Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХХХІ Звычайную нядзелю, Год С (30 кастрычніка)
Нядзельнае казанне
28.10.2016 14:31

«Хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме».

Дарагія браты і сёстры!

Цікавы аповед мы знаходзім у сённяшнім фрагменце Евангелля: гаворка ідзе пра мытніка Закхея. Гэты аповед для нас вельмі павучальны, і звярніце ўвагу на тое, што ён з’яўляецца ў нейкім сэнсе працягам евангельскай сцэны, пра якую мы чулі тыдзень таму. У мінулую нядзелю мы стараліся ўявіць са словаў Езуса вобраз і адчуць кантраст, які ўзнікаў паміж малітвай фарысея і малітвай мытніка: што менавіта малітва мытніка была прынята Богам, бо была шчырай і поўнай пакоры. Сёння мы бачым ужо не вобраз, але цэлую гісторыю, якая здарылася з Закхеем. Гэта гісторыя яго навяртання.

Навука гэтай евангельскай сцэны запрашае нас задумацца над сваім жыццём, у кантэксце нашага жыцця паспрабаваць паставіць сябе на месца Закхея, героя сённяшняга Евангелля.

Евангеліст Лука, які нам паведамляе пра гэтага мытніка, шмат пра яго не кажа, але апавядае аб тым, што найбольш істотнае: адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты. Зрэшты, гэтых словаў дастаткова, каб скласці мінімальны аўтапартрэт Закхея.

З вышэйузгаданых словаў вынікае, што Закхей быў багатым яўрэем, аб гэтым сведчаць не толькі словы евангеліста, але і ягоны статус. Ён быў не звычайным радавым мытнікам, але іх начальнікам. Паколькі ён быў кіраўніком мытнікаў, ды яшчэ ў дадатак жыў у Ерыхоне (гэта было мястэчка заможных людзей), то, несумненна, багацця ў яго хапала. А паколькі ён меў уласную маёмасць, то перад гэтым павінен быў у рымлянаў набыць права да збірання падаткаў, праз што пачаў супрацоўнічаць з акупантамі, становячыся рымскім мытнікам.

Гэтая пасада прадугледжвала шэраг прывілеяў для яго. Дзякуючы стараннай працы яго даброты і маёмасць памнажаліся. Напэўна, гэтая праца не была цалкам сумленная, магчыма, з гэтых падаткаў ён мог нямала чаго прысвоіць, што і паўплывала на хуткі поспех у матэрыяльнай і фінансавай сферы яго жыцця. На той момант, аб якім распавядае евангеліст Лука, мытнік Закхей знаходзіцца на вышыні сваёй кар’еры і мае шмат здабытага багацця.

Але ёсць нешта, што яго непакоіць. Закхея паглынае нейкае дзіўнае пачуццё няёмкасці перад людзьмі, яго ахоплівае нейкі нястрыманы непакой, які па сваіх праявах больш падобны да пэўнага дакору сумлення. Так! Закхея пачынае мучыць сумленне. Ён усведамляе, што ўсё гэтае багацце, уся яго маёмасць, слава як багацея і знакамітага чалавека Ерыхона здабыта за кошт крыўдаў многіх людзей.

Ды й наогул, як ведаем, у ізраэльскім грамадстве сярод большасці людзей мытнікаў не віталі. Хутчэй за ўсё іх трактавалі як шарлатанаў, ставіліся да іх як да здраднікаў. Ды і як маглі да іх ставіцца па-іншаму людзі, калі тыя прымушалі сваіх жа землякоў плаціць немалыя падаткі на карысць ворагам. Можам сабе ўявіць, як у такім выпадку ставіліся да кіраўніка мытнікаў. Магчыма, не адзін раз Закхей мог пачуць праклёны ў свой адрас. Гэта ўсё пачало яго сур'ёзна непакоіць.

Жыццёвы шлях, які прайшоў Закхей ад маладосці, калі распачаў кар’еру мытніка, і да таго моманту, як стаў іх кіраўніком і разбагацеў, быў няпросты і быў пракладзены праз лёсы іншых людзей, якія па гэтай прычыне маглі цярпець беднасць і нястачу, пакуль яго кар'ера расла. Ва ўсялякім выпадку, людзі не ставіліся да яго добразычліва, ён даўно ў іх вачах згубіў славу добрага сумленнага чалавека. Аб гэтым узгадвае св. Лука, бо, калі Езус збіраецца ўвайсці у дом Закхея, «усе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека».

