«Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету».
Дарагія браты і сёстры!
Нядзельная святая Імша, на якой мы збіраемся каля алтара Пана, робіць нас падобнымі да вучняў, якія збіраліся ў вячэрніку і заносілі свае малітвы да Бога, трываючы разам у супольнасці і на малітве. Так арганізоўваўся Хрыстовы Касцёл на пачатку, і ў тым жа Хрыстовым Касцёле мы зараз сабраліся разам, каб чакаць абяцання Айца. Роўна тыдзень нас аддзяляе ад урачыстасці Спаслання Духа Святога. Сёння, слухаючы Божае слова і кормячыся Эўхарыстыяй, мы жадаем быць сведкамі гэтай вялікай таямніцы: чакання спаслання Духа Святога, Трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы.
Нядзельная літургія слова, як мы ўжо заўважылі, вельмі багатая і змястоўная, насычаная чаканнем Святога Духа. У Дзеях Апосталаў у першым чытанні Стэфан, напоўнены Духам Святым, сведчыць аб Езусе і аддае сваё жыццё. Прыгожае сведчанне сапраўднага Хрыстовага вучня, якое кожны з нас павінен узяць сабе на заметку. Другое чытанне з кнігі Апакаліпсіса апавядае аб другім прыйсці Езуса Хрыста і прарочыць аб Апошнім судзе, бо разам з прыйсцем Хрыста ідзе і адплата паводле ўчынкаў кожнага.
Сёння асаблівую ўвагу хачу звярнуць на Евангелле. У ім мы з вамі пачулі словы Езуса, якія пранікаюць да глыбіні сэрца. Словы Ягонай малітвы з просьбай аб еднасці. «Каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне».
Калі мы ўважліва паназіраем за нашым жыццём, то прыйдзем да высновы, што, нягледзячы на ўсе нашыя перспектывы і магчымасці, якія нам дае сучасны век, усё ж мы даволі абмежаваныя людзі. І гэтая абмежаванасць праяўляецца ў шматлікіх адносінах. Абмежаваныя мы ў нашых чалавечых сілах, талентах, абмежаваныя ў сферы матэрыяльных сродкаў, а на некаторыя рэчы мы наогул не маем магчымасці паўплываць, хоць гэтага і хацелі б. Нас абмяжоўвае наш уласны ўзрост, наша здароўе, а дакладней, яго недахоп.
Але ў глыбіні сэрца мы адчуваем, што, нягледзячы на ўсе нашыя абмежаванні, у нас ёсць імкненне да свабоды, у шырокім значэнні. Гэты свет, які навокал мяне, ужо іншы, бо змяніў яго Хрыстус для мяне. Уваходзячы ў неба, у дом Айца, Езус дае кожнаму з нас надзею, паказвае нам мэту і дае абяцанне. Што не пакіне нас сіротамі. Што гэтыя абмежаванні не настолькі істотныя для нас, каб мы іх баяліся. Яны для нас, веруючых, не перашкода.
Хрыстус, узыходзячы на неба, выразна сказаў: “Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету”. Езус застаўся з намі. Ён не перастае заступацца за нас. І сённяшняе Евангелле паказвае прагненне Езуса адносна кожнага чалавека. Каб мы былі адно. Каб між людзьмі існавала еднасць і разуменне.
Дарагія! Кожная малітва з’яўляецца дарам, плёнам дзейнасці Духа Святога, які фармуе думкі, словы і пачуцці, але ў малітве раскрываецца прыгажосць і радасць з самой дзейнасці таго, хто моліцца. Бо малітва – гэта таксама немалая праца, гэта намаганне. І Езус сёння нам гэта паказвае.
Езус вучыць сваіх апосталаў і вучняў малітве. Ён не акрэслівае нейкай канкрэтнай дэфініцыі малітвы, не прыдумвае нейкіх тэарэтычных тэхнік, як маліцца, але непасрэдна ўводзіць сваіх вучняў у малітоўную практыку, у рэчаіснасць унутранай глыбокай размовы з Богам. І сённяшні ўрывак Евангелля, які называецца архісвятарскай малітвай Езуса, відавочны гэтаму прыклад. Узор таго, якой павінна быць наша хрысціянская малітва.
Апосталы сталі вучнямі Езуса не дзякуючы сваім уласным намаганням, розуму, выключным асабовым якасцям, не таму, што яны былі нейкімі навукоўцамі або геніяльнымі асобамі. Усё значна прасцей – вучнямі яны сталі таму, што атрымалі дар паклікання і заклік да святасці, які заключаўся ў простых словах: ідзі за Мной! Езус сёння моліцца аб еднасці не толькі для сваіх апосталаў, але і для нас, веруючых, якія жывём тут і цяпер, у сённяшні нялёгкі час.
Калі паглядзець на цяперашні свет, то столькі розных падзелаў можна ў ім заўважыць. І гэтыя падзелы існуюць не толькі паміж католікамі, праваслаўнымі, Пратэстанцкай Царквой і іншымі хрысціянскімі дэнамінацыямі. Такія падзелы існуюць у нашых парафіях, рэлігійных і манаскіх супольнасцях, а нават у нашых сем'ях. Падзелы існуюць у шматлікіх сферах жыцця чалавека. Таму сённяшняя малітва Езуса аб еднасці не перастае для кожнага з нас быць актуальнай. Сучасны чалавек мае патрэбу ў гэтай еднасці. Спачатку еднасці ў самім сабе, а потым паяднанні з Богам і бліжнімі.
Вы запытаеце: адкуль гэта ўсё ўзнікае? Што з’яўляецца прычынай спрэчак, рознагалоссяў, падзелаў і ўрэшце нянавісці? Можа, прычына заключаецца ў тым, што мы яшчэ не дастаткова ведаем Езуса, можа, яшчэ не пазналі ні Айца, ні Сына. Можа, корань гэтых падзелаў у тым, што мы шукаем уласнай праваты, якая розніць і дзеліць, а не Праўды з вялікай літары, якая яднае. Можа, у гэтым праблема?
Калі так, то вырашыць яе выключна сваімі сіламі мы не зможам. Тут адных нашых намаганняў будзе мала, але калі яны ўжо ёсць, то гэта вельмі добра. Застаецца яшчэ даручыць іх Езусу. Вельмі прыгожы быў жэст святога Папы Яна Паўла ІІ, калі ён падчас візіту ў Афіны 4 мая 2004 года прапанаваў архіепіскапу Афін Хрыстадуласу супольна прамовіць малітву “Ойча наш”. Гэты жэст узрушыў сэрцы мільёнаў веруючых.
Дарагія браты і сёстры! Нам таксама варта далучыцца да Хрыстовай малітвы аб еднасці, каб мы былі адно. Бо гэтай еднасці моцна прагне Езус і яе насамрэч нам не хапае. Таму няхай словы Хрыста з Яго архісвятарскай малітвы ўзрушаць нашыя сэрцы і ўмацуюць нашу волю на карысць дабра, любові і супакою. Няхай нашыя сэрцы будуць падрыхтаваны да прыняцця дароў Духа Святога, каб мы мелі ў сабе Хрыстовую еднасць і маглі аб ёй сведчыць. Каб ва ўсёй разнастайнасці, якая нас акружае, мы імкнуліся знаходзіць тое, што нас усіх аб'ядноўвае, а не тое, што раздзяляе. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|