Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХІІІ Звычайную нядзелю (6 верасня)
Нядзельнае казанне
03.09.2015 15:30

«Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве і лячыў усялякую немач у людзей».

Дарагія браты і сёстры!

На пачатку сённяшняга нядзельнага разважання хочацца ўзгадаць той момант, калі Езус, вярнуўшыся ў свой родны Назарэт, у дзень суботні прачытаў у сінагозе ўрывак з кнігі прарока Ісаі і гэтым вельмі здзівіў сваіх землякоў. Чаму здзівіў? Паслухайце, калі ласка, гэтыя словы: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб абвясціць год ласкі Пана…»

Хачу адзначыць, што Езус не толькі здзівіў слухачоў, якія сабраліся тады ў сінагозе і са здзіўленнем глядзелі на свайго «харызматычнага» земляка. Але вельмі важна тое, што Езус абвясціў ім пачатак сваёй місіі: настаў той месіянскі час, аб якім напісана ў кнізе прарока Ісаі, і не толькі ў ёй.

І сённяшняе першае чытанне ў пэўным сэнсе працягвае прэзентацыю місіі Езуса Хрыста: «Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш. Ён сам прыходзіць і збавіць вас». І, каб не быць галаслоўным, далей аўтар прароцтва кажа: «Тады вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца. Тады кульгавы, як алень, падскочыць, і язык нямых усклікне радасна». Цудоўным пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца словы, якія мы сёння знаходзім ва ўрыўку Евангелля ў сцэне аздараўлення глуханямога.

У межах Дэкаполіса, дзе ў гэты момант знаходзіўся Настаўнік з Назарэта, як апавядае сённяшні ўрывак Евангелля паводле Марка, да Езуса прыносяць глуханямога і просяць, каб яго аздаравіў. Тут евангеліст кажа аб веры вялікай колькасці людзей, магчыма, гэта родныя і блізкія таго хворага чалавека.

Затым адбываецца наступнае: Езус адводзіць глуханямога ад шэрагу іншых людзей, магчыма, каб пераканацца ў яго асабістай веры. І калі Езус, зрабіўшы пэўныя жэсты, уздыхнуў і прамовіў: «Эффата», – адбылося проста штосьці неверагоднае: чалавек, які дагэтуль нічога не чуў і, як вынік, не мог размаўляць, у адно імгненне пачаў гаварыць выразна. Ці не адбіліся рэхам у гэтым цудзе словы сённяшняга першага чытання: «Вушы глухіх адкрыюцца і язык нямых усклікне радасна»?

Мае дарагія, вось практычна пачалі здзяйсняцца словы Езуса, якімі Ён аб’явіў волю свайго Айца. «Дух Пана на Мне! Збыліся словы, якія прагучалі толькі што тут», – скажа сваім землякам Езус, і ў хуткім часе адбудзецца шмат практычных доказаў гэтага ў разнастайных цудах і аздараўленнях. Таму што, прыходзячы ў гэты свет, Езус прыносіць нам свабоду: свабоду ад граху і адначасова свабоду да Божай ласкі. «Я прыйшоў абвясціць год ласкі Пана!» Іншымі словамі, Езус кажа, што скончыліся ўсялякія падзелы, цемра безнадзейнасці знікла і настаў час збаўлення. Таму ў Хрысце мы маем сапраўдную свабоду. Адзінае, што нам зараз патрэбна – гэта практыка веры, гэта ўмелае карыстанне часам ласкі Пана.

Божае слова, якое мы чуем сёння, асабліва падкрэслівае важнасць імкнення быць міласэрным, справядлівым, чыніць дабро іншым людзям, інакш кажучы, пазбывацца маладушнасці. «Скажыце маладушным: Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш!» Іншымі словамі: не будзьце ж маладушнымі! Дазвольце Божай ласцы пашырыць межы вашага сэрца!

Дарагія, гэты заклік з першага чытання звернуты і да нас, сучасных людзей. Таму што нашае сэрца так часта становіцца абыякавым не толькі да іншых людзей, але нават да саміх сябе. Як жа часта мы забываем пра тое, аб чым некалі пісаў апостал Якуб: вера без учынкаў мёртвая. Значна прасцей у сучасным свеце быць веруючым тэарэтыкам, а не практыкам, бо практыка шмат ад нас патрабуе. Яна нас як бы прымушае адкрыцца, выйсці з уласнага кокану, у які мы вельмі часта трапляем у выніку свайго эгаізму і маладушнасці.

Ці здольныя мы сёння, у дваццаць першым стагоддзі, сапраўды называцца «Хрыстовымі вучнямі сучаснасці»? Гэта не рытарычнае пытанне. Ад адказу на яго шмат залежыць. Я мяркую, што здольныя... Толькі нам самім з рознага роду перашкодамі ўласнымі сіламі не справіцца. Патрэбныя аднадумцы, патрэбны той, хто таксама падзяляе наш ідэал і да яго імкнецца, патрэбны, урэшце, чалавек, які да нас ставіцца не абыякава, які здольны аказаць міласэрнасць.

Паглядзіце: штосьці падобнае, як з тым глуханямым чалавекам. Аднаму яму было б цяжка прыйсці да Пана. Можа, гэта і не было немагчымым, аднак сваімі сіламі гэта было для яго вельмі складана, і таму яго прыносяць да Езуса блізкія яму людзі. Гэтым самым яны яму дапамагаюць. У нейкім сэнсе тыя людзі разам з Езусам Хрыстом чыняць цуд аздараўлення – усе разам з хворым чалавекам уключна. Бо ў іх ёсць вера, якую яны рэалізуюць на практыцы. Мяркую, кожнаму з нас ёсць чаму павучыцца ад тых людзей.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Магчыма, і сёння нам патрэбныя такія людзі, якія будуць гатовыя аказаць міласэрнасць іншым, дапамагчы ў больш ці менш складанай сітуацыі, якія гатовы знайсці такога «глуханямога» і прынесці яго да Езуса. І вельмі добра, каб кожны з нас мог апынуцца сярод такіх ахвочых людзей міласэрнасці, каб дапамагчы Езусу Хрысту і сёння абвяшчаць год ласкі Пана: тут і цяпер. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.