Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ІІ Звычайную нядзелю, Год С (17 студзеня)
Нядзельнае казанне
14.01.2016 15:29

“Пан паклікаў нас праз Евангелле, каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста”.

Дарагія браты і сёстры!

Адметнасць сённяшняй літургіі заключаецца ў тым, што ўжо пачаўся звычайны перыяд. У літургіі слова ад наступнай нядзелі і аж да Папяльцовай серады, а таксама ад Спаслання Духа Святога аж да наступнага Адвэнту, спадарожнічае нам Евангелле паводле Лукі. Толькі сённяшняя нядзеля выключэнне, бо Евангелле, якое мы пачулі, паводле Яна. Гэта вельмі знаёмы нам урывак пра вяселле ў Кане Галілейскай і цудоўнае перамяненне вады ў віно. Але перш чым паразважаць над гэтым урыўкам з Евангелля, варта яшчэ ўзгадаць словы з першага і другога чытання.

Урывак з кнігі прарока Ісаі, які мы чулі, паведамляе нам аб Божым збаўленні. Вобраз гэтага збаўлення малюецца наступным чынам: Бог нібы жаніх, а выбраны народ – прыгожая нявеста. Стварыцель сам будзе жаніхом для свайго народу: «як юнак бярэ замуж дзяўчыну, так узрадуецца табою твой Бог». І гэты вобраз цесна пераплятаецца з сённяшнім Евангеллем. Выбраным народам у перспектыве становяцца ўсе, хто прымае Хрыста і верыць у Яго. І ў гэтым народзе Божым кожны мае сваё месца і свае харызматы. Аб гэтым мы з вамі чулі ў другім чытанні.

Апостал Павел кажа, што кожны атрымаў дар і ласку Духа Святога. Дзякуючы смерці і ўваскрасенню Езуса кожны чалавек мае сваё заданне, сваю ролю ў жыцці. Гэтае заданне вынікае з нашых адносін да Езуса. І толькі Дух Святы, які размяркоўвае розныя дары, забяспечвае адзінства ўсіх у Хрыстовым целе, якім з’яўляецца Касцёл. Кожны з нас павінен выконваць сваю «місію», якую мы атрымалі не з нараджэння, але як дар Хрыстовага Духа. Таму Хрыстус-жаніх радуецца нявесце – супольнасці верных – супольнасці, якая называецца Касцёлам. І ў гэтай супольнасці дух Хрыста няспынна дзейнічае. Таму Хрыстус – гэта надзея для кожнага веруючага чалавека. Гэта мая і твая надзея, а таксама радасць.

Вобраз вяселля, які прысутнічае ў першым чытанні, актуальны і для Евангелля, тэмай якога становіцца вяселле ў Кане Галілейскай. Для большага разумення сённяшні ўрывак Евангелля варта пачаць ад канца. Для нас гэта будзе больш храналагічна і больш зразумела. Канешне, інтэрпрэтацыя гэтага ўрыўку вельмі багатая. Яго можна інтэрпрэтаваць і ў гістарычным кантэксце, і ў сацыяльным, і ў маральным, духоўным. Нас, канешне, больш цікавіць апошняе, духоўнае тлумачэнне. Таму варта пачаць нашае разважанне ад словаў:

“Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя”. Менавіта ў гэтым кантэксце трэба нам разумець гэты ўрывак Евангелля. Бо калі пойдзем іншым шляхам, можна заблукаць у шматлікай разнастайнасці ўсялякага роду тлумачэнняў гэтага тэксту і, напрыклад, не зусім адэкватна зразумець цуд Езуса Хрыста падчас вяселля ў Кане: памылкова можна падумаць, што Езус заахвочваў людзей, каб яны ўжывалі віно, а Маці Божая прымусіла Яго нават учыніць цуд у гэтым напрамку.

Насамрэч, цуд у Кане Галілейскай быў спачатку знакам для вучняў, а потым стаў знакам для ўсяго Касцёла. Знакам ці, інакш кажучы, тым, што мае глыбокае павучальнае значэнне. Зрэшты, кожны цуд Езуса можна лічыць таксама знакам. Бо Езус не здзяйсняў цуды проста так, каб бессэнсоўна паказаць сваю незвычайную моц. Езус не рабіў з сябе супермэна. Але кожны цуд Езуса заўсёды звязаны з верай чалавека і меў глыбокае тэалагічнае значэнне.

