Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на XVI Звычайную нядзелю, Год В (19 ліпеня)
Нядзельнае казанне
15.07.2015 12:27

Дарагія браты і сёстры!

Адным з найбольш простых спосабаў праверыць сапраўдную любоў з’яўляецца клопат аб адпачынку для любімай асобы. Напрыклад у сям’і: як доўга муж заўважае стомленасць жонкі, як доўга цікавіцца яе самаадчуваннем, так доўга яе па-сапраўднаму любіць.

З моманту, калі зацікаўленасць яе самаадчуваннем знікае, любоў як бы пачынае астываць. Вядомая рэч, датычыць гэтая ўвага не толькі пытання: “Як сябе адчуваеш, дарагая?”  - хоць і гэтае пытанне важнае… Гэтая ўвага датычыць асобы ў цэлым, азначае, што чалавек для нас не абыякавы.

Той, хто па-сапраўднаму любіць, заўсёды цікавіцца запасам сіл, з якімі крочыць любімая асоба. Істота гэтай зацікаўленасці грунтуецца на тым, што для асобы, якая для нас дарагая і якая стомленая, адразу шукаецца магчымасць адпачынку. Бывае, рабіць гэта прыходзіцца коштам уласнага часу, сіл, але заўсёды гэтаму ўчынку спадарожнічае радасць, супакой, сапраўдная любоў.

Дарагія! Хрыстус нам аб’яўляе любоў, у якой Ён клапоціцца пра сваіх вучняў. Звярніце ўвагу на словы, якія мы з вамі чулі ў Евангеллі. Калі вучні моцна стаміліся, Езус кажа: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны».

Ведаеце, шкада, што заклік нашага Збаўцы адносна адпачынку не зусім у поўнай меры дайшоў да нашых дзён. Адпачынак, можна сказаць, з’яўляецца формай выбаўлення чалавека ад пэўных цяжкасцяў: знешніх або нават унутраных. Езус як Збаўца клапоціцца пра тое, каб апосталы зноў набраліся сіл. А здзейсніць гэта без адпачынку немагчыма. Трэба было абавязкова змяніць атмасферу безупынных размоваў і сустрэч з людзьмі.

Сёння нам трэба звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя словы Езуса: пайдзіце і крыху адпачніце. Хрыстус ведаў, наколькі чалавеку гэты адпачынак патрэбны, наколькі ён важны, нават неабходны для чалавека.

Таму ў школе Езуса адпачынак займае далёка не апошняе месца. А каб навучыцца па-сапраўднаму адпачываць, трэба, каб у гэтым адпачынку быў парадак. І, як паказвае практыка, знаходжанне выдатнага адпачынку нярэдка займае шмат сіл і часу.

Чаму так? Бо ў нашым свеце ўсё ж такі большая ўвага звяртаецца на працу, на пэўную дзейнасць, актыўнасць, на ўменне добрай малітвы, напрыклад, і вельмі мала ўдзяляецца часу таму, каб навучыцца правільна адпачываць. Я не спаткаў яшчэ ніводнай кнігі, якая б распавядала аб адпачынку ў духу Евангелля. Дзіўная гэта рэч, што можна на тэму працы ці на тэму дасканаласці малітвы знайсці цэлыя бібліятэкі матэрыялаў. Аднак што датычыць пэўных практычных увагаў хрысціянскага адпачынку, выхавання да такога адпачынку - такіх матэрыялаў вельмі мала або наогул няма.

Дарагія! Важна ўсвядоміць адну рэч: уменне карысна адпачыць, уменне арганізаваць такі адпачынак для іншых з’яўляецца фактам сапраўднай любові да бліжняга. Калі бачым, што нашыя бліжнія патрабуюць адпачынку, бо стомленыя, то любоў у нашым сэрцы клапоціцца аб тым, каб мы стварылі неабходныя ўмовы адпачынку для іх. Бо значна лягчэй захоўваць спакой сэрца перад абліччам цяжкіх сітуацый, калі чалавек поўны сіл. Ён тады моцны, мае ў сабе раўнавагу. Сапраўдная любоў уплывае на тое, каб мы клапаціліся пра іншых і пра сябе ў справах сапраўднага выдатнага адпачынку.

Не абавязкова такім адпачынкам павінен быць отпуск ці вакацыі. Наадварот, бывае, што чалавек больш стомлены ад отпуску, чым ад працы. Больш карысным і якасным адпачынак будзе ў тым выпадку, калі, напрыклад, выходзім на прагулку, паасобку ці разам з сям’ёю. Адпачынак будзе тады, калі нам хапае гадзінаў сну, калі стараемся паслухаць цішыню, хоць пэўны час, каб засяродзіцца і знайсці самога сябе, якога так часта губляем у штодзённай мітусні. Ведаеце, часам хапае нават гадзінкі такога адпачынку, каб перамяніць смуткуючыя рысы твару на сапраўдную радасную ўсмешку.

Самым небяспечным ворагам адпачынку ў сучасным свеце з’яўляецца марнаванне часу на празмерны заробак грошай. Грошы сапраўды рэч вельмі патрэбная, але толькі без фанатызму. Гэта ў тым выпадку, калі грошы зарабляюцца коштам цярпення блізкіх. Гэта нешчаслівыя грошы. І яны не пойдуць на карысць. Бо значна лепш той час прысвяціць мужу, жонцы, дзецям, сям’і ў цэлым, блізкім, сябрам. А не жыць толькі дзеля таго, каб увесь час перамяняць у грошы. Бо мудры адпачынак мае вялікі ўплыў не толькі на іншых людзей, але таксама на вынік працы. Чалавек, які адпачыў, здольны стварыць вакол сябе выдатную атмасферу, у якой значна лепш працуецца і вынік працы адрозніваецца ад выніку працы чалавека стомленага, якому свет не мілы.

Дарагія браты і сёстры! Каб наша сённяшняе разважанне пра адпачынак не засталося толькі пустым словам, варта спрабаваць у найбліжэйшы час для сябе, для сваіх блізкіх арганізаваць пэўны час адпачынку. Няхай гэта будзе такая форма правядзення часу, якая найбольш карысная і любімая для нас і нашым блізкіх. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 15.07.2015 21:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.