Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Уваскрасення Пана (27 сакавіка)
Нядзельнае казанне
26.03.2016 14:36

«Чаму шукаеце жывога сярод памерлых! Няма Яго тут, Ён уваскрос!»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння ўрачыста б'юць званы хрысціянскіх святыняў ва ўсім свеце. Сёння ўсяму свету абвяшчаецца радасная вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста. І кожны з нас, калі вітаецца, кажа: Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос – чуе адказ.

Балесная мука і крыжовая смерць, здавалася, былі трагічным заканчэннем Езусавай місіі. Але кульмінацыяй гэтай місіі стала радаснае і поўнае хвалы ўваскрасенне нашага Пана.

Жанчыны, якія ў велікодную раніцу прыйшлі да магілы і не знайшлі там цела Езуса, першы раз пачулі праўду пра Уваскрослага Пана: “Не бойцеся! Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!”

Гэтыя словы сталі пачаткам вандроўкі радаснай весткі Уваскрасення, вандроўкі па гісторыі, якую ніхто, нішто і ніколі не зможа затрымаць або змяніць. Так было, так ёсць і так будзе да канца вякоў.

Мае дарагія! Гэтая радасная вестка не падобная да іншых вестак, якія мы чуем. Гэта вестка не такая, як ва ўчарашняй газеце, што сёння ўжо не актуальная. Бо весткі, якія ў газетах, часопісах, тэлебачанні, радыё – яны сенсацыйныя  і доўга не жывуць. Паглядзіце: наша вестка актуальная ўжо больш за 2000 гадоў. Сёння мы таксама чуем словы анёла, што калісьці жанчыны чулі ў грабніцы: «Няма Яго тут, Ён уваскрос».

Вестка аб уваскрасенні Езуса Хрыста распаўсюджваецца па сённяшні дзень. Кожная нядзельная святая Імша – гэта абвяшчэнне сённяшняй радаснай весткі пра ўваскрасенне нашага Пана.

Дарагія! А чым для кожнага з нас з'яўляецца ўваскрасенне Пана? Як мы разумеем гэтую ўрачыстасць? Успрымаем яе толькі як далёкі гістарычны факт, што Хрыстус паўстаў з мёртвых? Ён зноў жыве, сустракаецца са сваімі вучнямі з іншымі людзьмі, аб'яўляе сваю боскую моц, перамагаючы смерць, пекла і грэх. Гэта ўсё добра, але адной гісторыі мала. Мы не можам глядзець на перамогу Хрыста як гледачы кінатэатра: паглядзелі фільм, узрушыліся, потым вярнуліся дадому і забыліся. Нам трэба персанальна перажыць Пасхальную таямніцу, і Хрыстус нас да гэтага перажывання запрашае, Ён хоча, каб мы пераканаліся ў тым, што гэтыя падзеі датычаць нас.

У адным невялікім мястэчку ў паўднёвай Францыі людзям жылося вельмі складана. Гэта была эпоха Сярэднявечча, насычаная рознымі выклікамі таго часу: грозная чума, якая распаўсюджвалася з неверагоднай хуткасцю і забірала жыццё многіх людзей, варварскія напады, дзе гінула таксама вялікая колькасць людзей, бязлітасная манархія, якая часам забірала ў людзей апошняе, - карацей кажучы людзям таго мястэчка жылося нялёгка. Калі іх пачала закранаць бяда адна за адной, яны сталі трапляць у адчай і пыталі сябе: а дзе ж Бог, чаму Ён дапускае такое? Але беды толькі памнажаліся. І тады тыя пытанні і нараканні людзей перараслі ў роспач. Яны пачалі выкрыкваць, што Бога няма, і ад таго моманту гэтае мястэчка апанавала поўнае бязладдзе, амаральнасць, п’янства і атэізм, кожны жыў, як хацеў, кожны быў Панам сам для сябе.

І вось аднойчы ў адзін нядзельны дзень у тое мястэчка завітала працэсія, на чале якой ішоў манах у грубым ваўняным габіце, з каптуром, які закрываў ягоны твар. У руках манах нёс вялікі голы крыж, на якім не было фігуркі Збавіцеля. Калі гэтая працэсія праходзіла праз цэнтр мястэчка, яе абсвісталі раз'юшаныя жыхары, некаторыя выкрыквалі: “Прэч адсюль, тут Бога няма!” Аднак працэсія спакойна пакрочыла далей, ад цэнтра мястэчка да касцёла, які хоць і быў адчынены, але туды даўно ніхто не заходзіў.

