«За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас Божая воля ў Езусе Хрысце».
Дарагія браты і сёстры!
На гэтых словах з сённяшняй акламацыі варта засяродзіцца. Удзячнасць у нашым жыцці сведчыць не толькі аб тым, што мы людзі ветлівыя і культурныя. Быць удзячным — гэта ўменне ўсвядоміць дабро, якое я атрымоўваю ад іншай асобы, і на гэтае дабро адрэагаваць. У сувязі з гэтым узнікае мая канкрэтная пастава адносна гэтай асобы. І гэта будзе пастава ўдзячнасці, усведамленне дабра, якое я атрымліваю ў сваім жыцці. Ці здольныя мы быць удзячнымі? Давайце падумаем, робячы кароценькі агляд жыцця чалавека.
Першы дар, які мы атрымалі ад Бога, — наша жыццё. Яно з'яўляецца дабром само па сабе. Для дзіцяці, якое яшчэ ва ўлонні сваёй маці, кожная пражытая хвіліна, увесь час гэтага прабывання ва ўлонні, з’яўляецца дарам. А як жа часта ў нашым жыцці гэты момант забываецца. А кожны з нас праходзіў гэтую стадыю развіцця, калі ўзрастаў ва ўлонні сваёй маці.
Наступны этап, які мы таксама не памятаем — гэта наша нараджэнне. Клопат пра дзіця, якое нарадзілася, потым яго выхаванне ў сям’і — усё гэта сведчыць аб вялікім і адказным укладзе бацькоў, аб іх старанні і клопаце пра сваё дзіця. Затым школа, навучальная ўстанова, дарослае жыццё — сям’я, і ланцужок паўтараецца.
Бачыце, колькі ўдзячнасці павінна быць адносна нашых бацькоў. Можа, зараз у жыцці яны з намі ў чымсьці не згаджаюцца, можа, іх погляды адрозніваюцца ад нашых, а можа, мы яшчэ не дастаткова выраслі, каб зразумець нашых бацькоў, каб паставіць сябе на іх месца.
Дарагія! Бывае так, што пакуль чалавек стане дарослым, ён добра авалодае майстэрствам удзячнасці. А бывае і наадварот. Вырастае такі чалавек, і з вуснаў яго вельмі рэдка пачуеш слова «дзякуй». Калі яно і ёсць, то нейкае няшчырае і фармальнае. І адназначна вінаватых у гэтым цяжка знайсці. Бывае, што прычынай гэтага становіцца кепскае асяроддзе: уплыў выхавання вуліцы, разбітыя або праблемныя сем’і, дрэннае самавыхаванне або наогул яго адсутнасць. Усё гэта і садзейнічае таму, што такі чалавек незнаёмы з паняццем спачування і ўдзячнасці.
Таксама, калі чалавек не ўсведамляе вартасці атрыманага дабра ў сваім жыцці, яму вельмі складана па-сапраўднаму быць удзячным. Такі чалавек імкнецца здабываць пэўныя даброты ў сваім жыцці, але ён не задумваецца, каб шчыра падзякаваць за іх Богу або іншаму чалавеку, а толькі пастаянна імкнецца наперад у здабыванні нейкага дабра для сябе.
Удзячнасць не можа быць прымусовай, яна павінна выходзіць з сэрца. А як жа часта ў нашым жыцці месца ўдзячнасці займаюць прэтэнзіі, нараканні, скаргі, жаданне чагосьці за ўсялякі кошт, як быццам яно мне цалкам належыць. Замест звычайнага простага і шчырага слова «дзякуй» у нас бывае неўмеркаванае жаданне, каб перад намі спыняліся, здымалі шапку і схілялі галовы. Шмат ёсць такіх, хто, заканчваючы школу, не разумее сэнсу ўдзячнасці, заканчвае іншую навучальную ўстанову і няздольны сказаць іншым шчырае «дзякуй», але ў яго жыцці застаецца толькі мітусня і прэтэнзіі… Атрымоўвае такі чалавек дабро, а пра падзяку забывае.
Ці не так адбылося сёння ў евангельскім урыўку з дзесяццю пракажонымі, якія атрымалі ад Езуса ласку аздараўлення ад гэтай невылечнай хваробы, а пры гэтым забыліся падзякаваць. Толькі адзін з іх прыйшоў і, упаўшы да ног Езуса, шчыра выказаў сваю ўдзячнасць, праслаўляючы Бога! І то быў гэта чужаземец. Іншыя не дадумаліся. Або яны настолькі былі ўзрадаваныя і ўсхваляваныя сваім аздараўленнем, што забыліся сказаць звычайнае «дзякуй», а хутчэй пабеглі паказацца святарам, каб зноў вярнуцца і быць паўнацэннымі грамадзянамі, а не ізаляванымі пакутнікамі.
Людзі, якія хварэлі на праказу, былі ізаляваныя ад усяго грамадства і жылі ў спецыяльных паселішчах для пракажоных. Да іх нельга было не толькі дакранацца, але таксама сустракацца і размаўляць з імі. Гэтыя людзі моцна пакутавалі, і не толькі ад праказы, але і ад такога ладу жыцця, бо адчувалі сябе пакінутымі і непатрэбнымі. Можам сабе ўявіць, якія цяжкія гэта былі пакуты для цела і душы.
Дарагія, звярніце ўвагу: пасля таго як Езус аздаравіў дзесяць пракажоных і да яго вярнуўся адзін з іх, Ён задае наступнае пытанне: «Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?» У гэтым пытанні можна ўбачыць глыбока схаваны боль Настаўніка з Назарэта адносна сваіх землякоў і суайчыннікаў, якія так і не авалодалі майстэрствам удзячнасці, не навучыліся слову «дзякуй». І гэтае пытанне Езуса сведчыць аб тым, як важна ўмець быць удзячным у сваім жыцці Богу і людзям.
Калі мы ў нашай штодзённасці будзем кіравацца толькі нараканнем, нездаровай крытыкай, прэтэнзіямі, то далёка не даедзем. Недахоп удзячнасці зачыніць нашыя сэрцы, зробіць нас глухімі і недаступнымі да Божай ласкі, а таксама створыць бар’ер для іншага чалавека. Ды і наогул, я не ўпэўнены, што як людзі мы будзем тады прыемнымі іншым. Той, хто жыве выключна для сябе, не ўмее дзякаваць, але толькі чакае наступную порцыю дару ад іншых, якія яго акружаюць.
Мае дарагія! Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем, кожную нядзелю, а можа, і часцей, — найвышэйшы дар і падзяка для кожнага з нас. Менавіта праз Найсвяцейшы Сакрамэнт Бог нас вучыць быць удзячнымі. Бо калі спакойна прыгледзімся да нашага жыцця і сур’ёзна над ім паразважаем, нам сапраўды ёсць за што дзякаваць.
Няхай сённяшняе Божае слова дапаможа кожнаму з нас задумацца над паставай удзячнасці ў нашым жыцці і таксама ў гэтым жа духу перажыць сённяшнюю нядзельную Эўхарыстыю. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|