Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на XХVI Звычайную нядзелю, Год С (25 верасня)
Нядзельнае казанне
23.09.2016 14:04

«Езус Хрыстус, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам».

Дарагія браты і сёстры!

У Евангеллі мы сёння пачулі прыпавесць пра багача і Лазара. Людзі двух абсалютна розных, а нават супрацьлеглых сацыяльных статусаў. Адзін з іх багач, другі – жабрак. Мы не ведаем усіх абставінаў, якія паўплывывалі на жыццё гэтых людзей: ці сумленна багач зарабіў сваё багацце, а таксама ці не па сваёй віне жабрак па імені Лазар перажыў сацыяльную дэградацыю, што ўрэшце прывяло яго да трагедыі галечы і голаду.

Усіх гэтых падрабязнасцяў мы не ведаем, аднак зыходзячы з таго, кім гэтыя людзі з’яўляюцца на дадзены момант, давайце зараз спынімся і паразважаем над тым, ці багацце адназначна з’яўляецца шляхам, які ніколі не прывядзе да Божага Валадарства, а беднасць — стопрацэнтным рэцэптам упэўненасці ў нашым збаўленні.

У сваім навучанні Езус вельмі часта кажа пра багацце як пэўную цяжкасць, а нават перашкоду ў імкненні да Божага Валадарства. Напэўна, большасць з вас ведае урывак з Евангелля, калі багаты юнак падыходзіць да Езуса з пытаннем: як мне дасягнуць вечнага жыцця? І пасля дыялогу з гэтым юнаком Езус звяртаецца да сваіх вучняў са словамі: «Дзеці! Як жа цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае. Прасцей вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае».

Так! Езус канкрэтна тлумачыць вучням, што багацце з’яўляецца сур’ёзнай цяжкасцю на шляху збаўлення, але само па сабе яно не перашкода для гэтага. Езус кажа: як жа цяжка, але не кажа: немагчыма. Таксама як беднасць не з’яўляецца праведнасцю сама па сабе, не адкрывае брамаў неба перад намі, але толькі стварае спрыяльныя ўмовы, каб мы да гэтых брамаў дайшлі. А ці годныя мы таго, каб іх перад намі адкрылі, — аб гэтым ужо не багацце ці беднасць сведчаць, але нашае жыццё.

У Старым Запавеце, паводле яўрэйскага мыслення, багацце з’яўлялася вынікам Божага благаслаўлення. І ў сувязі з гэтым такога багатага чалавека лічылі бліжэйшым да Бога, чым, напрыклад, бедняка ці жабрака. Вось менавіта таму нехта з апосталаў пытаецца ў Езуса: дык хто можа быць збаўлены?

Езус робіць унікальнае на той час адкрыццё, пэўную рэвалюцыю погляду на канцэпцыю збаўлення: аніякі чалавек сам па сабе не здольны збавіцца. Таму ніхто не павінен абапірацца на багацце як гарант свайго збаўлення, таксама як і не павінен губляць надзеі той, хто не мае граша за душой. Надзею ўласнага збаўлення нам трэба даверыць Богу: у людзей — як казаў Езус, — гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.

Давайце падумаем, ці не з’яўляецца гэты ўрывак Евангелля, які мы чулі, выдатнай нагодай, каб зрабіць рахунак сумлення са свайго хрысціянства. З таго хрысціянства, якое не толькі вызнаём у словах, падчас літургіі або падчас асабістай малітвы, але яшчэ і з таго, у якім існуюць канкрэтна нашыя паводзіны перад іншым чалавекам.

Бывае так, што мы становімся абыякавымі да іншых, не заўважаем нашых братоў і сясцёр, якім патрэбна наша дапамога. Як часта мы толькі робім выгляд, што ўсё ў парадку, а дзесьці глыбей у сэрцы гэтага парадку няма. Бо чалавек патрабуе не толькі чагосьці матэрыяльнага: рэчаў, дабротаў, маёмасці. Ён таксама патрабуе ўвагі, хвіліны часу, які мы шчыра можам прысвяціць іншым, ці нават проста кроплі нашай зацікаўленасці. Гэта таксама не менш важна, чым матэрыяльныя даброты ці нават маёмасць.

Калі мы ўсведамляем гэты недахоп з нашага боку, варта зрабіць першы крок, каб яго выправіць, каб станавіцца падобным да добрага самараніна, які не ігнаруе сваіх бліжніх, асабліва тых, якія патрабуюць клопату і апекі.

Дык што ж нам трэба рабіць, каб нас не напаткаў лёс багача з сённяшняй прыпавесці? Па-першае, варта адкрыць вочы на патрэбы бліжніх. Варта наогул вучыцца заўважаць людзей у сваім жыцці. Не толькі бачыць сябе са сваімі праблемамі. Вельмі важна навучыцца заўважаць патрэбы і праблемы бліжніх, асабліва тых, якія побач. Калі навучымся так бачыць, то гэта істотны крок наперад да міласэрнасці. Па-другое, важна даверыць сябе і свой лёс Богу. Таксама празмерна не прывязвацца да выгоднага жыцця, але як за дабрабыт, так і за нястачу ўмець у сэрцы шчыра дзякаваць Богу.

Дарагія! Думаеце, што багацце стала асноўнай праблемай на шляху збаўлення ў жыцці багача з сённяшняй прыпавесці? Не, зусім не багацце. Сапраўднай міласэрнасці адносна бліжніх, а таксама паслухмянасці Божаму слову — вось чаго не хапала ў жыцці багачу. Бо ў той час, калі ён апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў, жабрак па імені Лазар жадаў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Менавіта сапраўднага сэрца не хапала багачу, бо ён у сваім банкетаванні не бачыў ніякага Лазара. Убачыў ён яго значна пазней, ды і то не ў гэтым жыцці. А недахоп паслухмянасці Божаму слову выразна бачны ў словах Абрагама, скіраваных да пакутуючага багача: «Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць».

Дарагія браты і сёстры! Праз сённяшнюю прыпавесць Езус жадае ажывіць нашу веру. Ён таксама хоча, каб мы навучыліся бачыць іншага чалавека, аб'ектыўна, а не праз прызму сваіх патрэбаў і праблем. Ён хоча нам паказаць, што не можа быць абстрактнай веры, не можа быць веры напаказ, але калі яна ёсць, то вельмі канкрэтная і звязаная з нашым жыццём, з нашымі думкамі, словамі і ўчынкамі. І калі мы здольныя не толькі бачыць іншых, але і дапамагаць, суперажываць ім, браць цяжар іншых на свае плечы, то адначасова з гэтым удасканальваецца наша вера, а гэта ў сваю чаргу адкрывае перад намі перспектыву збаўлення. Што дай Бог кожнаму. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.