Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХІІ Звычайную нядзелю, Год С (28 жніўня)
Нядзельнае казанне
25.08.2016 22:06

«Сэрца разумнага разважае над прыпавесцю, а мець уважлівае вуха — гэта жаданне мудраца».

Дарагія браты і сёстры!

На першы погляд, калі чуем сённяшняе Евангелле, нам можа здавацца, што Езус робіць маральныя павучэнні, выкладае правілы тагачаснага этыкету – як сябе весці за сталом, калі цябе запрасілі на пасілак. Але, калі глыбей задумацца над гэтай навукай, зразумеем, што тэма сённяшняга Евангелля значна шырэйшая і ахоплівае ўсё наша жыццё, стыль нашых паводзінаў і адносінаў да іншага чалавека. Справы гэтыя актуальныя і зараз.

Словы з першага чытання, з Кнігі мудрасці Сіраха, выдатна пераклікаюцца з сённяшнім павучэннем Езуса, якое Ён скіраваў да аднаго з фарысеяў і яго запрошаных і таксама накіроўвае зараз да нашых сэрцаў: ”Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана”.

Усё так проста і адначасова даволі складана. Асабліва калі чалавек па сваёй натуры схільны ўзвышацца, а не ўпакорвацца. Значыць, гэтая ласка ў вачах Пана каштуе нам немалых намаганняў.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Калі мы паглядзім на сваё жыццё, то можам убачыць, што ў ім адбываецца штосьці падобнае, як з сённяшнімі запрошанымі гасцямі. Мы таксама выбіраем месцы. Канешне, калі да гэтага выбару прыгледзецца больш уважліва, то па сваёй сутнасці мы прагнем выбару лепшага месца, хоць не заўсёды гэтага заслугоўваем. І праблема няправільна выбранага месца заключаецца менавіта ў тым, што мы няздольныя стаць у праўдзе перад сабою, ацаніць свае магчымасці, здольнасці і патрэбы, якія маем, а ў дадатак да ўсяго гэтага далучаецца наш празмерны эгаізм і недахоп пакоры, што і прыводзіць нас да няправільнага выбару свайго месца ў жыцці, сваёй паставы і адносінаў да сябе, Бога і бліжніх.

Як навучыцца аб’ектыўна сябе ацэньваць? Езус дае параду: навучыцеся бачыць бліжняга і яго патрэбы. Проста заўважце тых, хто з вамі побач. Гэта ўжо вялікі крок наперад. Папа Францішак некалі сказаў такія словы: “Давайце выйдзем з нашага эгаізму, з нашай закрытасці, ізаляцыі, з нашай абыякавасці ў адносінах да іншых людзей. Бо Езус асвятляе наша жыццё святлом, якое ніколі не гасне…” Інакш кажучы, гэта і ёсць тая ласка ў вачах Пана. Бо, калі мы бачым бліжняга і яго патрэбы, калі не баімся і не саромеемся служыць нашым бліжнім, то гэта вялікі крок да ўмення быць па-сапраўднаму пакорным у жыцці.

Узгадаем зараз вельмі вядомы заклік Езуса Хрыста: “Вазьміце ярмо Маё на сябе, і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам”. Гэтыя словы з’яўляюцца своеасаблівым ключом да разумення сённяшняга ўрыўка з Евангелля.

Умілаваныя! Сёння нам усім Езус дае ўрок пакоры. А ці задумваліся мы калі-небудзь, хто такі пакорны чалавек? Пакорны чалавек выдатна ведае, што сам па сабе нічога не можа, што збаўленне – гэта Божы дар, які людзі атрымалі незаслужана і непасрэдна ад Бога, які з’яўляецца аўтарам і ініцыятарам збаўлення. Гэта Ён, Бог, робіць першы крок да чалавека, які доўгі час заставаўся ў цемры безнадзейнасці. Таму пакорны чалавек ніколі не будзе прыпісваць сабе аніякай заслугі, таксама не будзе хваліцца нейкімі ўласнымі дасягненнямі, бо ведае, што любоў і міласэрнасць Бога, а не ўласныя заслугі, магчымасці і сілы, з’яўляюцца сапраўдным гарантам збаўлення.

Таму, калі чалавек пакорны, ён усё сваё жыццё і сваё збаўленне з даверам аддае Богу. А паколькі, дзякуючы веры, мае пэўнасць збаўлення, то такі чалавек ведае, каму павінен насамрэч быць удзячны і хто годны самага ўзнёслага і лепшага месца ў сэрцы.

Калі мы пакорныя, то ўмеем быць удзячнымі, можам па-сапраўднаму праслаўляць Бога, жыць Яго словам і воляй кожны дзень, імкнучыся Яго наследваць. Вось у гэтым заключаецца сапраўдная пакора. А калі чалавек усё прыпісвае выключна сабе, то ён не здольны да ўдзячнасці, простасці, нават не памылюся, кажучы, што не здольны да праўды. А пакора ў яго жыцці з’яўляецца не чым іншым, як толькі карыкатурай.

Таксама ўзор пакоры дае нам сам Збаўца, кажучы: “Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”. Бо дзеці заўсёды простыя, непасрэдныя і праўдзівыя. А мы, на жаль, не заўсёды такімі з’яўляемся. Не маем у сабе столькі простасці і праўдзівасці. Прычына гэтага можа быць розная: у выніку дрэннага прыкладу з боку асяроддзя, у якім мы знаходзімся, ці таксама ў выніку недастаткова добрага выхавання, або нашай натуры і характару. Таму адзінымі лекамі ад гэтага становіцца нашая сапраўдная пакора ў жыцці.

Езус звяртаецца да нашага сэрца, да нашага сумлення, каб мы сталі ў праўдзе перад сабою, сталі пакорнымі і маглі выбраць належнае для саміх сябе месца, адпаведнае нашым магчымасцям, заданням, перад якімі ставіць нас Бог, каб выбіралі гэтыя месцы ў праўдзе і пакоры. Тады ў глыбіні сваёй душы мы можам пачуць падобныя словы, якія да нас прамаўляе Пан:

Калі даверышся Мне і станеш пакорным, зможаш атрымаць усё, што толькі захочаш, нават больш, чым можаш сабе ўявіць. Але калі паспрабуеш абысціся без Мяне, калі захочаш сам здабыць сабе вечнае жыццё, тады будзеш падобны да таго ганарлівага чалавека, які самавольна заняў першае месца, а пасля з вялікім сорамам павінен быў з гэтага месца сысці.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Урок пакоры, які сёння нам дае Езус, вельмі патрэбны, каб мы маглі лепш зразумець сябе, свае плюсы і мінусы. Бо толькі так можна паспяхова зрабіць работу над памылкамі. Калі мы заўважаем нейкія свае недасканаласці, то гэта крок наперад, каб іх пазбыцца. А каб гэтае нялёгкае заданне выканаць, трэба ў пакоры даверыць свае сілы і магчымасці Богу, які сам нас зменіць. Дазволім жа Богу дзейнічаць у нашым жыцці! Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.