«Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан».
Дарагія браты і сёстры!
Зараз мы перажываем велікодны час, час перамогі нашага Збавіцеля Езуса Хрыста. На працягу сямі тыдняў Касцёл жыве таямніцаю Хрыстовага Уваскрасення. Сведчаць пра гэта разнастайныя падзеі, якія мелі месца пасля Уваскрасення Езуса.
Разнастайныя шматлікія сведчанні, якімі характарызуецца пасхальны час, знакі і цуды, здзейсненыя ўжо вучнямі Езуса: Яго моцаю або ў Яго імя. Гэтыя незвычайныя пазеі, удзельнікамі якіх становяцца вучні Езуса Хрыста, патрэбныя, каб пераканаць свет у тым, што па-чалавечы здавалася немагчымым і пераўзыходзіла усялякае людское ўяўленне і разуменне натуры рэчаў. А менавіта: Той, каго выдалі на ганебную смерць, Той, каго ўкрыжавалі, Той, хто памёр на крыжы, трэцяга дня ўваскрос з памерлых. Натуральна, па-чалавечы – гэта немагчыма. Аднак…
Спачатку ў гэтай праўдзе Хрыстус пераконвае сваіх найбліжэйшых. А ведаем, як гэта было няпроста ўчыніць. Дастаткова ўспомніць апостала Тамаша. Езус сам неаднаразова пасля свайго ўваскрасення казаў сваім вучням, што яны вельмі павольныя да таго, каб паверыць усяму, што пісалі прарокі аб Ім. Евангелле неаднаразова нам падае, што Езус нават дакараў сваіх вучняў за тое, што яны малаверныя, і канкрэтна ўказваў ім на іх недахоп веры, на тое, што іх вера слабая. Езус шмат разоў аб'яўляўся сваім вучням, добра ведаем, як паверыў апостал Тамаш, як убачылі Настаўніка вучні па дарозе да Эмаўса і г.д. Сённяшняе Евангелле нам таксама прадстаўляе ўваскрослага Езуса ў момант, калі Ён аб'яўляецца сваім вучням.
Які сэнс гэтага аб'яўлення? Ці толькі чарговы доказ праўды, што Езус жыве? І каб у гэтую праўду паверыў свет? Несумненна, гэта так. Але ёсць у гэтым яшчэ нешта большае. Мне здаецца, дарагія браты і сёстры, што прысутнасць Бога ў свеце не з'яўляецца збольшага праблемай нашай веры, але ўжо спосаб прысутнасці Бога ў нашым жыцці можа быць для нас своеасаблівай цяжкасцю. Ці здольныя мы заўважыць гэтую Божую прысутнасць і дзейнасць Бога сярод нас? Ці разлічваем на Яго дапамогу? Вось тыя праблемы, з якімі мы сутыкаемся штодня, праблемы, на якія ўказвае сёння літургія слова.
Заўважце, дарагія браты і сёстры, такі момант: Хрыстус аб'яўляецца каля Тыберыяцкага возера ў асаблівы час. Апосталы тады былі заняты лоўляй рыбы. Аднак, як піша аўтар Евангелля, “у тую ноч яны нічога не злавілі”. І вось, калі сітуацыя была па-чалавечы безнадзейнай, калі лоўля скончылася поўным фіяска, у гэты момант з'яўляецца яшчэ не распазнаны вучнямі Езус. І Ён кажа гэтым змучаным, сумным рыбакам, каб яшчэ раз закінулі свае сеткі.
Напэўна, з неахвотаю, бурчачы, яны іх закінулі. Аднак пасля гэтага не маглі паверыць сваім вачам: яны ледзь маглі выцягнуць гэтыя сеткі ад мноства рыбы, колькасць якой апостал Пётр налічыў аж 153. Ад такой вялікай колькасці маглі нават парвацца сеткі. Усё гэта прывяло апостала Яна да думкі, што гэтаму незвычайнаму ўлову паспрыяў Бог, і таму з радасцю і захапленнем Ян усклікае: “Гэта Пан!”
Такі незвычайны ўлоў рыбы дазволіў вучням распазнаць прысутнасць і дзейнасць Езуса. Магчыма, вучні яшчэ ўспомнілі той першы цудоўны ўлоў, які стаў пачаткам іх паклікання. І вось зноў адбылося нешта падобнае. Гэта дазваляе вучням убачыць і адчуць прысутнасць свайго Настаўніка.
Уваскрослы Езус дазваляе вучням адчуць сваю прысутнасць праз вельмі простыя сяброўскія жэсты і словы: праз вогнішча, прыгатаваны хлеб і рыбу, праз словы запрашэння: “Хадзіце ж, снедайце!” Менавіта праз гэтыя жэсты і словы, як кажа евангеліст, вучні распазналі, што гэта Пан. І тады нават ніхто не адважыўся задаць Яму пытання: “Хто Ты?” Бо ведалі, што гэта Езус. Яны былі ўпэўнены ў тым, што зараз з імі іх Настаўнік.
Такім чынам, дарагія браты і сёстры, Езус прызвычайвае вучняў, а разам з імі і нас, да распазнання Яго новай, так часта ўкрытай, дыскрэтнай, поўнай таямніцы прысутнасці ў гэтым свеце і ў нашым жыцці. І гэтая прысутнасць, якую мы неаднойчы маглі спазнаць у сваім жыцці, хутчэй за ўсё, не была нейкім трыумфальным аб'яўленнем Божай хвалы, скіраванай да нашай асобы, наадварот – гэта ціхая, як лёгкі ветрык, дзейнасць праз якую нам Бог дапамагае, а нават ратуе нас у безнадзейных сітуацыях.
Праз сваю боскую моц уваскрослы Езус аб'яўляецца ў дзеянні, у службе чалавеку, а выкарыстоўвае для гэтага самыя звычайныя сродкі або нават нашых бліжніх, якіх мы сустракаем у сваім жыцці. Пры гэтым ціхая прысутнасць Бога ў жыцці вучыць нас, асабліва калі мы моцна ўпэўнены ў сабе і сваіх сілах, што на самой справе без Бога мы нічога істотнага ўчыніць не можам. Без Бога ні да парога – як кажа вядомая нам прымаўка. Менавіта ў гэтай праўдзе пераканаліся апосталы ў тую ноч, калі нічога не злавілі. Паглядзіце, дастаткова толькі слова Езуса і аднаго закідвання сеткі ў возера.
Дарагія браты і сёстры! Што трэба, каб распазнаць прысутнасць і дзейнасць Бога ў нашым жыцці? Думаю, што пакора ў гэтым выпадку самы галоўны інгрэдыент. Яе трэба найбольш. Патрэбна, канешне, і сваё намаганне, свае сілы, але калі гэтыя намаганні мы здзяйсняем у праўдзе і пакоры, толькі тады яны прынясуць духоўную карысць. Часта мы разлічваем выключна на свае сілы. Святая Тэрэза некалі казала, што трэба так працаваць, як быццам бы ўсё залежала толькі ад нас, і пры гэтым так маліцца, як бы ўсё залежала толькі ад Бога. Няхай гэтае заахвочванне святой, а таксама пастава пакоры і даверу Богу дапамагаюць нам адчуваць Божую прысутнасць у нашай штодзённасці. Тады і мы разам з умілаваным вучнем будзем здольныя ў сваёй штодзённасці не толькі заўважыць Езуса, але і ўсклікнуць: «Гэта Пан». Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|