«Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняя літургія Божага слова паказвае нам два сюжэты, у якіх мы можам убачыць гасціннасць і клопат чалавека. Нездарма старажытная прымаўка кажа: госць у дом — Бог у дом.
Першае чытанне з Кнігі Быцця распавядае гісторыю пра Абрагама, шацёр якога наведалі тры таямнічыя асобы. Гэты біблійны аповед вельмі добра паказвае гасціннасць людзей Блізкага Усходу, у канкрэтным выпадку Абрагама.
Седзячы каля дубоў Мамрэ пры ўваходзе ў шацёр, ён заўважыў трох мужоў, якія да яго падыходзілі, і, калі іх убачыў, то, пакланіўшыся да зямлі, прапанаваў ім адпачынак і пачастунак: «Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага». Паглядзіце, раней Абрагам іх не сустракаў, гэта былі людзі, якіх ён бачыў першы раз, і, нягледзячы на гэта, абыходзіцца з імі як са сваімі хатнімі, нават лепш, бо называе іх «Пане». Бачым заклапочанасць у паслузе гасцям як з боку Абрагама, так і яго жонкі Сары: «Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі». Затым Абрагам загадаў слузе прыгатаваць адкормленае цяля, каб ім пачаставаць гасцей. Як бачым, Абрагаму і Сары не шкада было часу на падрыхтоўку пачастунку, а потым на размову з гасцямі. Вельмі добры прыклад, каб і нам з вамі вучыцца гасціннасці.
Другі сюжэт, які таксама апавядае пра гасціннасць, мы пачулі ў Евангеллі. Акрамя гасціннасці, там ёсць яшчэ адзін момант. Езус прыходзіць у дом да сваіх знаёмых: Лазара, Марты і Марыі. І, як чуем, Марта ў гэты час была занятая многімі справамі. Напэўна, яна рыхтавала пачастунак, шмат працы назбіралася, і ёй прыходзілася вярцецца, нібы ваўчок. Канешне, добра было б, каб ёй дапамагла яе сястра, якая ў той момант з захапленнем слухала словы Езуса. Можам сабе ўявіць рэакцыю Марты, калі паставім сябе на яе месца: тут шаноўныя госці, назбіралася мора працы, а сястра склала рукі і сядзіць… Нічога дзіўнага, што Марта пачала скардзіцца Езусу на малодшую сястру: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».
І што тут скажаш. Езус мог бы далікатна намякнуць Марыі, каб тая ўзялася за працу, аднак Ён кажа іншае: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе». Цікавыя словы кажа Езус. Калі глыбей над імі паразважаем, то пераканаемся ў тым, што Езус не заклікае да бяздзейнасці, але тлумачыць, як належыць прымаць такога госця, як Ён. Зусім не значыць, што клопат не патрэбны. Не пра гэта гаворка. Празмерны клопат можа нас аддаліць ад іншага чалавека. Празмерная заклапочанасць і праца могуць стаць для нас нагодай, каб лішні раз не бачыцца або менш быць разам з іншым чалавекам. Мы занятыя сваімі справамі і як бы клапоцімся пра дабрабыт, але забываем адну рэч, пра якую нам сёння нагадвае Езус: клапоцімся пра многае, а патрэбна толькі адно.
Бывае так, мае дарагія, што не наш клопат патрэбны іншаму чалавеку, не наша паслужлівасць, але наша асоба. Часта бывае, што патрэбна іншаму не столькі наша праца, колькі мы самі, наша прысутнасць, наша слова, усмешка, наша сяброўства. Вось аб гэтым сёння кажа Езус Марце і нам з вамі. Каб нашы абавязкі, разнастайны клопат і ўсялякага роду праца не ізалявалі нас ад самых блізкіх. Каб мы ўмелі даваць сябе ўзаемна, умелі прысвяціць час для сваіх родных і блізкіх, для сваёй сям’і. Гасціннасць — гэта вельмі добрая якасць, у якой, напэўна, кожнаму з нас трэба ўдасканальвацца, аднак, будучы гасцінным, варта прысвячаць час для іншага чалавека.
Дарагія браты і сёстры! Мы з вамі жывём у эпоху, у якой нам заўсёды не хапае часу. Раней, калі чалавек не быў настолькі цывілізаваны, як мы з вамі сёння, то здавалася, што і часу ў яго на ўсё хапала. А мы пакутуем ад хранічнага дэфіцыту часу. Яшчэ часта кажуць, што час — гэта грошы, і затрачаны час каштуе. Аднак Езус кажа нам штосьці іншае: нягледзячы на эвалюцыю ў нашай культуры, навуцы, тэхніцы, усіх сферах нашага жыцця, ніколі мы не заменім жывой прысутнасці, размовы з блізкімі і сябрамі, прабыванне з імі, уменне быць у дачыненні да іх ветлівым, гасцінным і шчырым, уменне дзяліцца сваёй радасцю, сумам, дабротамі. Нельга гэтага замяняць псеўдакаштоўнасцямі, шуканнем выгады, матэрыяльнага ўзбагачэння. Ахвярнае служэнне іншым хоць і не прыносіць бачнай карысці, аднак гэтая карысць ёсць. Паглядзіце: Абрагам і Сара, не шкадуючы часу і сілы, падзяліліся з іншымі сваёй гасціннасцю і, не спадзеючыся штосьці атрымаць узамен, атрымалі самае для іх дарагое —сына, якога назвалі Ісаакам. Марта і Марыя, якія чынна і сузіральна аказалі ветлівасць і гасціннасць Езусу, таксама не пазбавіліся ўзнагароды часовай. Славу свайго Айца Езус аб’явіў на памерлым Лазары, якога ўваскрасіў у прысутнасці шматлікіх юдэяў.
Умілаваныя! Будзьма ж і мы ахвярнымі і гасціннымі, бо гэта прыемна Богу. Ёсць час, калі нам трэба клапаціцца і турбавацца пра сябе, пра іншых, але ў гэтым клопаце важна не забыць галоўнага, каб на ўзор Марыі выбраць лепшую частку, якая ў нас не адымецца. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|