Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Усіх Святых (1 лістапада)
Нядзельнае казанне
30.10.2015 12:36

“Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы маглі называцца дзецьмі Божымі. І мы імі з’яўляемся”.

Дарагія браты і сёстры!

Урачыстасць Усіх Святых, на якую мы сёння разам сабраліся, мае радасны характар. Літургія сённяшняга дня вельмі выразна падкрэслівае надзею, з якой веруючы чалавек глядзіць у будучыню. Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, - чуем у пасланні апостала Яна, - і мы будзем падобныя да Бога, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць. Хто мае такую надзею на Бога, не будзе асаромлены навекі.

Мае дарагія, хачу задаць Вам пытанне: хто такія святыя? Напэўна, адказ вам вядомы: гэта тыя кананізаваныя, благаслаўлёныя, каго Касцёл робіць узорам святасці, але не толькі. Гэта таксама ўсе тыя, хто атрымаў ласку збаўлення. Гэта тыя, хто праз веру і жыццёвыя выпрабаванні застаўся верным Богу да канца і ў вечнасці цешыцца сузіраннем Бога тварам у твар. Святы - гэта той, хто прыняў дар збаўлення.

Сённяшняе першае чытанне адкрывае вобраз мноства святых, якія прыходзяць да Бога: вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў. Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці.

Інакш кажучы, гэта тыя людзі, якія не саромеліся ў сваім жыцці прызнацца ў Хрысце. Яны не баяліся даваць сведчанне сваёй веры ў Хрыста, які памёр і ўваскрос. Яны не баяліся выклікаў свету! Нават самыя жудасныя цярпенні і пакуты не ў сілах былі разарваць сувязь веры, якую яны мелі ў сваім сэрцы. Бо яны добра зразумелі Божы заклік да святасці і, дзякуючы цярплівасці і вернасці ў веры, змаглі на яго адгукнуцца. Яны зразумелі, што толькі Ён – Хрыстус – дае сапраўднае жыццё, толькі Ён можа выбеліць адзенне бруднай чалавечай душы, якую запляміў грэх.

Напэўна, у кожнага святога быў свой асабісты шлях, свая жыццёвая гісторыя, свая ўласная сустрэча з Хрыстом. Касцёл нам дае святых не для таго, каб мы іх капіравалі (зрэшты, мы і не можам быць кімсьці іншым, мы павінны быць сабою), але каб наследвалі ў прыкладзе жыцця святых тое, што нас можа захапіць і заахвоціць у нашай уласнай дарозе да святасці. Мы павінны быць сабою, пры гэтым штосьці з жыцця нейкага святога беручы сабе на заметку. Нам не трэба паўтараць жыццё, напрыклад, св. Бэрнарда, св. Аўгустына, св. Тэрэзы ці св. Айца Піо. Нам трэба самім пражыць сваё жыццё, і таму вельмі важна ў ім браць урокі ад святых. Вучыцца таму, як я зараз магу рэалізаваць святасць у сваім жыцці, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, якія дае Хрыстовы Касцёл.

“Будзьце святымі, бо Я святы” – гэтыя словы мы можам прачытаць у першым пасланні апостала Пятра. Яны з’яўляюцца дэвізам для кожнага Хрыстовага вучня, таму яны актуальныя для кожнага з нас. Гэта заахвочванне, якое нам дае сам Бог, каб мы былі святымі, паколькі святы сам Бог. Дарагія! Святасць – гэта нашае пакліканне. І гэты працэс дарастання да святасці пачынаецца ўжо тут, на зямлі. Нельга аддзяляць жыцця зямнога ад вечнасці. Бо мы тут, на зямлі, здольныя зрабіць вектар, накірунак для нашай вечнасці. Памятаеце, як Езус адказвае на пастаўленае пытанне адносна Божага Валадарства: яно тут, сярод вас.

Прыходзячы на свет, чалавек пакліканы да святасці, да таго, каб браць удзел у радасці Божага Валадарства, каб цешыцца перамогаю Хрыста і мець вечнае жыццё. Бо святасць іншымі словамі - гэта збаўленне. Гэта адказ “так” на Божую прапанову. Мы створаны Богам без нашай згоды, але быць збаўленымі без нашай асабістай згоды мы не можам. Бог нас сілай не збавіць. Але і выключна сваімі ўчынкамі мы таксама не ў стане атрымаць Хрыстовае апраўданне. Як жа нам быць? Што значыць быць святым?

Умілаваныя! Быць святым – гэта ствараць гармонію між вызнаванай вераю і жыццём. Гэта значыць слухаць Божае слова, прымаць яго і жыць ім. Быць святым - гэта не значыць хадзіць па аблоках ці будаваць паветраныя замкі. Быць святым – гэта значыць быць рэалістам, Хрыстовым рэалістам, які цвёрда ступае нагамі па зямлі, а сэрцам дакранаецца неба.

Наследваць Хрыста кожны дзень свайго жыцця: ці гэта радасны дзень, ці дзень, поўны расчаравання і болю - вось нашая з вамі задача! “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас, — кажа Пан”. Вось наш накірунак да святасці: прыйсці да Езуса, нягледзячы ні на што, з вераю ў тое, што Ён з’яўляецца даўцам сапраўднага супакою і што Ён здольны зразумець і выслухаць нас, нават у самых складаных жыццёвых абставінах.

Таму Езус - гэта дарога, праўда і жыццё. І ўжо тут, на зямлі, Ён дае нам надзею і прадсмак вечнага жыцця. Ён дае нам заступнікаў у асобе святых, каб агонь нашай надзеі не згас. Каб мы не спалохаліся выклікаў сённяшняга свету, як і складаных жыццёвых выпрабаванняў. Ён дае нам людзей побач, каб мы, бачачы іх веру, змаглі запаліць ёю свае сэрцы і перадаць гэты агонь веры іншым.

Святыя існуюць не дзеля таго, каб мы з імі спаборнічалі: хто лепшы і больш пабожны ў Валадарстве Нябесным. Але каб мы, даверыўшыся іх падтрымцы, гэтай еднасці Святых, смела крочылі па жыцці, ні на крок не адыходзячы ад мэты, якой ёсць нашае збаўленне. Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.