Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІІ Звычайную нядзелю (21 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
19.06.2015 12:53

«Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ».

Дарагія браты і сёстры!

Калі паразважаць над пачутым сёння ўрыўкам Евангелля і добра ўявіць сабе гэтую сцэну, калі Езус спіць сярод бушуючых хваляў, а вучні, спалоханыя гэтай з'явай, імкнуцца захаваць знешнюю раўнавагу, то мы можам у гэтых вучнях убачыць саміх сябе. Дакладней кажучы, сваю мітусню і боязь, якія нам прыходзіцца нярэдка перажываць.

Як жа часта ў нашым жыцці ўзнікаюць сітуацыі, падобныя да той, якую мы сёння ўбачылі ў Евангеллі: бушуючае мора жыццёвага досведу напаўняе нас бояззю ці нават у асобных выпадках робіць нас бязраднымі. І мы тады, як вучні, задаем пытанне Пану, які, нам здаецца, у такіх складаных жыццёвых сітуацыях як бы «спіць»: «Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем?» Так усклікнулі Апосталы. Так ці падобным чынам, магчыма, калісьці ўсклікалі і мы. Можа, не адразу мора нашых праблем было суцішана, але калі мы дасвядчалі супакой, то і ў нас магло нарадзіцца пытанне, якое сёння вельмі выразна прагучала ў Евангеллі: «Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»

Дарагія! Справа ў тым, што падобнае пытанне нараджаецца ў сэрцы кожнага веруючага хрысціяніна, які, дасведчыўшы супакой свайго сэрца, захапляецца Тым, хто гэты супакой дае. Боязь нараджае мітусню, а можа, часам паралізуе, мы становімся нерухомымі і, здаецца, нічога не можам зрабіць перад абліччам сур'ёзных жыццёвых выпрабаванняў. Паглядзіце, штосьці падобнае адбывалася і з вучнямі. Іх моцна спалохала бура - так спалохала, што яны замітусіліся і пачалі непакоіцца, нягледзячы на тое, што разам з імі быў Езус Хрыстус. Заўважце, што Ён быў з імі ў адным чаўне. Хтосьці можа сказаць паўжартам: але ж і моцныя нервы меў Езус, што спаў, нягледзячы на такі моцны шторм! Але справа не ў гэтым. Вучні згубілі ўнутраную раўнавагу, хоць з імі быў Настаўнік, моцна перапалохаліся і пачалі думаць, што хутка загінуць.

Менавіта таму, калі Езус суцішыў буру і настала вялікая ціша на моры, якое перастала хвалявацца, Ён, дакараючы, казаў ім: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Дарагія! Гэтыя словы сёння Езус паўтарае для кожнага з нас. Бо ёсць шмат сітуацый, калі мы таксама вельмі часта губляем раўнавагу, і нашая вера неаднойчы бывае слабой і хісткай. Толькі гэтымі словамі Езус нас хоча не столькі дакараць, колькі падтрымаць, падбадзёрыць наш дух. Каб звярнуць нашую ўвагу на тое, што Ён, Езус, заўсёды побач з намі, у тым жа чаўне, што і мы. Таму нам вельмі важна перастаць панікаваць, а ўбачыць Езусаў спакой, пастарацца ўсвядоміць, што гэты спакой хутка настане і ў нашым сэрцы. Адзінае, што трэба — гэта моцная вера.

Сёння Езус асаблівым чынам  запрашае нас да таго, каб мы перамагалі ўласную боязь, тую боязь, якая сее непакой і мітусню. Езус кажа: «Пераправімся на той бок». Думаеце, Яму проста так захацелася паплаваць на чаўне? Не, Ён пажадаў умацаваць веру сваіх вучняў, а нам даць прыклад, што няма ў жыцці бязвыхадных сітуацый, калі верыш, што Ён побач, і калі дазволіш Яму суцішыць усялякія буры свайго жыцця.

Запрашэнне Езуса пераправіцца на іншы бок - гэта выразна звернуты заклік да нас з вамі, умілаваныя браты і сёстры, каб мы пакінулі ўсялякую боязь на гэтым беразе, а пераплылі на іншы, набіраючыся адвагі і мужнасці. Езус хоча, каб мы пазбавіліся той боязі, якая з'яўляецца для нас перашкодай у наследванні Яго.

Таксама гэты заклік датычыць не толькі таго, каб мы пакінулі на гэтым беразе сваю боязь, але і таго, каб змянілі паставу малавер'я на паставу моцна веруючага Хрыстовага вучня. Гэта вельмі важна і без жыццёвага досведу проста немагчыма. Калі б не было моцнага шторму на галілейскім моры і, вядомая справа, прысутнасці Езуса Хрыста ў чаўне, то як вучні даведаліся б аб сваёй паставе адносна веры? Дагэтуль яны лічылі сябе адважнымі, «крутымі» - калі казаць сучаснай мовай, ну а калі сустрэліся сам-насам з выпрабаваннем - убачылі, кім яны ёсць, больш аб'ектыўна. І, мае дарагія, кожны жыццёвы досвед, які б складаны ён ні быў, - гэта нагода ўбачыць насамрэч, кім мы з'яўляемся. Менавіта таму пытанне, якое сёння задаюць апосталы, а разам з імі і мы: «Хто Ён такі?» - нараджае яшчэ адно сустрэчнае пытанне: а хто я такі? Калі я магу шчыра сказаць, што Ён з'яўляецца маім Богам, які клапоціцца пра мяне, які мяне любіць, то ці з'яўляюся я сапраўдным Яго вучнем, калі ў сваім жыцці паступаю так ці інакш?

На гэтае пытанне святы Апостал Павел сёння ў другім чытанні дае вельмі выразны адказ: «Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага».

Дарагія ў Хрысце! Гэтае пытанне, якое ўзнікае ў кантэксце сённяшняй літургіі слова, прыводзіць нас да адказу, што Ён, Хрыстус, які з любові аддаў за нас сваё жыццё, жадае, каб гэтая ахвяра не была дарэмнай. Хрыстус хоча, каб адгэтуль кожны з нас не жыў толькі для сябе, але для Таго, хто памёр і ўваскрос. І гэты адказ спрыяе таму, што паміж сённяшнімі пытаннямі “хто Ён такі?”, а таксама “хто я такі?” мы можам правесці паралель, злучыць гэтыя пытанні ў адно цэлае. І калі гэта паспяхова ўчынім, зможам пазітыўна адказаць на заклік Езуса Хрыста, і пераправіцца на іншы бок, пакінуўшы страх, мітусню і бязвер'е. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.