хрыста на крыжы і Ягонае ўваскрасенне – гэта і ёсць перамога над грахом і д’яблам, над сіламі зла, якія трымалі чалавецтва ў стане безнадзейнасці і роспачы. Хрыстус – гэта новы Адам, патомак жанчыны, які перамог патомства змея. Хрыстус паказвае, што той, хто становіцца Ягоным сапраўдным вучнем, таксама ўдзельнічае ў гэтай перамозе. Нягледзячы на хітрую і падманліваю стратэгію д’ябла, Хрыстовы вучань здольны яе распазнаць і пазбегнуць. Важна, каб мы дазволілі Езусу Хрысту стаць нашым настаўнікам, каб так, як Ён, адважна і мужна маглі абараняць сапраўдныя каштоўнасці, якія добра ўплываюць на развіццё нашага хрысціянскага жыцця. Нам нельга баяцца хлусні і айца хлусні, але трэба гэта перамагаць Божаю моцай.

Калі прыгледзімся да малітвы, якой нас навучыў Езус Хрыстус - “Ойча наш”, - то напрыканцы яе ёсць такія словы: “і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”. Словы гэтыя інфармуюць нас аб тым, што ў свам жыцці мы сустракаемся з рэчаіснасцю злога духа, што неаднойчы ён нас спакушае. Таму нашай малітвай, звернутай да Бога ў духу Езуса Хрыста, мы просім Бога аб дапамозе ў змаганні з усялякімі праявамі злога духа: каб мы не паддаліся спакусам, каб ён не меў на нас ніякага ўплыву і каб мы не сталі гульцамі ў д’ябальскай стратэгіі, але каб трывалі ў вернасці Божым запаведзям і Хрыстоваму Евангеллю.

Дарагія браты і сёстры! Не бойцеся спакусаў! Яны здольныя з нас зрабіць сапраўдных Хрыстовых вучняў, калі мы будзем старацца заўсёды быць вернымі Богу. Бо ўсё дзеля вас - як піша апостал Павел, - каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы… Часовае лёгкае цярпенне нашае дае нам бязмернае багацце вечнай славы, калі мы зважаем не на бачнае, а на нябачнае. Таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае! Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.