«Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць і асвятліў праз Евангелле жыццё».
Дарагія браты і сёстры!
У мінулую нядзелю евангельскі ўрывак распавядаў нам аб цудзе на Галілейскім возеры, дзе Езус Хрыстус утаймаваў раз'юшаную стыхію. Гэты цуд, як мы чулі, выклікаў моцнае здзіўленне вучняў, так, што яны пыталіся: хто Ён такі, што і вецер і мора слухаюцца Яго?
Гэтая падзея прадстаўляе нам Езуса як таго, хто здольны панаваць нават над стыхіямі і сіламі прыроды. Езус вяртае гармонію прыродзе. Інакш кажучы, Марк Евангеліст паказвае дзейнасць Божай моцы, якая праявілася ў Езусе Хрысце адносна законаў прыроды. Езус — гэта той, каму гэтыя законы паслухмяныя.
Сённяшні ўрывак Евангелля — своеасаблівы працяг мінулай думкі, але ў іншым ракурсе. Сёння Божае слова паказвае нам Езуса як таго, хто пануе над натурай чалавека. У святле гэтых падзей можам паўжартам сказаць, што законы прыроды створаны дзеля таго, каб Езус мог іх парушаць. Але калі казаць сур'ёзна, то Езус ніколі не здзяйсняў цудаў проста так або каб паказаць, што Ён можа штосьці, што іншым недаступна. Напэўна, Ён не здзяйсняў цуды толькі дзеля таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.
Цяжка пералічыць, нават немагчыма, колькі Езус здзейсніў цудаў падчас сваёй вандроўкі і навучання за тры гады сваёй месіянскай дзейнасці. Верагодна, было іх безліч, у апошнім вершы Евангелля паводле Яна напісана: «Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Езус, але каб усё запісаць падрабязна, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія меліся б быць напісаны».
Сёння мы становімся сведкамі фенаменальнай з'явы, якой з'яўляецца ўваскрашэнне. Хачу нагадаць кантэкст гэтага цуду. Калі Езус пераправіўся на другі бераг і быў з усіх бакоў акружаны шматлікім натоўпам, да Яго прыйшоў адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і папрасіў, каб Езус аздаравіў яго хворую дачку, якая была пры смерці. Напэўна, Яір не толькі шукаў апошняй бэлькі ратунку, але верыў, што Настаўнік з Назарэта здольны яму дапамагчы. Таму, прыціснуты бядою, падышоў да Езуса і, упаўшы да Ягоных ног, папрасіў, каб Езус пайшоў разам з ім і аздаравіў хворую дачку.
Калі яны былі амаль каля дома кіраўніка сінагогі, да іх падышлі людзі, кажучы, што дачка Яіра памерла. Здаецца, безвыходная сітуацыя. Але Езус звяртаецца да кіраўніка сінагогі, каб той не губляў надзею, але верыў. І, узяўшы з сабою Пятра, Якуба і Яна, а таксама бацькоў памерлай дзяўчынкі, збірае іх асобна ў пакоі, дзе гэтая дзяўчынка ляжала, і звяртаецца да яе словамі: «Таліта кум -дзяўчынка, табе кажу, устань!» Езус вяртае жыццё дачцэ кіраўніка сінагогі. І зноў жа, пасля таго, як дванаццацігадовая дзяўчынка ўстала і пачала хадзіць, наступае момант здзіўлення.
Дарагія! Гэты цуд, які здзейсніў Езус, з'яўляецца праяўленнем Божай моцы і паказвае месіянскае пасланніцтва Езуса Хрыста. Ён не толькі прарок, але хтосьці Большы. Ён - Месія, Божы Сын, якому не толькі мора і вецер паслухмяныя, але і жыццё і смерць. Езус пануе над натураю чалавека: вяртае не толькі здароўе, але і жыццё.
