Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІ Звычайную нядзелю, Год С (12 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
09.06.2016 16:28

«Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, — піша апостал Павел, — і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус».

Дарагія браты і сёстры!

Калі мы ўважліва паназіраем за навакольным светам, то нас можа ўразіць тая прыгажосць і парадак, якія прадстаўляюцца нашай увазе. Наколькі ў прыродзе можа быць усё арганізавана і наладжана. Дастаткова прайсціся на шпацыр, напрыклад, у лес, ці пабыць на беразе возера і ў цішыні паназіраць за яго спакойнымі хвалямі. Вельмі часта мы самі знаходзім парадак і гармонію ў сабе, калі чэрпаем гэта з прыроды, якая нас акружае. У нейкім сэнсе такога роду сяброўства з наваколлем можа нас зрабіць лепшымі, дабрэйшымі.

Аднак у жыцці мы ўсцяж адчуваем уласныя абмежаванні, у розных сферах нашай чалавечай дзейнасці. Мітусня і заклапочанасць штодзённасцю перашкаджаюць нам свабодна дыхаць. У асобных выпадках мы адчуваем сябе бяссільнымі, ні на што не здольнымі. Багацце гэтых перажыванняў у нашым жыцці напэўна пакідае нейкі адбітак на нас. Яно нас фарміруе, закаляе, робіць больш сталымі. Мы пачынаем лепш разумець жыццё, асабліва калі стараемся ў ім чамусьці навучыцца.

Але, нягледзячы на ўсю гэтую прыгажосць і парадак, свет, як і наша чалавечая натура, на жаль, не пазбаўлены зла і недасканаласці. Мы ў жыцці перыядычна робім розныя памылкі, і, хоць імкнёмся выбіраць дабро і пазбягаць зла, бывае, што атрымліваецца ўсё наадварот. Святое Пісанне, як Стары, так і Новы Запавет, вельмі добра нам тлумачыць гэтую праўду. Калі мы чытаем Біблію, то можам у ёй заўважыць увесь драматызм чалавека, а ў ім убачыць саміх сябе.

Давайце прыгледзімся да сённяшняга Божага слова. Першае чытанне распавядае пра грэшны ўчынак Давіда. Заўважце: Давід быў царом у Ізраэлі, славутым, выдатным, паспяховым, нават справядлівым чалавекам, але з ім здарылася непрыемная гісторыя.Аднойчы, закахаўшыся ў жонку аднаго са сваіх воінаў, ён робіць двайное зло: чужалоства і забойства. Вось вам і людская справядлівасць самога цара ізраэльскага народа. Таму прарок Натан, які прыходзіць да Давіда, скіроўвае да яго Божае слова, папракаючы ў граху: «Я намасціў цябе каралём Ізраэля і ўратаваў цябе ад рукі Саўла, і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлонне тваё, і даў табе дом Ізраэля і Юды, і, калі б гэтага было мала, дадаў бы табе нашмат больш. Дык навошта пагардзіў ты словам Пана, зрабіўшы дрэннае перад вачыма Ягонымі?»

Так ужо ёсць, што адно зло нараджае другое і дзейнічае накшталт ланцужковай рэакцыі, як даміно: паставіш у радок, парушыш адну костку — і за ёй усе астатнія пачнуць валіцца па чарзе. Праехаў у населеным пункце замест патрэбных 40 на гадзіну 90 — і адправіў на той свет дзвюх студэнтак; вось табе і зло, якое вынікае нават з уласнага глупства.

Зрэшты, у сваім жыцці мы спазнаём безліч сітуацый, у якіх пераважае наша людская слабасць і грэх. Канешне, гэта вельмі складана і балюча, бо звычайна мы закранаем не толькі сябе, але і людзей, якія побач. Мы шкодзім не толькі сабе, але здараецца, што ад нашага граху больш церпяць іншыя, чым мы самі. Паглядзіце на Давіда: мала таго, што ён зграшыў з жанчынай, дык яшчэ і вырашыў пазбавіць жыцця яе мужа. Злоўжываючы сваім паўнамоцтвам, Давід загадаў свайму ваеначальніку, каб той паставіў Урыю там, дзе змагаліся самыя моцныя салдаты непрыяцеля, каб пасля адступіць для таго, каб гэты адданы Давіду чалавек загінуў ад мяча аманітаў. Вось так дзейнічае грэх: калі чалавек своечасова не апамятаецца, то будзе і далей трапляць у разнастайныя пасткі граху, становячыся яго нявольнікам.

Дарагія! Як жа нам пераадолець гэтую складаную сітуацыю? Як перамагчы саміх сябе? Святы Павел у другім чытанні кажа: «Мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста… А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне».

Вера ў Езуса Хрыста дае нам апраўданне, толькі, заўважце, вера не апраўдвае нашае зло і грахі. Нельга пад вераю хаваць свае слабасці — гэта няправільна, ды і іх пад «вераю» не схаваеш. Хрыстовае апраўданне вызваляе нас ад граху, дазваляе нам усвядоміць тое зло, якое робіць грэх, і надзяляе нас патрэбнымі сіламі ў змаганні з грахом. Дзякуючы нашай сапраўднай веры, мы можам быць апраўданымі. Калі мы шкадуем за ўчыненыя грахі і імкнёмся атрымаць Божае прабачэнне, то дзякуючы Божай ласцы мы здольныя перажыць сапраўднае навяртанне. Так, як яго перажывала жанчына з сённяшняга Евангелля.

Евангеліст Лука нагадвае, што гэтая жанчына была грэшніцай у горадзе. І вось, калі яна даведалася, што Езус знаходзіцца непадалёк, у доме аднаго фарысея па імені Сымон, яна рашаецца прыйсці да Яго: але прыходзіць не з пустымі рукамі. З сабою яна ўзяла духмянасці, каб намасціць ногі Настаўніка.

Калі яна наблізілася да Езуса, то не змагла стрымаць слёз. Яна добра зразумела, кім з’яўляецца ў Божых вачах і як яна знішчыла жаночую годнасць, здзяйсняючы цяжкія грахі. Дзякуючы скрусе, якую яна перажывала, жанчына пажадала змяніць сваё жыццё, раз і назаўсёды. Тое, што яна, плачучы, пачала абліваць ногі Езуса слязьмі, выцірала іх сваімі валасамі і намашчвала пахучым алеем, не было выключна знешнім жэстам узорна-паказальнага характару. Скрушанае сэрца гэтай жанчыны нарадзіла веру, і гэта стала для яе ратункам. Езус ёй скажа: «Даруюцца табе грахі. Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Нам, як гэтай жанчыне, гераіні сённяшняга Евангелля, патрэбна моцная вера, каб супрацьстаяць спакусам да граху. Гэтая ж вера дапаможа нам яшчэ больш захапляцца навакольнай прыгажосцю, бо аўтар яе — сам Бог. А Ён прагне, каб спакой і гармонія былі ў нашым жыцці і ў нас саміх. Не думайце, што мы не здольныя змяніць свет. Мы яго змяняем, толькі спачатку гэтыя перамены павінны закрануць нас саміх. Езус нас кліча да навяртання, даруючы нам грахі і даючы сапраўдны спакой. Давайце ж пастараемся выкарыстаць кожную магчымасць, якую нам дае Бог, каб не палохацца жыццёвых выклікаў, але з адвагаю крочыць па жыцці, ведаючы, што побач з намі Той, хто да канца нас палюбіў. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.