Бэнэдыкт XVI у кнізе «Святло жыцця» адносна навяртання сказаў так: «З ласкай навяртання звязана неабходнасць, каб Бог зноў быў на першым месцы. А таксама каб нанова прагнуць услухоўвацца ў Божае слова, каб прымаць яго як штосьці сапраўднае і рэальнае і дазволіць яму асвятліць наша жыццё…»
Дарагія браты і сёстры!
Вялікая радасць Бога і ўсяго Нябеснага Валадарства ўзнікае па прычыне навяртання нават аднаго грэшніка. Аб гэтым, зрэшты, чуем у сённяшнім Евангеллі. Каб падкрэсліць важнасць гэтай тэмы навяртання, св. Лука Евангеліст змяшчае нават тры навукі Езуса, тры прыпавесці, якія ідуць па чарзе і раскрываюць тэму навяртання.
Тэма гэтая вельмі актуальная ў перыяд Вялікага посту, але не толькі. Жыццё паказвае, наколькі нам трэба аднаўляць сваё асабістае навяртанне кожны дзень, таму яна актуальная у кожны момант. Божае слова сёння нас заахвочвае, каб мы засяродзіліся і яшчэ раз паразважалі аб навяртанні.
Спачатку давайце прыгледзімся, да каго Езус скіраваў гэтыя прыпавесці: «Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць…» Значыць, менавіта яны становяцца першымі адрасатамі сённяшняй навукі Езуса Хрыста. Але не апошнімі і канчатковымі. Калі мы больш уважліва паразважаем над гэтымі словамі, то зразумеем, што прыпавесці пра заблукалую авечку, пра згубленую драхму і пра марнатраўнага сына датычаць таксама кожнага з нас. Якім чынам?
Езус знаходзіцца ў асяроддзі мытнікаў і грэшнікаў, якімі звычайна пагарджалі не толькі фарысеі і кніжнікі, але і звычайныя людзі. Іншая справа, што фарысеі і кніжнікі лічылі сябе аўтарытэтамі і духоўнымі лідарамі ў яўрэйскім грамадстве, пра іх таксама скажа Езус: «Гора вам, якія займаеце першыя месцы ў сінагогах, якія моліцеся напаказ і аб’ядаеце дамы ўдоваў». Вось такія людзі лічылі сябе праведнікамі. Але што агульнага можа мець хлусня з праўдай? Езус амаль заўсёды іх крытыкаваў. Толькі да некаторых з іх звяртаўся падобнымі словамі: «Недалёка ты ад Валадарства Нябеснага».
Сённяшняя навука Езуса стала адказам на нараканне гэтых аўтарытэтных асобаў, для якіх Яго прысутнасць сярод мытнікаў быццам бы служыла спакусай. І Езус скіроўвае да іх гэтыя прыпавесці. У іх выразна адчуваецца кантраст: Езус хоча паказаць, наколькі важны для Бога кожны чалавек, нават грэшнік. Бо звычайна такімі людзьмі пагарджалі, яны нікому не былі патрэбныя. І таму, каб аднавіць іх годнасць, Езус малюе гэты кантраст: дзевяноста дзевяць авечак, якіх пакідае пастыр, і адна заблукалая, той грэшнік, пошукам якога зараз зацікаўлены Бог.
Ці пра згубленую драхму. Ці шукала б на самой справе жанчына гэтую драхму так старанна: запальваючы свечку, вымятаючы дом, у пільным пошуку? У рэальнасці, напэўна, не. Таксама ці пастыр пакінуў бы ў рэчаіснасці дзевяноста дзевяць авечак без нагляду адных — немаленькі статак? Калі і пакінуў бы, то, напэўна, прызначыў бы адказнага за статак, каб яго пільнаваў. Але праз гэтыя вобразы Езус паказвае, з якой любоўю і энтузіязмам Бог шукае кожнага, хто патрабуе навяртання. Што Бог шукае нават тых, якіх ніхто ніколі не шукаў бы.
Фарысеі і кніжнікі не лічылі, што ім патрэбна нейкае навяртанне, яны сябе адчувалі ў большасці задаволенымі жыццём, якое, на іх думку, было праведным перад Богам. І таму, каб яны з большым поспехам маглі зразумець сэнс навукі Езуса, Ён апавядае ім трэцюю прыпавесць пра марнатраўнага сына. І, пачуўшы яе, фарысеі не маглі не зразумець, якое месца яны займаюць у гэтай прыпавесці. Што ёсць і ў іх «праведным» жыцці тое, над чым можна задумацца і што належыць выправіць.