І вось працэсія з манахам увайшла ў касцёл, абураныя жыхары гарадка былі здзіўлены, яны таксама пацягнуліся ў касцёл, але не з намерам маліцца, але каб выказаць таму пабожнаму манаху ўсё, што ў іх сабралася на сэрцы, увесь шквал эмоцый і абурэнняў. Заходзяць яны ў касцёл і бачаць, як гэтыя людзі моляцца, а манах уздымаецца на амбону, каб прамовіць казанне. Жыхароў мястэчка апанавала злосць і гнеў і яны пачалі мітусіцца і бегаць па касцёле, шумець, нехта нават узлез на аголены алтар і, трымаючы ў руцэ пусты келіх, гучна закрычаў, што Бога няма. І тут манах папрасіў цішыні і пачаў сваё казанне:

“Дарагія браты і сёстры, я хачу вам сёння нешта расказаць. Калі Божы Сын паміраў на крыжы, да якога Яго прыбілі цвікамі, то натоўпы, падобна як і вы, таксама здзекваліся з Яго і смяяліся, казалі: калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа, толькі тады паверым у Цябе. Падобным чынам насміхаўся адзін са злодзеяў, які быў укрыжаваны разам з Езусам.

Тады ўкрыжаваны Збавіцель так падумаў: “Я павінен памерці дзеля гэтых людзей, якіх Мая смерць зусім не кранае... Гэта Я павінен аддаць сваё жыццё за такіх людзей, якіх нічым ужо нельга да сябе прыцягнуць, якіх перапаўняе  абыякавасць і злосць…” І тады Збавіцель усклікнуў: “Не! З Мяне хопіць!” Ён сваёй боскай моцай вырваў цвікі з дрэва, саскочыў з крыжа, адабраў адзенне ў анямелых ад здзіўлення жаўнераў і знік, пакідаючы адзін аголены крыж…”

Раптам у касцёле запанавала мёртвая цішыня, а чалавек, які трымаў пусты келіх і выкрыкваў блюзнерствы, даўно злез з алтара, келіх выслізнуў з яго дрыжачых рук, і ў той момант ён усклікнуў: “Гэй, ты, манах, павесь Збавіцеля назад на крыж!”

Мае дарагія! Як няма перамогі без змагання, так не было б уваскрасення без крыжа! Але кожнаму з нас трэба ўсвядоміць і перажыць гэтую таямніцу асабіста.

Кожная нядзеля – гэта тая ж сённяшняя Пасха, бо ў гэты дзень святкуецца таямніца нашага збаўлення. Руская мова вельмі прыгожа перадае каларыт гэтай таямніцы – воскресенье. Таму для кожнага з нас вельмі важна мець свядомасць гэтага Божага дару, у якім кожны з нас бярэ ўдзел. Нельга, мае дарагія, гэты Божы дар марнаваць або занядбоўваць. Бо не дзеля асвячэння пасхальных яек ці іншай ежы мы сёння сюды прыходзім, але каб шчыра, ад сэрца, падзякаваць Пану Богу за дар збаўлення, каб ушанаваць святы дзень.

Таксама, мае дарагія, нельга гэтага святкавання Пасхі Пана схаваць толькі для сябе, бо Айцец уваскрасіў Езуса, а мы ўсе з'яўляемся Ягонымі сведкамі. І гэта мэта нашага хрысціянскага паклікання: сведчыць пра Езуса, які ўваскрос. Сведчыць і жыць паводле гэтага сведчання.

Яно, гэтае сведчанне, не павінна заканчвацца на парозе Касцёла, калі мы выходзім. Ім трэба папросту жыць кожны дзень. Жадаю сабе і вам, каб кожны з нас гэтае хрысціянскае пакліканне мог у паўнаце рэалізаваць у сваім жыцці і сярод тых людзей, да якіх нас пасылае Бог. Каб праз нашае жыццё пачуў увесь свет тую праўду, што пачулі некалі жанчыны ў грабніцы з вуснаў анёлаў: «Не бойцеся. Шукаеце Езуса ўкрыжаванага? Няма Яго тут, Ён уваскрос!» Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.