«Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе? – Ніхто, Пане… – I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы».
Дарагія браты і сёстры!
Сёння ў Евангеллі мы сустракаемся з вельмі вядомымі падзеямі з жыцця Езуса. Аднак, перш чым паразважаць над дадзеным урыўкам, нам карысна будзе прыгледзецца да вобразу жанчыны, які нам адкрывае Евангелле. Да таго, якое месца жанчына займае ў тагачасным грамадстве і як грамадства трактуе жанчыну часоў Езуса.
Наогул, Біблія вельмі прыгожа, але і аб’ектыўна апавядае аб жанчыне розных эпох. Евангелле таксама ўзгадвае пра жанчын з сумніўнай рэпутацыяй, дарэчы, аб гэтым мы чуем сёння, аднак перш за ўсё дазвольце прыгадаць у двух словах, які лёс звычайна чакаў жанчыну ў габрэйскім грамадстве. З жанчынай амаль не лічыліся, грамадства ставілася да жанчын калі не з відавочнай пагардаю, то, напэўна, з сур’ёзнай дыскрымінацыяй, даручаючы ім адказнасць за нараджэнне дзяцей і не больш. Дарэчы, такая ментальнасць захавалася нават і сёння ў некаторых ісламскіх краінах.
Жанчына часоў Езуса не мела права голасу, не мела істотнага месца ані ў культуры, ані ў грамадстве. З жанчынай настолькі не лічыліся, што нават у выпадку чужалоства цалкам абвінавачвалі яе, мужчыну ніколі публічна не вінавацілі ў гэтым граху.
Фарысеі і кніжнікі, якія лічыліся вельмі ўплывовымі і аўтарытэтнымі рэлігійна-грамадскімі лідарамі, згаджаліся з такім жаночым лёсам. І, напэўна, іх вельмі здзіўляла пастава Езуса, які па-іншаму, не так, як яны, трактаваў жанчыну, нават такую грэшніцу.
Дарагія! Езус Хрыстус не можа быць абыякавы да чалавека, і таму Ён не мог згадзіцца з такой несправядлівай ментальнасцю грамадства. Хрыстус становіцца абаронцам годнасці кожнага чалавека, асабліва найбольш патрабуючых, да якіх часамі ставіліся як не да людзей. Менавіта таму Езус па-іншаму ставіцца да жанчын, падкрэсліваючы іх годнасць як у грамадстве, так і ў сям’і. Езус асуджае грэх, а не чалавека.
Каб гэтую паставу Езуса лепш зразумець, трэба ўспомніць словы Яна Евангеліста, якія ён піша адносна Настаўніка з Назарэта: “Езус ведаў, што крыецца ў чалавеку, яго нутро, яго сэрца”. Менавіта таму Езус Хрыстус дасканала ведаў не толькі грэх чалавека, але і яго наступствы, тое, што дзейнічала ў сэрцы чалавека, якое было сапсавана грахом, што адлюстроўвалася не толькі на адным чалавеку, але і на цэлым грамадстве. Несправядлівасць і крыўда станавіліся нормай. А тое, што ў Божых вачах было грахом і злом, у грамадстве лічылася цнотай.
Дарагія! Калі зараз паглядзець на наш свет, на нашу эпоху, то ўбачым, што ў грамадствах, зраненых грахом, таксама пануе несправядлівасць і дыскрымінацыя, лічыцца не годнасць чалавека, але яго статус і грошы. Мода, якая крыўдзіць чалавека, стала чымсьці нармальным у наш час. А быць адказным і сумленным – стала не ў модзе. Можна прыводзіць шмат падобных прыкладаў, якія ў многіх людзей у нашым грамадстве не выклікаюць негатыўных эмоцый, але, тым не менш, для чалавека веруючаг ёсць канкрэтны сігнал, які паведамляе аб патрэбе аздараўлення як паасобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Аб гэтым нам сёння нагадвае Езус Хрыстус, паказваючы праўду пра нас саміх.
