Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІ Звычайную нядзелю (14 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
12.06.2015 12:51

«Зерне — слова Божае, сейбіт — Хрыстус; кожны, хто знойдзе Яго, будзе жыць вечна».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус нам распавядае прыпавесці, якія датычаць Божага Валадарства. Калі ўважліва прыгледзецца да вобразу раллі, аб якой кажа Езус, то ў ім можна ўбачыць Касцёл, дзе Бог даглядае і клапоціцца пра сваё жніво, кліча на яго працаўнікоў. І гэты клопат накіраваны на вечнасць.

Ад самага пачатку існуе спакуса абмежавання дзейнасці Касцёла выключна той сілай, якая змагаецца са злом. Ёсць шмат такіх людзей, якія жадалі б выкарыстаць Касцёл як прыладу ў гэтым змаганні, але больш для дасягнення нейкіх сваіх мэтаў, а не для дабра Касцёла. А калі гэта ў іх не атрымоўваецца, яны маюць прэтэнзіі да людзей, адказных за Касцёл.

Земляроб, напрыклад, адказны за ўраджай, за хлеб, за зямлю, якую апрацоўвае, каб плён яго працы мог карміць народ. Гэты хлеб у пэўным сэнсе з’яўляецца ўмовай жыцця для людзей.

Касцёл таксама з’яўляецца Божай гаспадаркай, у якой ёсць хлеб, неабходны для жыцця чалавецтва. Мэтай дзейнасці Касцёла ёсць тое, каб заўсёды на духоўнай раллі быў ураджай, а вынік гэтага – хлеб. Бо яго патрабуюць як дзеці, так і дарослыя, як хворыя, так і здаровыя, як працуючыя і занятыя, так і тыя, хто адпачывае. Калі Касцёл будзе поўны такога хлеба, то Ён выканае сваё заданне, дадзенае Богам. А калі замест таго, каб клапаціцца аб адвечных вартасцях, Касцёл стане толькі змагацца, – не выканае сваёй місіі і не апраўдае надзею Бога і людзей.

Сапраўды, бывае такі перыяд, калі трэба мужна станавіцца ў абарону зерня праўды і годнасці чалавека, калі трэба дзеля гэтага сур’ёзна змагацца, але змаганне само па сабе заўсёды на другім месцы ў заданні Касцёла. Бо ў найбольш складаныя і цяжкія моманты не можа Ён адмовіцца ад найвышэйшых вартасцяў, якія ствараюць сапраўдную прыгажосць жыцця, указваюць праўду, моц веры, магутнасць надзеі і прыгажосць любові.

Аб гэтым адказным заданні Касцёла кажа Езус пры дапамозе прыпавесцяў. І вельмі часта яны маюць у сабе вобраз земляробства, раллі, зерня і гэтак далей. Езус звяртае нашу ўвагу, каб мы паназіралі над працэсам прарастання зерня, кінутага у зямлю. Ён кажа: “Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю…зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе”. І ў той час зерне становіцца прыгодным да жніва. Езус паказвае нам, якім цудам ёсць тое, што з маленькага зернейка гарчыцы вырастае цэлае дрэва, і нават птушкі могуць адпачываць на яго галінах. І няма тут гаворкі аб змаганні, але аб працэсе ўзросту.

Дарагія! Заданне Касцёла належыць разумець у некалькі аспектах. Спачатку аспект асабісты. Сэрца кожнага ахрышчанага чалавека з’яўляецца Касцёлам. Што ў ім найважнейшае? Перадусім клопат аб вялікіх і нязменных вартасцях духу, іх удасканальванні. Ці з’яўляецца наша сэрца месцам для вялікага плёну, зерня, хлеба, ці падобнае яно да старанна ўмацаванага форту, які накіроўвае сваю зброю на таго, хто набліжаецца?

Трэба ўзглянуць і на сужэнства і сям’ю, - гэта таксама невялікі Касцёл, супольнасць чалавечых сэрцаў. Ці ёсць у ім два сэрцы, якія паміраюць для эгаізму і выдаюць зерне прыгожых сэрцаў новага маладога пакалення? Ці гэтая супольнасць ваюючая, аддзеленая ад іншых вялізным мурам і глыбокім ровам?

Таксама трэба ўзглянуць на парафію як эўхарыстычную супольнасць. Што ў ёй дамінуе? Ці гэта ралля самога Бога, якая выдае плён шляхетных сэрцаў, глыбокай веры, жывой малітвы, вялікай і моцнай любові? Ці такі сэнс нядзельных сустрэч пры алтары? Ці, можа, гэта толькі супольнасць, накіраваная на бясконцае змаганне і сеянне непакою? Мяркую, што НЕ!

Дарагія браты і сёстры! Свет ва ўсе часы, таксама і ў наш час, хоча справакаваць Касцёл толькі да змагання. Свет цешыуся б, калі кожны ахрышчаны меў бы ў руках зброю. Такім нават малюе свет Езуса. І  тагачасныя людзі ў большасці лічылі, што Езус - гэта вызваліцель з рымскага прыгнёту, і Яго Касцёл таксама. Але гэта не зусім так: калі і ёсць змаганне, дык гэта змаганне з грахом, з нясправядлівасцю і няпраўдай. Але зброя, якую выкарыстоўвае Касцёл, - гэта справядлівасць, супакой і любоў. Касцёл – гэта ралля самога Бога, а не Яго армія. І мэта гэтай раллі - выданне як мага большага плёну для вечнага жыцця. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.