«У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць».
Дараія браты і сёстры!
Перш, чым мы пастараемся адказаць на важнае, пастаўленае сёння Езусам у Евангеллі пытанне, паспрабуем паразважаць: якімі мы бачым саміх сябе або кім мы сябе лічым? У гэтым нам можа выдатна дапамагчы літургія сённяшняга Божага слова.
Магчыма, на пачатку нам будзе складана адназначна даць сабе ацэнку. Звычайна мы імкнёмся быць паспяховымі ў жыцці, і гэта не дзіўна. Спачатку носім у сабе планы, і вось прыходзіць час гэтыя планы рэалізоўваць. Пачатак дарослага жыцця – гэта своеасаблівая інаўгурацыя нашых планаў і перспектываў.
Перад намі адкрываецца велізарны свет з яго новымі плынямі, высокімі тэхналогіямі, сучаснымі патрабаваннямі і стандартамі. Гэта своеасаблівы выклік для нас, а таксама для рэалізацыі нашых планаў. І мы становімся бізнесмэнамі, інжынерамі, медыкамі, праграмістамі, настаўнікамі, авіяканструктарамі, касманаўтамі і г.д. Ва ўсім гэтым мностве прафесійных накірункаў галоўнае не згубіць адзін — а менавіта і надалей застацца добрым і сумленным чалавекам.
Вядома, што свет змяняецца і гэтым самым мае вялікі ўплыў на нас. Можам заўважыць, што на працягу гісторыі ў розныя эпохі пераважалі розныя вартасці. Адзін перыяд характарызаваўся больш кансерватыўнымі поглядамі, іншы – больш ліберальнымі, потым гісторыя змянялася. А ёсць вартасці, якія не змяняюцца ўжо больш за дзве тысячы гадоў. Іх нам адкрывае Езус Хрыстус.
Жыццё паводле Евангелля – асноўная непрамінальная вартасць для веруючага чалавека. Любіць Бога і бліжняга, сумленна выконваць Божыя запаведзі, прабачаць ад сэрца, быць міласэрным, імкнуцца стаць сапраўдным сябрам Езуса Хрыста – вось гэтыя вартасці і стандарты, якія ажыўляюць нашае жыццё і дзякуючы якім мы можам лепш зразумець сябе і іншых.
Сённяшняе першае чытанне з кнігі прарока Захарыі прадвяшчае смерць Езуса Хрыста: «І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным, і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным». Боганатхнёны аўтар гэтага прароцтва выразна і эмацыйна малюе тыя падзеі, якія будуць у свой час мець месца на Галгоце, дзе прыбіты да крыжа Езус усклікне: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». Аднак гэтая смерць стане крыніцай ласкі і апраўданнем для грэшнікаў: «Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне…У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць». Вось тут мы можам знайсці адказ, кім мы з’яўляемся самі па сабе. А з’яўляемся мы людзьмі, якія патрабуюць апраўдання, ачышчэння ад граху. Калі мы ў сваім сэрцы пазнаём гэтую праўду, усведамляем сваю слабасць і грэшнасць, то мы здольныя ўсклікнуць падобна як у рэфрэне з сённяшняга псальма: «Божа, Цябе прагне душа мая». Хрыстус адкрывае перад намі звышнатуральны парадак жыцця паводле ласкі. Як жа нам увайсці ў гэтае жыццё?
Святы Павел у другім чытанні падбадзёрвае нас, кажучы, што мы паводле веры ў Езуса Хрыста з’яўляемся Божымі сынамі і дочкамі. Таксама ўсе мы, якія прынялі хрост, апрануліся ў Езуса Хрыста. Гэта значыць, што з моманту хросту мы пакліканы да таго, каб, жывучы ў веры, быць падобнымі да Езуса Хрыста. Згадзіцеся, нялёгкае заданне, вельмі адказнае і годнае таго, каб мы яго выконвалі. У Езусе Хрысце мы ствараем адзінства: «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе».
У святле Божага слова нам лягчэй адказаць на пытанне, кім мы сябе лічым. Адказ нам даў святы апостал Павел: дзякуючы Божай ласцы мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Калі мы жывём сапраўднымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, то разам з Хрыстом у сваёй малітве можам усклікаць: «Абба, Ойча». Езус, які памёр на крыжы, уваскрос і даў нам свайго Духа Святога, паказвае, кім Ён нас лічыць. Хрыстус нас запрашае да еднасці, дае нам сапраўдны супакой сэрца і духу, супакой якога нам свет не ў стане даць. І калі мы прымаем гэтую ласку, то чэрпаем з Яго крыніцы, каб ачысціць сябе ад граху і нячыстасці, і праз гэта атрымоўваем Божае благаслаўленне і задатак вечнага жыцця, да якога нас кліча Бог.
Дарагія! Кім жа мы лічым сябе? Калі мы ў стане адказаць на гэтае пытанне, то без асаблівых цяжкасцяў адкажам на Хрыстовае пытанне: «А вы кім лічыце Мяне?»
Пётр, навучаны ласкаю Нябеснага Айца, ад імя Касцёла дае адказ: «Ты – Месія Божы». Іншымі словамі: Ты — Божы Сын, Збаўца, аб якім казалі прарокі. Ты — той ратунак, якога чалавецтва так доўга чакала. Гэта быў адказ Пятра, пасля якога Езус прадстаўляе кароценькую праграму павучальнага характару, як Яго наследваць у сваім жыцці: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго».
Умілаваныя браты і сёстры! Правільна зразумець вышэйузгаданыя словы Хрыста можа той, хто правільна адкажа на тое ж пытанне, якое Ён паставіў сваім апосталам, а разам з імі і нам сёння. Калі мы ў сваім сэрцы ўсвядомім, кім мы з’яўляемся і Каго мы патрабуем, каб па-сапраўднаму жыць, то ўсё наша жыццё стане адным працяглым адказам на тое, Хто для нас Езус Хрыстус. Калі мы гэта зразумелі, то без асаблівых цяжкасцяў захочам пайсці за Езусам, адракаючыся саміх сябе і ўскладаючы на свае плечы крыж нашай штодзённасці. Няхай сённяшні заклік Хрыста дапаможа нам лепш зразумець сябе, а таксама тых, хто з намі побач, і набрацца адвагі ў вызнаванні Хрыста ўсім нашым жыццём. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|