У гэтай праўдзе, з якой Хрыстус да кожнага з нас звяртаецца, Ён аб’яўляе міласэрнае аблічча свайго Айца, які жадае нам прабачыць, а не асудзіць. Евангельскай праграмай Езуса, актуальнай ва ўсе часы, з’яўляецца прабачэнне і паяднанне: бо прабачыць – гэта дачакацца вяртання таго, хто цябе пакінуў, і доказ, часам нават без словаў, што той, хто вярнуўся, надалей для мяне вельмі каштоўны, што я не перастаю любіць яго. Хрыстус нам сёння кажа, што прабачэнне – гэта таксама вяртанне сапраўднай годнасці, якой пазбаўляе нас грэх. Гэта вызваленне з фальшывага вобразу сябе самога і пазбаўленне ад пачуцця віны. Нічога дзіўнага, што словы Езуса амаль раз’юшвалі фарысеяў і кніжнікаў. Яны не маглі прыняць гэтую праўду. Калі мы ўважліва чытаем Евангелле, то можам сцвердзіць, што Езус ніколі не ставіцца з пагардай да жанчыны: наадварот, Яго словы і ўчынкі выражаюць глыбокую павагу, а часамі спачуванне.
Вось прыклад: каля студні Якуба Езус сустракае самаранку, жанчыну, жыццё якой было далёка не ўзорным: яна мела пяць мужоў, а апошні мужчына, з якім яна жыла, наогул не быў ёй мужам. Езус выдатна прачытаў яе жыццё, убачыў у ёй адчай, можа, нават нейкую безвыходнасць ці бессэнсоўнасць жыцця. Іншыя людзі пагарджалі гэтай жанчынай, хтосьці папракаў яе за амаральны лад жыцця, але Езус, зірнуўшы на гэтую жанчыну, прамовіў да яе словы, якія яе не толькі здзівілі, але і паслужылі моцным штуршком да яе навяртання. Гэта не былі нейкія незвычайныя словы, але самая простая просьба: дай Мне піць…
У іншым месцы Евангелля святы Лука піша аб грэшніцы, якая, калі даведалася, што Езус зайшоў у госці да аднаго фарысея па імені Сымон, прынесла пасудзінку з пахучым алеем, схілілася да самых ног Настаўніка, плачучы, намасціла ногі Езуса гэтым алеем і сваімі валасамі выцерла Ягоныя ногі. Езус тады скажа вельмі моцныя словы: адпушчаны ёй многія грахі, бо моцна палюбіла, - і словы непасрэдна да жанчыны: твая вера цябе ўратавала, ідзі ў супакоі.
Сённяшні ўрывак Евангелля апавядае нам аб жанчыне, якую кніжнікі і фарысеі схапілі на чужалостве і сілай зацягнулі да Езуса, каб і з яе паздзеквацца, і Езуса абвінаваціць. Пагналіся за двума зайцамі. Фактычна, паводле права Майсея за такі ўчынак жанчыну чакала смерць. А Езуса, якога ў габрэйскім грамадстве лічылі Настаўнікам Добрым, чалавекам міласэрным, можна было выдатна скампраметаваць. Усё ішло па плану – яны настойліва пытаюцца ў Езуса: што нам рабіць з гэтай грэшнай жанчынай, якую паводле закону належыць забіць, што Ты, як настаўнік, нам скажаш? І вось тут пасля фенаменальных словаў Езуса ўвесь іх д’ябальскі план рухнуў. “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. Наколькі моцнымі павінны былі стаць гэтыя словы Езуса, калі так глыбока кранулі сумленні тых абвінаваўцаў. Яны моўчкі аддаліліся ад жанчыны і Езуса, пачынаючы ад старэйшых, так, што засталіся толькі Езус і жанчына. І, калі настала гэтая незвычайная цішыня, Езус прамовіў: “Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?” Яна адказала: “Ніхто, Пане”. Езус сказаў ёй: “I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы”. Прабачэнне Езуса стала ратункам для жыцця гэтай жанчыны, якая, напэўна, адышла перамененая любоўю Хрыста, здабытая Ім, адноўленая ў годнасці і гатовая да паслухмянасці Божаму закліку.
Умілаваныя! Толькі Езус ведае, што крыецца насамрэч у сэрцы чалавека. Толькі Ён ведае сапраўдную годнасць і вартасць чалавека ў Божых вачах і таму сам сведчыць аб гэтай незвычайнай вартасці і годнасці, калі згаджаецца на пакуты і крыжовую смерць. Словамі, якімі Езус звярнуўся некалі да той грэшнай жанчыны, Ён звяртаецца сёння да нас, якія перажываем паяднанне з Богам і бліжнімі: ідзі і больш не грашы. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|