«Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых»
Дарагія браты і сёстры!
Сёння Езус нас запрашае прыслухацца да гэтых словаў, прыслухацца да чытанняў, псальма, акламацыі, да Евангелля, каб адкрыць для сябе ўсё тое багацце, якое змяшчана ў Божым слове. Хлебам штодзённым мы кормім нашае цела, але нам таксама неабходны пасілак для нашай душы. Менавіта слова, якое выходзіць з Божых вуснаў, трапляючы ў самую глыбіню нашых сэрцаў, насычае нас жыццядайнай сілай, узмацняе наш дух, робіць падобнымі да Божага Сына.
Дарагія! Насычацца Божым словам — гэта праграма не толькі на Вялікі пост, але і на ўвесь час, яно павінна стаць нормай нашага жыцця. Бог у сваім Слове прамаўляе да нашых сэрцаў, і нам трэба на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі, якая трывае пры Божым слове, услухоўваючыся ў Яго, годна наследаваць Божую Маці, каб прыняць тое, што для нас падрыхтаваў Бог.
Перыяд Вялікага посту ў гэтым адкрывае перад намі вялікія магчымасці, каб мы, пачуўшы голас Бога, праз пакаянне і навяртанне наблізіліся да Айца міласэрнасці і прынялі Ягоную ласку прабачэння, якая так неабходная кожнаму з нас. Дзеля гэтага сёння варта задумацца: што менавіта нам хоча сказаць сёння Езус, што асабіста мне хоча сказаць Божы Сын, над чым нам карысна было б спыніцца і паразважаць, асабліва ў перыяд Вялікага посту.
Не памылюся, калі скажу, што кожнаму з нас знаёмае жаданне штосьці змяніць, аднавіць, асвяжыць... Напрыклад набыць новую вопратку, змяніць інтэр'ер кватэры, можа, нават памяняць машыну або зрабіць дома капітальны рамонт. Усё гэта цудоўныя нашыя планы, якія, як паказвае практыка, нам рэальна ажыццявіць, можа, толькі не адразу. А як нашыя справы выглядаюць у сферы аднаўлення духоўнага жыцця? Якія нашыя планы адносна яго? Ці наогул яны існуюць?
Дарагія, літургічны перыяд, які мы зараз перажываем у Касцёле, а менавіта Вялікі пост - гэта добрая магчымасць стварыць такія планы духоўнай адновы. Асноўную, базавую схему для нашай духоўнай адновы Касцёл нам ужо дае ў форме набажэнства Крыжовага шляху, Песняў Жальбы, іншых велікапосных набажэнстваў, якія маюць на мэце набліжэнне да нас Таямніцы збаўлення, мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Інакш кажучы, добрую аснову мы ўжо маем. Для нас важна ва ўсім гэтым спаткаць Хрыста, які жадае нас аднавіць. І вось у гэтым месцы распачынаецца поле для нашага духоўнага будаўніцтва. Мы можам скласці цудоўную праграму перажывання часу Вялікага посту, ведаючы, дзеля чаго нам патрэбны гэты час, якая яго мэта.
Аднова, якая датычыць матэрыяльнай сферы нашага жыцця, нашыя планы, асабліва калі яны рэалізоўваюцца, прыносяць нам безліч радасці, нават даюць нам больш сіл, яны нас падбадзёрваюць. Тым больш, мае дарагія, нашая духоўная аднова дадасць нам сілы і бадзёрасці, калі мы рэалізуем Божы план, які асабліва актуальны ў час Вялікага посту і які мы асабліва выразна чуем у літургіі Папяльцовай серады: кайцеся і верце ў Евангелле! Так! Гэта вельмі цудоўны план як на час Вялікага посту, так і на далейшы час нашага жыцця. Бо навяртанне ўключае ў сабе нашае пакаянне і прымірэнне з Богам, а таксама з нашымі братамі і сёстрамі.
Магчыма, для гэтага вельмі карысна паглядзець на сваё мінулае, не дзеля таго, каб яшчэ больш папракаць сябе ў памылках або кусаць локці па прычыне добрых, але не рэалізаваных магчымасцяў. Не! Зірнуць на карціну свайго мінулага жыцця належыць з асаблівай развагай і мудрасцю, каб убачыць у гісторыі свайго жыцця прысутнасць Бога, тое, што Ён побач не толькі тады, калі прамаўляе, але таксама тады, калі нам здаецца, што маўчыць. Відавочны прыклад гэтага мы сёння чуем у першым чытанні з Кнігі Другазаконня. Дзеля чаго, вы думаеце, Майсей узгадвае гісторыю ізраэльскага народа, асабліва той момант, калі габрэі пакутвалі ў Егіпце?