І менавіта змест, значэнне цуду, здзейсненага Настаўнікам з Назарэта, з’яўляецца найважнейшым. Часцей за ўсё мы звяртаем увагу на нейкі незвычайны ўчынак, феномен, але вельмі рэдка задумваемся над яго значэннем у жыцці. Так было ў часы, калі жыў Езус, так ёсць і зараз. Перамяненне вады ў віно перамяніла таксама меркаванне вучняў аб Езусе. Да гэтага Яго ведалі як красамоўнага настаўніка, чалавека, уражлівага на цярпенні і патрэбы бліжніх, а зараз вучні адкрываюць у Ім нешта большае: Ён мае незвычайную моц панавання над сіламі прыроды.

Гэтае адкрыццё паклала пачатак нараджэнню веры ў сэрцах вучняў. З гэтага моманту яны вераць, што Езус з’яўляецца Месіяй, мае даручанае Богам Айцом заданне ажыццявіць збаўленне. Тое, што чакаў і на што спадзяваўся многімі стагоддзямі ізраэльскі народ. І вось Месія прыйшоў, Яго можна ўбачыць, да Яго можна дакрануцца, з Ім можна паразмаўляць тварам у твар. Ён разам з усімі на вяселлі п’е тое ж віно, у якое асабіста сваім словам перамяніў ваду. Зрабіў гэта не для таго, каб Яму пляскалі ў далоні і крычалі “брава”. Езус здзейсніў гэты цуд, каб абудзіць у сваіх вучнях веру. Каб яны пазналі і паверылі.

І так, як было падчас вяселля ў Кане Галілейскай, так ёсць і па сённяшні дзень. Езус хоча, каб мы паверылі. Ён хоча абудзіць нашую веру. Каб у нас была сапраўдная іерархія каштоўнасцяў: спачатку нашая вера, а потым усе нашыя штодзённыя справы і патрэбы. Вельмі важна аб гэтым памятаць падчас асабістай малітвы. Вельмі часта мы просім Бога, каб Ён нам дапамог у розных жыццёвых справах. Магчыма, гэты момант з Каны Галілейскай з’яўляецца нагодай, каб Бога ў нейкім сэнсе “зачапіць” нашымі просьбамі. Так ёсць. Маем на гэта права. Але ёсць адна рэч: кожнаму з нас варта памятаць, што самым важным для нас, нягледзячы ні на што, з’яўляецца нашая асабістая вера, наш безумоўны давер Езусу. Давер, нягледзячы на тое, ці нашая вада пераменіцца ў віно, ці застанецца надалей толькі вадою. Нельга Бога рабіць залежным ад нашых просьбаў і жаданняў. А таксама нельга ацэньваць нашыя адносіны да Бога колькасцю нашых выкананых просьбаў, якія мы заносілі Богу на малітве.

Наш давер да Бога праяўляецца ў нашай паслухмянасці Божай волі, ва ўменні цярпліва пераносіць усё тое, што нам у жыцці Бог спасылае. Так, як тыя слугі, якія ўсё выканалі паслухмяна, хоць розумам, магчыма, і бунтаваліся. Вось паглядзіце: замест таго, каб спакойна адпачываць падчас вяселля, слугі, на словы аднаго запрошанага, прынеслі з аддаленай студні некалькі дзясяткаў вёдраў вады. Напэўна, гэтая ідэя здавалася ім поўным абсурдам, але дзякуючы іх паслухмянасці і перадусім даверу Хрыстус змог аб’явіць сваю боскую моц. І вядома, калі б не было вады, то не было б таксама і віна. А для гаспадароў вяселля гэта стала б прычынай вялікага сораму.

Дарагія браты і сёстры! З намі таксама ёсць нешта падобнае як са слугамі з сённяшняга Евангелля. Нам трэба быць гатовымі даверыцца Богу, нягледзячы на жыццёвы абсурд і без гарантыі на хуткі поспех. Магчыма, яго нам трэба доўга чакаць. Ды наогул уся гэтая справа нямала нам будзе каштаваць, не адно вядро вады нам трэба будзе прынесці з далёкай студні, каб Езус меў што перамяняць, каб нам благаславіць у нашым жыцці.

Спрабуйма ж даверыцца Богу, а ўзорам гэтага даверу няхай будуць для кожнага з нас Марыя, Маці Езуса, і тыя паслухмяныя людзі, імён якіх не ведаем, якія выканалі даручаную Ім справу. Калі даверымся, то і мы выканаем усё тое, што хоча ад нас Бог. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.