Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХV Звычайную нядзелю, Год С (18 верасня)
Нядзельнае казанне
15.09.2016 11:47

«Не можаце служыць Богу і мамоне».

Дарагія браты і сёстры!

Чарговы ўрок, які сёння да нашых сэрцаў скіроўвае Езус Хрыстус у Божым слове, — гэта Яго навука аб вернасці і адказнасці. Гаворка ідзе пра выбар кожнага з нас, выбар адпаведных вартасцяў, які мы здзяйсняем, на якіх мы хочам і можам добра пабудаваць сваё жыццё. Не толькі запланаваць, але і рэалізаваць усё запланаванае.

Ведаю, гучыць гэта вельмі ўзнёсла і неадназначна, асабліва апошняе слова — «рэалізаваць». Але, згадзіцеся, каб гэта адбылося, каб у нас атрымалася здзейсніць тое, што мы запланавалі, трэба спачатку чагосьці жадаць, мець імкненні, рабіць планы. Нельга дайсці да мэты, калі мы яе не паставілі перад сабою. Канешне, цяжка, калі нашы планы руйнуюцца, калі жыццё складваецца па-іншаму, чым мы гэта сабе ўяўлялі. Але не трэба з-за гэтага панікаваць. Бо не ўсё так кепска, як нам, бывае, здаецца.

Езус сёння кідае промень святла на праўду адносна нашай жыццёвай паставы, а менавіта паставы вернасці. Гэтая цнота вернасці павінна ахопліваць не толькі наша рэлігійнае жыццё, уплываючы на нашу пабожнасць, хоць гэта вельмі важна; вернасць датычыць усіх сфер нашага жыцця, асабліва нашых адносін з іншымі людзьмі.

Давайце падумаем, ці здольныя мы трымаць сваё слова, або толькі шпаркія на абяцанні. Першае, праз што правяраецца, даследуецца наша вернасць, — гэта ці выконваем мы тое, што абяцалі. Бо, калі нашы абяцанні не выразіліся ў адпаведных учынках, то нашы словы, не што іншае, як пустазвон. Тут паабяцалі, там не выканалі. Проста кінулі словы на вецер. І звычайна да абяцанняў такіх людзей ставяцца вельмі скептычна. Бо тады ўсім добра вядома, чым гэтыя абяцанні заканчваюцца.

Калі мы ў сваім жыцці кіруемся прынцыпам вернасці, гэта будуе не толькі наш дух, але ў цэлым усю нашу асобу. І, як другі бок гэтага медаля, існуе адказнасць, яна, можам так сказаць, ідзе ў пары з вернасцю. Бо калі чалавек верны, ён адначасова і адказны. Калі мы павінны нешта выканаць, напрыклад, камусьці дапамагчы ў нейкай справе, то мы адказныя за гэта і не можам ігнараваць патрабуючую асобу. І гэты прынцып датычыць не толькі нейкіх вялікіх рэчаў, але ў першую чаргу самых дробных. Бо менавіта з гэтых дробязяў і складаецца ўся мазаіка нашага жыцця.

Уявіце сабе, дарагія браты і сёстры, калі б цэгла, патрэбная для будаўніцтва дома, была няякаснай. Добра, калі трапіцца пару такіх цаглін — заўсёды можна замяніць, замазаць, і не толькі бачна гэтага не будзе, але і на якасць дома гэты брак істотна не паўплывае. А вось калі такі прынцып нядобрасумленнага вырабу цэглы распаўсюдзіць, і ўся цэгла будзе такой няякаснай, то які дом з яе атрымаецца — доўга не выстаіць, рухне, і застануцца толькі руіны.

Гэтаксама і ў духоўным жыцці. Калі мы няверныя ў малых рэчах: калі, напрыклад, занядбоўваем уласную малітву, калі лянуемся удзельнічаць у нядзельнай Імшы, то як мы можам сябе лічыць людзьмі вернымі, вернымі тым хрысціянскім абяцанням, якія мы павінны выканаць? Паколькі мы абралі шлях веры, нельга быць прахалодным: трэба быць або гарачым, або халодным, як піша св. Ян у кнізе Адкрыцця.

Дарагія, калі мы лічым сябе веруючымі людзьмі, нам трэба выконваць тое, што сведчыць аб нашай веры. Яна ў сваю чаргу злучаецца з нашымі ўчынкамі. Нельга быць веруючым дзесьці глыбока ў сэрцы. Сапраўдную глыбокую веру нельга затрымаць у сэрцы, яна і так вырвецца адтуль і праявіцца ў нашых паводзінах і ва ўсім нашым жыцці. А вось калі гэтага праяўлення няма, то наўрад ці ёсць гэтая вера глыбока ў нашых сэрцах — хутчэй гэта самападман або спроба апраўдаць сваю духоўную ляноту. Бо ані вернасці, ані адказнасці тады ў такога прахалоднага хрысціяніна няма.

У сувязі з гэтым у мяне пытанне: ці звярнуўся б хто-небудзь з вас да такога ўрача, які толькі лічыць сябе ўрачом у сэрцы, але не мае ані медыцынскай практыкі, ані нават азоў медыцыны не ведае? Мне здаецца, адказ відавочны. Тое ж, мае дарагія, і ў справах, звязаных з верай: калі я веруючы чалавек, то буду наведваць касцёл крыху часцей, чым на Вялікдзень, а можа, нават і рэгулярна кожную нядзелю і ўрачыстасці, бо я адказны за дар збаўлення, які атрымаў ад Бога. Я адказны за сведчанне, якое даю іншым людзям, у першую чаргу сваёй сям’і і блізкім.

Езус казаў у адной з прыпавесцяў, што вера падобная да маленькага гарчычнага зерня, якое калі вырастае, становіцца вялікім дрэвам, у галінах якога нават птушкі могуць віць гнёзды. І гэты дар веры мае кожны, хто вызнае Хрыста, хто прыняў прапанову Божага збаўлення, увайшоўшы праз браму хросту.

Як жа часта бывае так, што мы бачым гонар нашага паклікання ў Хрысце, але не заўсёды бачым свой уласны ўдзел у гэтым пакліканні. Мы лічым сябе хрысціянамі — гэта значыць вучнямі Хрыста, мы адчуваем гэтае ўзнёслае права быць хрысціянінам, але ці адчуваем абавязкі, якія вынікаюць з гэтага права? Ці адчуваем адказнасць за сябе і за сваіх блізкіх у справах веры, у справах рэлігійнага выхавання, катэхізацыі? Хто ў сям'і з'яўляецца першым катэхетам? Безумоўна, бацькі. А зараз давайце падумаем: якія катэхезы вы сваім жыццём перадаяце сваім дзецям, які іх змест? Ці там наогул ідзе гаворка пра Бога?

Умілаваныя! Езус сёння выразна кажа: калі ты верны ў малым, і ў вялікім будзеш верны, а калі несправядлівы ў малым, то будзеш несправядлівы і ў вялікім. І гэта ані гульня словаў, ані нейкія ўзвышаныя эпітэты. Гэта рэальны прынцып, без аніякага перабольшвання, праз які Збаўца нас заахвочвае да вернасці і перасцерагае перад несправядлівасцю. Езус сёння гэтымі словамі звяртаецца да кожнага з нас, дарагія браты і сёстры, каб мы імкнуліся быць вернымі нават у дробязях, бо гэта ў сваю чаргу ўплывае на тое, каб мы станавіліся добрымі людзьмі, а таксама дае адпаведную глебу, каб мы не толькі лічылі сябе веруючымі хрысціянамі, але каб насамрэч імі былі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.