Думаеце, Майсей жадае наступіць на балючы мазоль свайго народа? Ніякім чынам! Народ вельмі добра ведае сваю гісторыю, каб яе яшчэ раз узгадваць. Справа ў іншым. Вялікі Божы пасланец, Майсей звяртае увагу свайго народа на мінулае, каб яны ў гэты момант вярнуліся на пачатак сваёй гісторыі. Што там адбывалася? Майсей распавядае аб невялікай группе людзей, якую ўзначаліў адзін арамеец, перасяліўшыся на нейкі час ў Егіпет, і гэтая невялікая група з цягам часу разраслася ў вялікі і магутны народ, якога пачалі баяцца нават самі егіпцяне. А паколькі тагачасны фараон мала што ведаў пра вялікі ізраэльскі народ, апрача таго, што ён вялікі, то вырашыў гэты народ паволі знішчаць, каб ён выпадкова не злучыўся з непрыяцелямі і не заваяваў Егіпет.
Што адбываецца? Народ цяжка працуе, ізраэльцы становяцца рабамі ў Егіпце, і іх плач і галашэнне даходзяць да Божых вушэй: «Мы ўсклікалі да Пана, Бога айцоў нашых, і пачуў нас Пан, і ўбачыў нашае прыніжэнне, нашую нядолю і ўціск. І вывеў нас Пан з Егіпта моцнаю рукою і распраўленым плячом, у вялікім страху, сярод знакаў і цудаў. Ён прывёў нас у гэтае месца і даў нам гэтую зямлю, што сочыцца малаком і мёдам». Тут Майсей паказвае, што, нягледзячы на тое складанае мінулае, якое сустрэла ізраэльцаў, Бог заўсёды быў прысутны ў іх гісторыі. Быў прысутны ў Егіпце, калі яны пакутвалі, як прысутны і зараз, калі яны амаль пераступілі Зямлю абяцаную. І, калі габрэі ўсведамляюць Божую прысутнасць у сваім жыцці, яны ўздымаюць свае рукі ўгору, каб дзякаваць Богу за цудоўнае ацаленне, за ўратаванне з рук ворагаў, і як знак гэтай падзякі ахвяраваць плады зямлі, той зямлі, у якую іх накіраваў Бог.
Вось па гэтай прычыне нам, дарагія браты і сёстры, варта зірнуць у сваё мінулае, прыгледзецца да свайго жыцця, каб там убачыць прысутнасць Бога, які нас у духоўным сэнсе вядзе да Абяцанай зямлі збаўлення. Каб мы ў сваім сэрцы склалі ахвяру добрых учынкаў, ахвяру прабачэння і міласэрнасці для Таго, хто нам прабачае і аказвае сваю міласэрнасць. А ўсе нашыя памылкі ўжо не маюць істотнага значэння, бо мы іх ведаем і імкнёмся не паўтараць. А сілы для гэтага мы чэрпаем з Божага слова і Эўхарыстыі, якія нас павучаюць і ўмацоўваюць.
Калі мы ўбачым Божую прысутнасць у нашым мінулым, то падзякуем за яе зараз і будзем мець надзею ў Езусе Хрысце, што ў перспектыве мы дойдзем да мэты, якой з'яўляецца нашае збаўленне. «Таму, калі ты вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены».
Дарагія! Калі Божага Сына спакушаў злы дух, аб чым мы сёння чуем у Евангеллі, то і нас будзе спакушаць. Не думайце, што нас абміне гэты лёс. І не толькі ў перыяд Вялікага посту. Толькі нам не трэба гэтага баяцца. Езус паказвае, як перамагчы ўсялякага роду спакусы.
Па-першае, толькі разам з Езусам мы здольныя іх па-сапраўднаму перамагчы. Па-другое, Божы Сын дае тры канкрэтныя парады супраць усялякага роду спакусаў. Гэтыя парады нібы зброя і зачэрпнуты са Святога Пісання: «Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек...Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць... Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго». Калі перад абліччам спакус мы сэрцам прамовім гэтыя словы, то будзем упэўнены: разам з Езусам мы пераможам! Таму няхай сённяшняе Божае слова і Эўхарыстыя, якую прымем, напоўняць нас адвагай і дапамогуць распачаць добрае перажыванне Вялікага посту. Дзеля таго, каб годныя перамены адбыліся і ў нашым духоўным жыцці, каб, па слову апостала, кожны, хто ў веры пакліча імя Пана, быў збаўлены. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|