Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на XVII Звычайную нядзелю (26 ліпеня)
Нядзельнае казанне
23.07.2015 16:35

«Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ».

Дарагія браты і сёстры!

Па сутнасці, жыццё чалавека даволі цікавае, шматграннае, часам складанае і, на жаль, хутка прамінальнае. Аднак у гэтым жыцці мы пакліканы, каб імкнуцца будаваць яго як мага лепш, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя і годныя сродкі да гэтага. Таму ў нашую чалавечую натуру добра ўпісваецца жаданне самарэалізацыі ў жыцці: напрыклад стварэнне сям'і, клопат аб яе дабрабыце і г. д. І нашае імкненне атрымаць вышэйшую адукацыю, лепшую пасаду і заробак становіцца чымсьці натуральным і зразумелым.

Нават і добра, што чалавек імкнецца да таго, што лепшае, шукае магчымасцяў, якія дапамогуць яму і яго сям'і стварыць неабходную матэрыяльную базу і добрую атмасферу развіцця. Дарэчы, кепскі той салдат, які не хоча стаць генералам. Гэта добра, але ёсць адно “але”.

Імкненне да шукання чагосьці лепшага у сваім жыцці не павінна быць здзейснена за кошт крыўдаў і несправядлівых адносінаў да іншых людзей, якія таксама імкнуцца палепшыць свой дабрабыт. Мы не можам пераступаць праз людзей, бо нельга парушаць ці абмяжоўваць свабоду іншага, - гэта кожны з нас ведае з уласнага досведу. Мы пакліканы да таго, каб развіваць свой дабрабыт у супакоі і справядлівасці. Бо калі нават і здабудзем багацце за кошт падману ці несправядлівасці, гэта ніколі нас не зробіць шчаслівымі. Гэта нават паводле людской логікі вядома, а што тады казаць пра Божую.

Гэтая думка вельмі выразна бачная ў сённяшнім Евангеллі. Звярніце ўвагу на заканчэнне гэтага ўрыўка: «Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін».

Мае дарагія! Людзі, якія жывуць толькі зямнымі катэгорыямі, якія сваю надзею ўскладаюць толькі на зямное жыццё, на свой уласны поспех, на свае магчымасці, на волю сляпога лёсу, - ніколі да канца не зразумеюць, чаму Езус адышоў, каб Яго не абвясцілі каралём. Чаму Ён так учыніў? Гэта ж такія выдатныя перспектывы, як для Езуса, так і для Ізраэльскага народа.

Езус мог бы спакойна, як кароль Ізраэля, падтрымліваць гармонію як у прыродзе, так і ў грамадстве, прырода стварала б як мага лепшыя ўмовы для багатага ўраджаю, а Юдэя не толькі дабілася б суверэнітэту, але, напэўна, і квітнела б больш, чым у часы Саламона. Калі б не хапала хлеба, для Езуса гэта не было б праблемай. Дарэчы, у сённяшнім Евангеллі мы пачулі аб цудзе памнажэння хлеба, што і справакавала ў прысутным натоўпе ідэю зрабіць Езуса каралём.

Можна і далей разважаць, марыць, уяўляць, як бы добра жылося ізраэльцам і не толькі ім, калі б Езус стаў зямным каралём. Але Ён ім не стаў. Прынамсі, не стаў каралём на людское жаданне. Бо Ён - Кароль і Валадар ад пачатку. Толькі валадарства Ягонае не з гэтага свету, як пазней Езус скажа на допыце ў Пілата. Усё вельмі проста: Езус не згаджаецца з воляй людзей, таму што іх воля не згаджаецца з Божай.

Езус, якога паслаў Айцец, павінен быў выканаць місію збаўлення. Ён вельмі часка казаў аб ёй многім людзям, якія збіраліся каля Яго, каб слухаць Божае слова і атрымаць аздараўленне, казаў гэта і сваім апосталам, якія спачатку мала што разумелі з Ягоных словаў адносна пакутаў, смерці і ўваскрасення. Калісьці нават сам апостал Пётр на словы Езуса, які казаў аб сваіх будучых пакутах і смерці, адвёўшы Езуса ўбок, сказаў Яму: «Пане, няхай ніколі гэта з Табою не здарыцца!» Аднак адказ Езуса для Пятра быў суровы і нечаканы: «Адыдзі прэч, сатана, бо ты думаеш пра тое, што людское, а не пра тое, што Божае».

Дарагія! Мы, якія ствараем Хрыстовы Касцёл, добра ведаем матыў Езусавых учынкаў, якія былі незразумелыя для многіх Яго сучаснікаў. Мы добра ведаем, што Езус дасканала выканаў Божую волю і паказаў нам, наколькі важна ў жыцці быць верным гэтай Божай волі. Сёння Езус нас заклікае да таго, каб мы імкнуліся, слухаючы Божае слова і прымаючы яго да сэрца, адкрываць Божую волю ў сваім жыцці. У вечнай перспектыве Бог нам дае збаўленне і жадае, каб мы не змарнавалі гэты каштоўны дар. Але таксама Божай воляй з'яўляецца тое, каб чалавек годна будаваў жыццё і адносіны з іншымі людзьмі. Бог жадае, каб мы развівалі і паляпшалі сваё жыццё, але беручы пад увагу іншага чалавека.

Сёння Езус хоча нам сказаць, наколькі важны кожны чалавек для Бога, што менавіта той Божы вобраз і падабенства, якія былі дэфармаваны першародным грахом, дзякуючы Божай любові і збаўчым учынкам Езуса Хрыста былі адноўлены ў чалавеку. Бог здольны праявіць сваю моц там, дзе чалавечыя магчымасці заканчваюцца. Езус накарміў галодны натоўп людзей, дзе ежы амаль не было. Сёння з вуснаў апостала Андрэя чуем, што з ежы было толькі пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, а людзей - каля пяці тысяч. У рэальнасці гэтага б нават і па маленечкім кавалку на ўсіх не хапіла. І Езус немагчымае робіць рэальнасцю. Не толькі насычае такі вялікі натоўп, але яшчэ застаюцца няз'едзеныя рэшткі хлябоў, якіх сабралі аж дванаццаць кашоў. Але гэта яшчэ не найбольшы цуд Езуса. Яго смерць і ўваскрасенне пераўзышло сённяшні цуд памнажэння хлеба, бо Езус застаўся хлебам назаўсёды, хлебам, які дае вечнае жыццё.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Мы пакліканы да адзінства ў Касцёле, дзе рэалізуецца нашае духоўнае аднаўленне. Еднасць з Богам і еднасць з іншымі людзьмі — гэта дзве плоскасці, якія цесна пераплятаюцца. Аб гэтым выразна кажа святы Павел у Пасланні да Эфесцаў, заклікаючы нас, веруючых людзей, да любові і міру, бо нашае хрысціянскае пакліканне аб'ядноўвае нас усіх у Богу.

Езус — Валадар нашых сэрцаў, здольны сёння накарміць нас хлебам жыцця, але нам трэба ўсведамляць гэты вялікі дар, нам трэба быць «галоднымі» па гэтым дары ў плане Божага збаўлення. Толькі тады, калі мы дазволім Езусу ўчыніць цуд памнажэння хлеба ў нашым сэрцы, то ўсялякія нашыя імкненні палепшыць дабрабыт і годнасць свайго жыцця будуць вартымі сапраўднай пахвалы і, што не менш важна, Божага Валадарства. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 26.07.2015 00:57
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.