Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на XXVIII Звычайную нядзелю (11 кастрычніка)
Нядзельнае казанне
09.10.2015 14:29

Дарагія браты і сёстры!

Сучаснаму чалавеку, як, зрэшты, і чалавеку мінулага, уласціва ўкладанне жыцця паводле пэўных шаблонаў ці ўзораў. Як мы можам заўважыць, такія шаблоны прысутныя ва ўсіх сферах чалавечага жыцця: яны ёсць у моднай вопратцы, у паводзінах чалавека, у культуры і этыкеце і, канешне, у рэлігійным жыцці.

Напрыклад, калі паглядзець на імідж, знешні выгляд чалавека ў кантэксце гісторыі, то без вялікай цяжкасці мы можам адрозніць чалавека Сярэднявечча ад чалавека эпохі Рэнесансу і ў сваю чаргу на фоне іх з лёгкасцю — чалавека нашага часу.

Так званыя шаблоны ствараюць пэўны парадак у жыцці чалавека, будуюць яго светапогляд, фармуюць меркаванне і густ. І ўсё гэта вельмі добра. Аднак ёсць і адваротны бок гэтага медаля. Заключаецца ён у пэўным фармалізме, у які трапляе чалавек і які можа пазбавіць яго істотнага зместу, што ўкладваўся ў рамкі тых ці іншых паводзінаў чалавека.

Давайце ўзгадаем сённяшні ўрывак Евангелля. Малады чалавек прыходзіць да Езуса і, упаўшы перад Ім на калені, ставіць хвалюючае пытанне: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»

Як бачым, у гэтым юнаку выяўляецца класічны вобраз жыцця паводле пэўнага ўзору. І гэтым узорам з'яўляецца выкананне запаведзяў. Іншымі словамі можам сказаць, што ў жыцці гэтага юнака ёсць узнёслы шаблон рэлігійнага жыцця, які не толькі фармуе яго паводзіны, але мае ўплыў на ўсе сферы ягонага жыцця. І гэты ўзор паводзінаў юнак практыкуе ўжо вельмі даўно. Езус кажа яму, што адказам на яго пытанне з’яўляецца выкананне запаведзяў: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.

Гэты адказ Настаўніка з Назарэта ніколькі не здзівіў юнака, бо ўсё гэта ён захоўваў з маладосці. Яго жыццё базавалася на верным і дакладным выкананні Закону Майсея і Божых запаведзяў. Але чагосьці юнаку не хапала. Здаецца, ён усё рабіў як трэба, паводле традыцыі бацькоў, у якой выхоўваўся. Але ў душы юнака было штосьці, што нарадзіла пытанне, якое ён і адрасаваў Езусу. Бо ведаў, што гэта чалавек мудры, славуты, незвычайны і, што самае важнае - у Яго можна знайсці адказ на гэтае набалелае пытанне.

З боку Езуса бачым зацікаўленасць гэтым чалавекам. І хоць на пачатку Езус дае яму вельмі просты агульны адказ, то, калі прыгледзеўся да яго бліжэй, заўважыў сутнасць праблемы і прычыну ўзнікнення дадзенага пытання. І вось тады Езус кажа юнаку словы, якіх той, напэўна, не чакаў. Гэтыя словы, кажучы сучаснай мовай, проста «абламалі» юнака: «Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною».

Вельмі канкрэтны адказ, які ставіць кропку ў вырашэнні гэтага пытання. Між тым ёсць адно «але»: юнак адыходзіць моўчкі, засмучаны, і, як далей кажа Евангелле - бо ў яго была вялікая маёмасць. На самой справе, дарагія браты і сёстры, апрача гэтага ў юнаку можна заўважыць яшчэ мінімум дзве вельмі вельмі сур'ёзныя праблемы.

