«Хваліце Пана, усе народы, праслаўляйце Яго, усе плямёны. Бо вялікая над намі Яго міласэрнасць, і вернасць Ягоная трывае навекі».
Дарагія браты і сёстры!
Хачу сканцэнтраваць нашу ўвагу на апошніх радках сённяшняга Евангелля: «апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».
Гэтыя словы мы неаднойчы чулі, магчыма, сустракалі, чытаючы Святое Пісанне. Можа, мы нават ужывалі гэтыя ці падобныя словы ў сваім штодзённым звычаі, устаўляючы іх у кантэкст жыццёвай сітуацыі. Давайце разам паразважаем, у якім кантэксце гэтыя словы сёння прамаўляе Езус да нас.
Напэўна, тэма, на якой засяроджваецца не толькі сённяшняе Еванелле, але і ўся літургія слова, — гэта збауленне, а ў цэнтры гэтай тэмы знаходзіцца пастаўленае пытанне: хто будзе збаўлены? Не памылюся, калі скажу, што гэта даволі актуальнае пытанне — такім яно было, ёсць і будзе.
У сваім сэрцы мы неаднойчы задаём Езусу падобнае пытанне: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены? І калі ў гэты момант не знойдзецца мудрага настаўніка ў асобе святара ці чалавека свецкага, які дасць адказ у святле вучэння Касцёла, то чалавек можа згубіць правільны арыенцір у імкненні да праўды. Напрыклад, можна трапіць пад уплыў разнастайных сектаў, погляды якіх далёкія ад хрысціянскіх. Або стварыць свой светапогляд і сваю ўласную дактрыну збаўлення.
Езус сёння адказвае на гэтае пытанне, але вельмі асцярожна. Ён злёгку быццам бы прыадкрывае праўду аб збаўленні. Езус кажа: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць».
Мае дарагія! Па-першае, гэтую вузкую браму сімвалізуе зараз Мagisterium Еcclesiae — навучанне Касцёла. Паглядзіце: калі мы чытаем Святое Пісанне, то ў нас можа ўзнікнуць безліч хвалюючых пытанняў, і шматлікія ўрыўкі з Бібліі без настаўніцтва Касцёла можна зразумець памылкова. Напрыклад, з Апакаліпсіса, дзе напісана аб 144000 збаўленых. Але на самой справе лічба гэтая не мае ў сабе лічэбнага зместу, яна паведамляе аб незлічонай колькасці збаўленых, не толькі з 12 пакаленняў ізраэльскага народу. Калі вырваць гэтую лічбу з кантэксту, то можна не толькі памыліцца, але і згубіць усялякую надзею на збаўленне.
Па-другое, вузкая брама, пра якую кажа нам Хрыстус, — гэта нашыя асабістыя паводзіны, нашыя ўчынкі, наш стыль жыцця, які мы свядома абіраем. Бо сярод мноства шляхоў і дарог, якія існуюць у свеце, Езус паказвае тую адзіную простую дарогу, па якой мы можам паспяхова крочыць, выконваючы Божыя запаведзі. А паколькі запаведзі патрабуюць ад нас пэўнай працы над сабою і наогул над сваім жыццём, то брама да збаўлення — вузкая.
Першае чытанне вельмі добра раскрывае ўніверсалізм збаўлення. Гэта значыць, што дар збаўлення належыць не толькі выбранаму ізраэльскаму народу, але ўсім народам свету. Бо Езус жадае, каб вучні распаўсюджвалі Добрую вестку па ўсім свеце. Ён кажа: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле».
Не думайце, што гэты заклік Езуса Хрыста сёння неактуальны. Гэта не так. Сёння свет, мы, кожны патрабуе новай евангелізацыі, новага адкрыцця Хрыстовай праўды аб збаўленні, каб нанова жыць евангельскім стылем зараз, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі, тэхніку, інфармацыю, каб Добрая Навіна Езуса стала нормай нашага жыцця. Бо гэта той правільны шлях да збаўлення — каб Святое Пісанне стала для нас інструкцыяй да разумення, што рабіць, каб стаць добрым чалавекам і добрым хрысціянінам. Каб падобнай інструкцыяй не былі для нас гараскопы, гаданні і г.д. Езуса, Марыю, святых належыць наследваць у сваім жыцці, а не зорак спорту, эстрады, кіно і ім падобных. Ведаю, гэта складана. Але няма нічога лёгкага ў нашым жыцці. Каштоўнае, вартае, праўдзівае заўсёды каштуе, таму нам, калі хочам ператварыць нашае жыццё ў евангельскі скарб, трэба прыкласці нямала намаганняў, а яшчэ больш трэба даверыцца Езусу, які ёсць Даўцам збаўлення.
Дарагія браты і сёстры! У Хрысце, сваім Сыне, Бог дае нам дэпазіт веры, якая, у сваю чаргу, і з’яўляецца гарантам нашага збаўлення. Нас, веруючых, можна назваць першымі, — нас, каму так шмат дадзена. А як ведаем са Святога Пісання, зрэшты са словаў самога Езуса: каму шмат дадзена, ад таго шмат і патрабавацца будзе. Добра, калі мы з апошніх станем першымі, горш, калі з першых зробімся апошнімі. Чаму? Бо чакае тады нас лёс выкінутых вон. А гэтага Езус нам не жадае. Застаецца апошняе пытанне: чаго для сябе жадаем мы — быць першымі, ці апошнімі?! Няхай кожны сабе адкажа на гэтае пытанне індывідуальна. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|