Вяртаючыся ў нашым разважанні да асобы Закхея, можам сабе ўявіць, якое моцнае ён мае прагненне сустрэць Настаўніка з Назарэта. Ён, напэўна, не лічыў сябе годным і не мог нават падумаць, што Езус захоча сам завітаць да яго ў госці. Закхей проста хоча ўбачыць Езуса. Боль яго сумлення прымушае шукаць якогасьці выйсця з гэтай няпростай сітуацыі, Закхей жадае супакоіцца, хоча знайсці штосьці, што злагодзіць боль яго душы, нібы бальзам адкрытую рану.

Таму мытнік Закхей адчувае прагненне ўбачыць Езуса Хрыста. Не ведаем, што ў той момант адбывалася ў сэрцы гэтага багацея. Што насамрэч кіравала Закхеем, што прымусіла яго ўзлезці на смакоўніцу, апроч малога росту, — цяжка сказаць адназначна. Адно, у чым мы можам быць упэўнены, — гэта тое, што не было гэта выключна з-за цікавасці. Езус значна раней пачаў шукаць Закхея, бо, калі ўбачыў яго на смакоўніцы, сказаў наступныя словы: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». Ці не значаць гэтыя словы тое, што Настаўнік з Назарэту ўжо загадзя запланаваў гэтую сустрэчу з Закхеем?

Умілаваныя! У той момант, калі Езус звяртаецца да яго па імені, Закхей пачынае перажываць сапраўднае навяртанне. Перад яго вачыма ўзнікаюць усе тыя рэчы, якімі ён быў па-сапраўднаму незадаволены. Багацце нейкі час яго задавальняла. Яго поспех, яго пасада, яго дасягненні, яго магчымасці, тое, што яго паважалі высокапастаўленыя чыноўнікі, і нават не выключана, што паважаў сам пракуратар Юдэі. Усё гэта давала яму шмат самазадавальнення. Але разам з гэтым узнёслым адчуваннем ён перажывае душэўны дыскамфорт, яго пачынае непакоіць уласнае сумленне. А нават прымушае нешта зрабіць у сваім жыцці, нешта змяніць. І вось перад Закхеем менавіта той момант: момант праўды.

Езус Хрыстус сам напрошваецца ў госці. Напэўна, гэтага ніхто не чакаў. Магчыма, многія, хто ішоў тады ў той дзень праз Ерыхон разам з Езусам, калі глядзелі на гэтага карантышку Закхея, меркавалі, што Езус, далучаючыся да меркавання многіх, публічна яго зганіць: скіруе да яго вострыя, поўныя дакору словы, папракне яго ў несумленным жыцці, карацей, дасць яму наганяй, і мала яму не здасца! Але нечакана ўсё адбылося па-іншаму. Езус прыходзіць у дом Закхея.

Мае дарагія! Уявіце толькі, якую палёгку адчуваў у сваім сэрцы Закхей. Як піша евангеліст, ён прыняў Езуса з радасцю. І адразу бачым плён гэтай сустрэчы: кіраўнік мытнікаў, гэтая знатная асоба, вызнае перад Панам жаданне кампенсаваць усё тое зло, несумленнасць і крыўду, якую ён учыніў сваім землякам: «Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Словы гэтыя сведчаць аб рашучасці мытніка, вельмі багатага. І Езус не толькі прымае яго жаданне, Ён нават раздзяляе яго радасць навяртання: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты… Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».

Такім чынам, аналізуючы жыццё Закхея, можам прыйсці да высновы, што той боль сумлення, які ён адчуваў у сваёй душы, прывёў яго да прагнення ўбачыць Езуса, затым, калі ён Яго ўбачыў, то прыняў у сваім доме і пры гэтым перажыў сапраўднае навяртанне, гэтаму спадарожнічала адданне пэўнай часткі маёмасці і грошай убогім і пакрыўджаным. Ад моманту навяртання Закхея ўжо не цікавіць ані маёмасць, ані грошы, ані слава. Чаму? Бо ўсё гэта яго прыгнятала. Зараз ён адчувае сапраўдную свабоду і перамену свайго сэрца. Ён ужо незалежны ад свайго багацця і славы.

Дарагія браты і сёстры! Магчыма, у той вечар Закхей са славутага багача ператварыўся амаль у бедняка. Дакладна гэтага не ведаем. Напэўна,, аддаць яму прыйшлося шмат, а ахвотнікаў было нямала. Аднак здабыў ён значна больш, чым аддаў. Ды і нават трапіў на старонкі Евангелля, як прыклад для нас, веруючых.

Сёння Езус звяртаецца і да нашых сэрцаў падобнымі словамі: «…сёння Мне трэба быць у тваім доме!» Можа, зараз той уласцівы час, каб і нам злезці са смакоўніцы і запрасіць Езуса ў дом свайго сэрца? Давайце ж паспрабуем! Адчыніце дзверы Хрысту! Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.