Па-першае, юнак, які верна выконваў прадпісанні Закону і Божыя запаведзі ад сваёй маладосці, у пэўны момант згубіў тое, што істотна ў іх практыкаванні. Магчыма, апошнім часам ён выконваў запаведзі толькі дзеля таго, каб іх выконваць, а істотны, укладзены Богам змест ужо не заўважаў. Можам сказаць, што ён трапіў у пэўнага роду фармалізм.

Па-другое, практыкаванне запаведзяў і гэты фармалізм прыводзіць да таго, што юнак падманвае самога сябе. Гэты фармалізм дагаджае ягонаму самалюбству, і хутчэй за ўсё юнак чакае пахвалы ад Езуса Хрыста. З аднаго боку, практыкаванне запаведзяў яго радуе, з іншага - непакоіць. Таму вялікая верагоднасць таго, што гэты малады чалавек чакаў салодкіх дыфірамбаў у свой гонар: які ты малайчына, што гэтыя запаведзі выконваеш! Так і надалей рабі, і атрымаеш у спадчыну жыццё вечнае. Аднак пачуў ён тое, што датычыла ягонай трэцяй праблемы, а менавіта празмернай прывязанасці да маёмасці. Гэта была свайго роду хвароба.

Напэўна, маёмасці ў яго было шмат, і гэта прывяло да таго, што ён ніяк не мог з ёй расстацца. Магчыма, яна не была яму патрэбнай, але ён і ўявіць не мог, каб жыць без падобных матэрыяльных дабротаў. Менавіта яны сталі прычынай яго духоўнай прыгнечанасці і коранем усіх ягоных праблем. Езус гэта адразу заўважыў і даў вельмі простую параду, дзякуючы якой юнак мог бы атрымаць унутраную свабоду і  без праблем напоўніць зместам практыкаванне сваёй рэлігійнасці, а таксама стаць у праўдзе перад самім сабою, перад іншымі людзьмі і перад Богам.

На жаль, празмерная залежнасць не дазволіла юнаку зрабіць правільны выбар. І хоць адказ на сваё пытанне ён пачуў, у яго жыцці нічога істотна не змянілася.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Сённяшні ўрывак Евангелля - гэта наглядная перасцярога для нас, асабліва для нашага рэлігійнага жыцця. Езус нас заклікае да святасці і дасканаласці. Заклік Хрыста вельмі важны для нас, хоць, можа, нас часамі і палохаюць цяжкасці на шляху яго рэалізацыі. Паглядзіце: у сённяшнім Евангеллі апосталы, якія былі сведкамі размовы Хрыста з багатым юнаком, здзівіліся, калі той адыйшоў маркотны, хоць, здаецца, і атрымаў адказ на сваё пытанне. Таму яны запыталіся ў Езуса: «Хто ж можа збавіцца?»

Езус хоць і крытыкуе багатых, але не сцвярджае, што беднасць — гэта аўтаматычна спадчына вечнага жыцця, а багацце — вечная пагібель. Не. Езус кажа, што, паколькі матэрыяльнае багацце адкрывае перад чалавекам шмат перспектываў і шляхоў, то беднасць больш выразна паказвае той шлях, які можа прывесці да мэты, каб мець скарб у небе. Таму тое, што немагчыма ў людзей, магчыма ў Бога.

Дарагія! Сёння Езус звяртаецца і да нашых сэрцаў, падобна як да юнака з Евангелля. Глядзіць на нас не з асуджэннем, але з разуменнем і замілаваннем. Збаўца жадае, каб мы, жывучы паводле Евангелля і выконваючы верна Божыя запаведзі, ніколі не згубілі з вачэй сутнасці, а менавіта любові, якую ўклаў у іх Бог, каб мы станавіліся ў праўдзе перад самімі сабою, перад бліжнімі і перад Богам і былі свабоднымі ад yсялякага роду залежнасцяў. Мы тады зможам прыняць заклік Збаўцы Езуса Хрыста, калі пачуем у глыбіні свайго сэрца такія ці падобныя словы: «Ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.