«Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся».
Дарагія браты і сёстры!
Евангелле, якое мы з вамі толькі што пачулі, правакуе нас задаць сабе такое пытанне: чаму Езус кажа пра раздзяленне, калі Ён у сваёй навуцы абвяшчае супакой і згоду? Чаму Ён кажа: «Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне». А ў іншым месцы мы чуем: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам». Дык што тады дае Хрыстус: супакой ці раздзяленне?
Каб зразумець словы Езуса з сённяшняга Евангелля, варта паглядзець кожнаму з нас на нашы адносіны да веры. Бо ключ да разумення гэтых слоў знаходзіцца ў іншым выказванні Езуса, якое мы таксама сёння пачулі, а менавіта: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся».
Давайце падумаем: як мы клапоцімся пра развіццё нашай веры і ці сапраўдная яна ў нас? Калі яна сапраўдная, гэта значыць, што ў маім сэрцы яна ажыўляецца. Інакш кажучы, калі я практыкую сваю веру, то гэта ў сваю чаргу рабіць яе жывой і дзейснай. Вядома, што дрэва пазнаецца па пладах — таксама і вера па яе выніках.
Калі мы жывём і дзейнічаем паводле веры, то нашы паводзіны і ўчынкі, якія з яе вынікаюць, не будуць абмяжоўвацца толькі прысутнасцю і паводзінамі ў касцёле, але нашай верай будзе прасякнута ўсё наша жыццё.
Тое, што прамаўляе Езус у Божым слове, не застанецца толькі ў межах сценаў касцёла, але мы спачатку прымем навуку Езуса ў свае сэрцы, а затым занясём агонь гэтай веры ў свае сем’і, у сваё асяроддзе. Бо, каб любіць Бога і бліжняга, належыць не толькі быць у касцёле падчас святой Імшы ці набажэнстваў, але гэтая любоў павінна быць перанесена на плоскасць нашага бытавога жыцця: у сям’і, на працы, у школе, у адносінах з іншымі людзьмі. Гэта той агонь веры і любові, пра які сёння кажа Езус: «Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся».
Умілаваныя ў Хрысце! Мы не павінны быць пасіўнымі веруючымі і чакаць нябеснай манны. Нам трэба дзейнічаць, нам трэба пастаянна рабіць выбар, у глыбіні сэрца кажучы: вось я, Пане, слуга Твой… няхай станецца Твая воля ў маім жыцці… Аднак гэтую згоду з Божай воляй нам трэба пацвердзіць канкрэтнымі ўчынкамі, каб наша вера была сапраўднай і моцнай. Не хопіць адной толькі дэкларацыі веры пасля Евангелля ці казання — трэба каб пра яе сведчылі і нашыя ўчынкі.
Вельмі часта здараецца так, што веруючы чалавек дзейнічае па пэўнай схеме, якую здзяйсняе амаль аўтаматычна. Бывае так, што ён нават і не задумваецца — ідзе ў касцёл, бо ўсе ідуць, і так па чарзе атрымоўваецца ў жыцці: хрост, Першая Камунія, шлюб, пахаванне, пастэрка, каляда, Папялец, Вялікдзень, і зноў амаль усё паўтараецца. І мы часта не задумваемся над тым, у чым удзельнічаем. У выніку атрымоўваецца, што сапраўднага развіцця веры амаль няма. Гэтае развіццё ў пэўны момант затрымалася на нейкім адным узроўні — і ўсё, далей узрастання няма, ёсць нейкае замкнёнае кола, і добра, калі наогул не адбываецца дэградацыі веры.
Мы лёгка перадаем людзям знак супакою праз тое, што працягваем ім руку. Гэта прыгожы жэст, але, вяртаючыся ў рэаліі свайго жыцця, мы не заўсёды можам гэты знак супакою перадаць нашым родным ці тым, хто з намі побач. Здаецца, і ёсць у нас гэты Хрыстовы супакой, але, бывае, мы не гатовы ім падзяліцца. Ёсць над чым задумацца, бо гэта сведчыць аб тым, што нас яшчэ чакае вельмі шмат працы над сабой, над удасканальваннем нашай веры, а разам з ёй і любові ў адносінах да Бога і да чалавека.
