Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХ Звычайную нядзелю (16 жніўня)
Нядзельнае казанне
13.08.2015 15:09

“Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім, — кажа Пан”.

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя нядзельная літургія проста прасякнута духам мудрасці. Звярніце ўвагу на першае чытанне з кнігі прыпавесцяў Саламона. Цнота мудрасці мае людскія рысы: яна збудавала дом, высекла сем калонаў, змяшала віно і падрыхтавала стол.

Другое чытанне, у якім апостал Павел звярнуўся да Эфесцаў, таксама апавядае пра мудрасць. Толькі гэтая мудрасць датычыць сферы паводзінаў, мае маральна-павучальны характар. Апостал нас вучыць, каб мы паступалі мудра, каб цанілі час і добра яго выкарыстоўвалі. Бо дзякуючы мудрасці мы можам пазнаваць, якая ёсць Божая воля ў нашым жыцці.

І сённяшняя тэма мудрасці вельмі прыгожа раскрываецца ў фрагменце Евангелля, які мы з вамі пачулі. Словы Езуса гучаць вельмі нетыпова для Яго сучаснікаў. І у дыялогу з імі нарастае ўсё большая прорва неразумення. Езус кажа: “Я хлеб жывы, які сышоў з неба”. Можам сабе ўявіць, як складана было прыняць гэтую праўду тагачасным юдэям, якія верылі ў Адзінага Бога.

Вядомая справа, што гэтыя словы Езус не казаў беспадстаўна. Яго жыццё казала само за сябе. Людзі, якія пачыналі верыць у Езуса, маглі ўбачыць не толькі тое, што знешняе, вонкавае, але маглі зазірнуць і значна глыбей. А перш за ўсё ўбачыць у Езусе Месію, якога паслаў Бог Айцец дзеля збаўлення. Дзякуючы мудрасці, злучанай з верай, чалавек становіцца перакананым у праўдзе словаў, якія прамовіў Езус, што менавіта Ён і ёсць той хлеб з неба, які дае вечнае жыццё.

Для юдэяў было вялікае згаршэнне, калі яны пачулі з вуснаў Езуса словы, у якіх Ён казаў, што хлеб гэты - Ягонае цела, якое Езус дае дзеля жыцця свету. Яны не маглі да канца зразумець гэтай праўды, а зразумелі яе вельмі павярхоўна і няправільна, што і выклікала спрэчку і непаразуменні. “Як Ён можа даць нам есці сваё цела?”

Мае дарагія! Без сумнення, дар мудрасці тут вельмі патрэбны. Як ён быў патрэбны юдэям таго часу, каб зразумець словы Езуса, таксама і нам сёння патрэбны гэты дар. Чаму? Бо справы гэтага часу, наш клопат пра зямное вельмі часта даводзіць нас да таго, што мы становімся чымсьці падобнымі да тых юдэяў, якія не разумелі словаў Езуса. Адзіная розніца ў тым, што юдэі бунтавалі, спрачаліся і адыходзілі ні з чым, а сучасны чалавек настолькі заняты сваім жыццём, сваім “хлебам”, што іншага не патрабуе.

Як жа часта сёння чалавека задавальняе спажыванне толькі зямнога хлеба, а той, які з неба сыходзіць, каб даць вечнае жыццё, становіцца сёння забытым ці занядбаным. Таму Езус для нас паўтарае гэтыя словы: “Калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень”. Гэтымі словамі Езус акрэслівае нашае збаўленне, якое заключаецца ў спажыванні цела і крыві. Перад намі вобраз Эўхарыстыі. Вось на гэтым алтары спраўдзяцца Езусавы словы, а мы прымем Яго ў гэтым сакрамэнце.

Звярніце яшчэ раз увагу, дарагія браты і сёстры, на сённяшняе першае чытанне: “Мудрасць збудавала дом свой… Змяшала віно сваё і стол падрыхтавала… сказала: Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно…” Глядзіце, як выдатна гэтыя словы пераклікаюцца з сённяшнім Евангеллем. Мы можам падумаць, што для юдэяў словы Езуса былі як халодны душ; у нейкім сэнсе так, але Бог ніколі не хоча шакаваць чалавека. Праз Святое Пісанне Ён рыхтуе выбраны народ да кульмінацыйнага моманту. І Езус сёння аб’яўляе гэты момант, бо “цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім”. Праблема юдэяў у тым, што яны да канца не разумеюць Святое Пісанне. А нашая з вамі праблема – у тым, што мы кепска ведаем Святое Пісанне, не кажучы пра разуменне.

Словы са Старога Запавету становяцца правобразам таго, што здзейсніць Езус дзеля нашага збаўлення. Паглядзіце, як спраўдзіліся словы з першага чытання: гэта Ён, Езус, збудаваў для нас дом - Касцёл, гэта Ён высек сем калонаў для нас – сем сакрамэнтаў Касцёла. Гэта Ён, Езус, змяшаў віно і стол падрыхтаваў у Эўхарыстыі, і заклікае кожнага, каб прыйшоў сюды.

Дарагія браты і сёстры! Навука мудрасці, якую нам дае сённяшняя літургія, слова, накіравана на тое, каб мы заўсёды адчувалі патрэбу жывога хлеба, які з неба сыходзіць. Наш клопат пра хлеб штодзённы не з’яўляеца чымсьці дрэнным, наадварот, мы павінны пра яго клапаціцца, але вельмі важна, каб у гэтым клопаце мы не занядбалі справаў нашай веры. Бо вельмі лёгка сучасны чалавек паддаецца спакусам матэрыялізму, які прыводзіць да таго, што людзі перастаюць клапаціцца пра духоўнае жыццё, а гэта бяда нумар адзін. Чалавек без веры – згублены чалавек. Прымем жа настаўленні апостала, які кажа: “Глядзіце дакладна, браты, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя… Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана… Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу ў імя Пана нашага Езуса Хрыста”.

Калі мы жыццёвую мудрасць злучым з вераю, то вельмі хутка адкрыем у сабе прагненне жывога хлеба. І наш зямны клопат перш за ўсё накіраваны на тое, каб мы гэтую праўду ў сабе адкрылі. Каб мы клапаціліся не толькі пра фізічнае жыццё, але і пра жыццё нашай душы. Езус нам дае гэтую магчымасць, бо Ён – хлеб жывы, які сышоў з неба, каб кожны з нас меў вечнае жыццё. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.