Дарагія! Езус Хрыстус хоча сёння дастукацца і да нашых сэрцаў. Таму навуку, якая заключаецца ў гэтых прыпавесцях, Ён скіроўвае і да нас.
Па-першае, Езус хоча, каб мы адкрылі ў сваім жыцці патрэбу навяртання. Што праз кожны здзейснены грэх мы становімся падобнымі да марнатраўнага сына, які забірае маёмасць, што належыць яму, і адыходзіць далёка ад свайго бацькі. Іншымі словамі, адбываецца здрада той любові, якую да нас мае Бог.
Дарэчы, натура гэтай здрады выдатна паказваецца ў сённяшнім першым чытанні з Кнігі Зыходу: Бог любіць свой народ, вывеў яго з егіпецкай няволі, здзейсніў столькі цудаў і знакаў у пустыні, а зараз у адсутнасці Майсея гэты народ ля падножжа Сіная здзяйсняе, можна сказаць, самы страшны грэх: здраджвае Божай любові праз ідалапаклонніцтва. Толькі заступніцтва Майсея і жаданне народа адвярнуцца ад гэтага граху спыняюць Божы гнеў.
Умілаваныя! Нашым заступнікам перад Айцом з’яўляецца Хрыстус! Паглядзіце. Майсей быў звычайным чалавекам, і Бог яго паслухаў. Ці ж не паслухае Ён свайго Умілаванага Сына, які заўсёды заступаецца за нас? Адзінае, што нам застаецца, — гэта прызнаць у сваім сэрцы патрэбу навяртання і імкнуцца яго здзейсніць. Так, як гэта, паводле прыпавесці Езуса, зрабіў марнатраўны сын. «Устану і пайду да айца свайго!» Гэта імпульс да навяртання. Заўважце, што сын не кажа: «можа, мне пайсці да айца?» — але ўстае і ідзе, канкрэтна рэалізуе сваё навяртанне.
Па-другое: Езус сёння кажа нам, што сапраўднае навяртанне — гэта не толькі канкрэтны ўчынак, які важны сам па сабе, але што гэта трывалы працэс майго сталага прабывання, трывання ў Божай праўдзе. Шчырае навяртанне — гэта не толькі жыццё па агульнапрынятым шаблоне, якое ўпісваецца ў нейкія знешнія рамкі, але гэта ўнутраны імператыў сэрца, дзякуючы якому я вяртаюся дадому, да свайго айца. Марнатраўны сын у абдымках свайго бацькі — менавіта той вобраз, які адлюстроўвае сутнасць навяртання. Гэты сын быў у рванай вопратцы, бедны, галодны, але перажываў сваё сапраўднае навяртанне.
Яго старэйшы брат быў, можа, «пад гальштукам», прыгожа апрануты, багаты, сыты, але не адчуваў патрэбы навяртання. І, хоць жыў пад адным дахам са сваім бацькам, у рэчаіснасці быў ад яго вельмі далёка.
Заўважце, дарагія браты і сёстры, адну цікавую рэч. Пасля першароднага граху Бог кліча Адама: «Дзе ты?» Не кажа яму: «што ты нарабіў, як ты пасмеў?», але: «дзе ты?»
Справа ў тым, што кожны грэх — гэта парушэнне сувязі з Богам, дакладна кажучы, разрыў гэтай сувязі і адыход ад Бога. Навяртанне — аднаўленне гэтай сувязі, наша вяртанне ў абдымкі Бога. І гэтая сувязь наладжваецца праз наша ўсведамленне патрэбы навяртання, а таксама праз нашы канкрэтныя крокі на шляху да паяднання з Богам. Праз Божае слова, праз малітву, прыняцце Эўхарыстыі мы ўмацоўваем нашу сыноўнюю вернасць Богу, які нас любіць.
Няхай сённяшняе Божае слова, у прыватнасці навука Езуса, стане для нас крыніцай навяртання, адкрые нашы сэрцы на яго патрэбу і дапаможа вярнуцца ў абдымкі любячага Айца. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|