Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІІІ Звычайную нядзелю, Год С (26 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
24.06.2016 16:12

«Вы, браты, пакліканыя да свабоды, толькі не выкарыстоўвайце свабоды для пажадлівасці цела, але ў любові служыце адно аднаму».

Дарагія браты і сёстры!

Божае слова, якое мы пачулі толькі што, асабліва апошнія радкі сённяшняга Евангелля, мае даволі катэгарычны змест. Дазволю сабе яшчэ раз іх прыгадаць: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага». Сапраўды, гэта нялёгкія словы! Яны нібы ставяць высокую планку для тых, хто хоча наследваць Хрыста. Хтосьці можа нават сказаць, што падобныя словы мала рэальныя, а нават пазбаўлены сэнсу. Каб у гэтым разабрацца, прапаную разам паразважаць над пачутым Божым словам.

Чытаючы Евангелле, мы неаднаразова можам сустрэць словы ці заклікі на падобную тэматыку: «Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною…» Ці, напрыклад, у размове з багатым юнаком Езус кажа: «Прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і тады можаш ісці за Мною…» Гэта толькі некаторыя прыклады, у якіх Настаўнік з Назарэта ставіць вельмі высокія патрабаванні. Калі чытаць Евангелле далей – гэтых выразаў будзе значна больш.

Аднак як разумець падобныя словы Езуса? Ці сапраўды Яго патрабаванні настолькі суровыя? Езус, будучы габрэем, жывучы ў габрэйскім асяроддзі, вельмі часта ў сваіх прамовах і навуках выкарыстоўвае адну асаблівасць: Ён праз нейкі вобраз стварае кантраст, каб чалавек выдатна зразумеў тую праўду, якую хоча яму перадаць Езус. Я думаю, знаёмыя нам будуць гэтыя словы: «Прасцей вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае». Гэты вобраз змяшчае адну праўду: багатаму вельмі цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.

Гэтак жа і ў сённяшнім урыўку з Евангелля. Калі даслоўна прыняць тое, што сёння кажа Езус, то можна стаць фанатыкам, або, калі казаць па-руску, «удариться в религию», але нам трэба правільна зразумець словы Езуса, не вырываючы іх з кантэксту.

Для тых, хто наследуе Хрыста, Езус кажа наступнае: калі хочаш быць Маім вучнем, то ты павінен ведаць, што жыццё будзе не такім лёгкім, як можа табе здавацца. Яно будзе пазбаўлена выгодаў, аб якіх ты марыш або якія ты сабе ўяўляеш. І наогул, жыццё Хрыстовага вучня, іншымі словамі — кожнага веруючага чалавека — гэта не асабістае шуканне выгодаў, гэта не жыццё на Багамах ці ў пяцізоркавым гатэлі, таму што лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

Таксама Езус сёння не заклікае ставіцца абыякава да смерці блізкага чалавека. Вось паглядзіце, які рэзананс стварае Езус, кажучы: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Звычайны нармальны чалавек любіць сваіх родных. Ён да іх прывязаны, і Езус не хоча, каб веруючы чалавек, Яго вучань, абыякава адносіўся да сваіх блізкіх, тым больш да памерлых. Ён не кажа кідаць памерлага чалавека, тым больш блізкага, але хоча падкрэсліць, наколькі важным з’яўляецца абвяшчэнне Божага Валадарства.

Калі прыслухаемся ўважліва да апошняга сцвярджэння, то здаецца чымсьці нелагічным адказаць на голас Божы, на Яго пакліканне, не развітаўшыся са сваімі роднымі і блізкімі. Езус тут кажа іншае: нельга, адказаўшы на Божы заклік, крочыць іншым шляхам, чым той, які паказвае Хрыстус. Вось таму: ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага.

Дарагія! Сённяшняе Божае слова змяшчае евангельскі радыкалізм. Калі ты выбраў шлях веры, калі ты веруючы хрысціянін, то табе трэба крочыць гэтым шляхам, які паказвае Езус Хрыстус. Ён хоць і абяцае прыгажосць вечнага жыцця, але ставіць канкрэтныя патрабаванні, якія тут, на зямлі, неабходныя, каб прыняць гэтае вечнае жыццё, каб у яго ўвайсці.

Таму евангельскі радыкалізм не толькі патрэбны, але і неабходны. Памятаем словы Езуса: «Не можаце служыць двум гаспадарам». Калі перафразаваць гэты выраз, то можна сказаць так: нельга быць падобным да Хрыстовага вучня толькі знешне, а ўнутры не згаджацца з Яго навукаю. Не можа быць або-або. Езус памёр за нас не напалову. Таму або ўсё, або нічога. Або выбіраем Хрыста, або Яго адкідваем. Менавіта пра гэта сёння хоча нам нагадаць Езус.

Дарагія! Такім чынам, мы з вамі прыходзім да высновы, што евангельскі радыкалізм патрэбны. Толькі зараз пытанне: якім ён павінен быць у нашым жыцці? Напэўна, адназначна на гэтае пытанне цяжка адказаць. Для кожнага ён будзе розны, і адзінага ўніверсальнага рэцэпту на яго няма.

Тым не менш, кожны хрысціянін павінен знайсці ўласцівую для сябе дарогу наследвання Хрыста. Адзінае, што ёсць агульнае для кожнага веруючага хрысціяніна адносна евангельскага радыкалізму, — гэта адрачэнне ад свайго ўласнага эгаізму, уменне заўважыць іншага чалавека і яго патрэбы. Заўважыць і адгукнуцца, не праігнараваць, не застацца абыякавым, але дапамагчы. Вельмі добры прыклад такой паставы паказвае нам Папа Францішак: і асабістым жыццём, і служэннем ён заахвочвае кожнага з нас наследваць Хрыста ў праўдзе і служэнні іншым.

А патрабаванні для веруючых, якія Езус сёння ставіць, неабходныя для таго, каб па-сапраўднаму наследваць Яго. Менавіта да такога наследвання кожны з нас пакліканы. Сёння Езус нас заклікае, каб мы працягвалі станавіцца хрысціянамі. Бо гэта працэс, які доўжыцца ўсё жыццё. Няма такога моманту, калі можна адпачыць на лаўрах і сказаць: «усё, я ўжо дасканалы хрысціянін», але важна ўсвядоміць патрэбу надалей станавіцца хрысціянінам. Таму няхай словы Езуса з сённяшняга Евангелля стануць для нас правільна зразуметай інструкцыяй наследвання Яго кожны дзень. На заканчэнне хачу прыгадаць вельмі вядомы нам заклік Езуса Хрыста: «Калі хто хоча наследваць Мяне, хай адрачэцца ад самога сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.