Вядомая справа, што Езус прамаўляў не толькі словамі, але таксама цудамі і знакамі. І гэтыя знакі і цуды выражалі праўду пра тое, што Ён казаў і чаму навучаў. Таму людзі дзівіліся, што словы Езуса з'яўляліся навукай з моцаю, і, калі Ён прамаўляў, то не прамаўляў як фарысеі і кніжнікі, але Ягоныя словы ўспрымаліся па-іншаму. У гэтых словах адчувалася моц, словы Езуса не толькі ўзрушвалі паветра, але ўзрушвалі сэрцы. Вядома, што не ўсё народ разумеў, не ўсё разумелі апосталы, аднак усе яны вельмі добра адчувалі, што гэта былі не проста словы, якія можа кінуць на вецер чалавек. Навука Езуса здзіўляла людзей. А тыя, хто меў моцную веру і патрэбу ў чымсьці, станавіліся бачным знакам Божай прысутнасці і дзейнасці Бога сярод людзей.
Дарагія, Бог не стварыў смерці. Ён не пажадаў ліквідаваць чалавека, ператварыць яго ў небыццё за тое, што чалавек парушыў Ягоны наказ. Бог пажадаў чалавека збавіць. Бо першапачаткова Ён стварыў нас да несмяротнасці і пакінуў у чалавеку свой вобраз і сваё падабенства. Смерць жа ўвайшла ў свет праз зайздрасць д'ябла, як чуем сёння ў першым чытанні, і першародны грэх парушыў у чалавеку той першапачатковы вобраз і падабенства Бога. Парушыў, але не знішчыў. Заданнем жа Езуса стала аднавіць гэты слаўны Божы вобраз у нас, у нашай чалавечай натуры. І Божая ласка, якую выслужыў Езус праз смерць і ўваскрасенне, аднавіла Божы вобраз у нашай чалавечай натуры.
Умілаваныя! Езус паказвае, якую вялікую годнасць мае кожнае чалавечае жыццё. Вядома, яно крохкае, падобнае, як піша апостал Павел, да глінянага посуду, які можа хутка знішчыцца. Але нашым заданнем з'яўляецца бараніць гэтую годнасць. Мы адказныя за свой дар жыцця, які атрымалі, але адначасова адказныя за клопат пра іншых. Мы не з'яўляемся самотнымі астраўкамі, таму нам трэба клапаціцца пра іншых людзей таксама. У першую чаргу гэтым клопатам агарнуць сваю сям'ю і таксама іншых, каго Бог паставіць на нашым шляху.
Езус не хоча, каб мы празмерна сабе дагаджалі, каб купаліся ў раскошы, не зважаючы ні на каго; але таксама Езус не кажа, каб мы ігнаравалі клопат аб сваім жыцці і здароўі. Паглядзіце, Езус аздараўляў хворых, нягледзячы на тое, што праз нейкі час яны маглі быць хворымі зноў. Езус уваскрашаў памерлых, сведкамі чаго мы становімся сёння, але праз нейкі час той чалавек павінен быў памерці зноў, бо такі наш лёс. Езус сёння паказвае неверагодную любоў і клопат пра кожнага чалавека. Нягледзячы ні на што, нашае жыццё мае сваю вартасць і сэнс, - можа, мы гэта не да канца ўсведамляем, можа, цяжка ўбачыць нейкі сэнс у, здаецца, па-чалавечы бессэнсоўнай сітуацыі, але Бог думае інакш, чым мы, і, што самае важнае, Ён нас любіць. Менавіта дзеля нас Ён і прыйшоў у гэты свет, каб вярнуць нам несмяротнасць. А шлях да гэтай несмяротнасці праклаў нам Езус праз Галгофу.
Дарагія браты і сёстры! Варта прыслухацца да сённяшняга Божага слова, каб адкрыць любоў да жыцця, якую аб'явіў нам Езус. Кожны з нас пакліканы да вечнасці, але перш чым мы перакрочым яе парог, нам трэба прыняць запрашэнне Езуса, які знішчыў цемру смерці святлом свайго Евангелля. Дарога да вечнасці адна, і гэтай дарогай з'яўляецца Езус Хрыстус. Толькі ў Ім мы можам зразумець самыя цяжкія пакуты і досведы, якія нам прыходзілася ці прыходзіцца перажываць. Для нас галоўнае - ніколі не згубіць той адзіны напрамак, да якога кожны з нас пакліканы, а менавіта імкненне да святасці. А гэтае імкненне магчыма ў тым выпадку, калі мы ўсведамляем дар жыцця і адказваем за яго з любові. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|