У чым заключаецца раздзяленне, пра якое кажа сёння Езус? Мы жывём у свеце, які хутка развіваецца, імкнучыся наперад, але мае напрамак крыху іншы, чым той, які нам паказвае Хрыстус. Такое хуткае развіццё чамусьці аддаляе нас ад сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Зло, якое існуе ў свеце, вельмі часта надзявае маску дабра, каб лягчэй нас адвесці ад праўды. Грэх у сённяшнім свеце вельмі добра маскіруецца, каб зацерці межы дабра і зла, праз што чалавек паволі трапляе на іншы шлях, які з’яўляецца не шляхам збаўлення, а вельмі часта шляхам пагібелі. Такая сумная праўда рэалій гэтага свету.
Мы вельмі хутка прывыкаем да выгодаў, якія нам сённяшні свет прапануе. Без некаторых нам зараз нават цяжка ўявіць нармальнае функцыянаванне ў сваім жыцці, бо мы з імі зжыліся. Напрыклад, паспрабуйце са свайго жыцця выкрэсліць мабільную сувязь і ўсе гаджэты, з ёй звязаныя. Як нязручна мы сябе тады адчуем. А колькі іншага існуе, што робіць з нас цывілізацыйнае грамадства сучаснасці. Аднак, калі мы зачароўваемся ўсімі гэтымі выгодамі, калі пачынаем іх ставіць на першае месца, то яны нас зманліва адводзяць ад евангельскага стылю жыцця. І ў той момант, калі Хрыстус ставіць перад намі патрабаванні веры, унутры нас адбываецца пэўнае раздзяленне: з аднаго боку нам падабаецца той стыль жыцця, да якога мы прывыклі, з другога — трэба шмат ад чаго адмовіцца: перадусім ад таго, што па сваёй сутнасці не з’яўляецца дабром для нас, а значыць, прыносіць нам шкоду. І што ў такім выпадку належыць рабіць? Як бы ні было складана, але трэба змяніць стыль жыцця. А гэта нялёгкая справа, бо нельга пайсці на кампраміс са злом, калі ты абіраеш шлях веры.
Нам трэба здзейсніць выбар: ці выконваць усе запаведзі, ці толькі тыя, што нам лёгка даюцца да выканання або якія нам больш падабаюцца; ці дзяліцца нейкімі дабротамі з патрабуючым чалавекам, ці мэтанакіравана збіраць гэтыя даброты ў сваю скарбонку, ніколі ні з кім не дзелячыся. Гэтыя і падобныя выбары нас вельмі часта ў глыбіні душы раздзяляюць. Але калі мы зробім правільны выбар, адчуем у сэрцы супакой і згоду. «Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу… а якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця…»
Хрыстус прыносіць праўду збаўлення, якая ад нас чагосьці патрабуе. І, каб верна выконваць наказы і пастановы Пана, кожнаму з нас патрэбна нямала працаваць над сабою, каб праз клопат і самавырачэнні мы станавіліся падобнымі да сапраўдных Хрыстовых вучняў дваццаць першага стагоддзя. Мы ўсведамляем, чаго гэта нам каштуе. І калі мы адчуваем такога роду раздзяленне, то перад намі ёсць выбар: або нічога не змяняць і весці стыль жыцця, які быў дагэтуль, або, прыняўшы евангельскі радыкалізм, гэты свой стыль жыцця дапасаваць да словаў Хрыста.
Калі мы гэтых словаў не спалохаемся, калі не палянуемся зрабіць першы крок да перамены свайго жыцця, то ў нашых сэрцах запалае сапраўдны агонь веры, які мы праз свае ўчынкі будзем падтрымоўваць усё наша жыццё. Не палохайцеся пераменаў, не бойцеся жыццёвых выпрабаванняў. Калі яны сустрэлі Хрыста, то і нас сустрэнуць, але, узіраючыся ў нашага Збаўцу, мы верым, што разам з Ім усё гэта пераможам. Варта ў гэтай жыццёвай барацьбе ўзяць у сэрца словы з другога сённяшняга чытання: «Скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры».
Дарагія браты і сёстры! Няхай сённяшняе Божае слова ўзмоцніць ў нашых сэрцах імкненне да дабра і міласэрнасці, дапаможа падтрымаць агонь Хрыста, які палае ў нашых сэрцах, а таксама дапаможа правільна адказаць на пытанне, пастаўленае на пачатку нашага разважання. Што Хрыстус дае ў маім жыцці: супакой ці раздзяленне? Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|