Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ІІ Велікодную нядзелю або нядзелю Божай Міласэрнасці, Год А (23 красавіка)
Нядзельнае казанне
21.04.2017 12:36

Чытанні >>>

«Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне, — кажа Пан. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў»

Дарагія браты і сёстры!

Перажываючы сёння, у другую Велікодную нядзелю, свята Божай Міласэрнасці, мы зноў вяртаемся да падзеяў, якія перамянілі свет, да падзеяў, якія нібы стварылі свет нанова. І ў цэнтры гэтых падзей — Хрыстус уваскрослы, які перамог смерць, уваскрос і жыве. Велікодная нядзеля прынесла свету радасную, поўную надзеі вестку пра таямніцу перамогі жыцця над смерцю. Гэтая ж нядзеля прыносіць нам праўду аб Божай міласэрнасці.

Прайшоў тыдзень ад урачыстасці Уваскрасення Пана. І сёння жывы Езус становіцца перад намі, як калісьці перад сваімі вучнямі ў Вячэрніку, і кажа: «Супакой вам!»

Дарагія! Езус прагне, каб мы пазнавалі Яго, каб мы не баяліся як мага часцей ставіць пытанне: кім Ён, Езус Хрыстус, з’яўляецца для нас? Ён прагне, каб мы аднавілі ў сабе праўду, аб якой даведаліся ў Велікодную нядзелю. Бо мы так часта забываем пра яе! Таму сёння Касцёл заклікае нас звярнуць увагу на ўваскрослага Езуса Хрыста ў таямніцы Божай міласэрнасці.

Гэтую таямніцу добра адлюстроўвае сённяшняе Евангелле. Тамаш быў адным з дванаццаці, а значыць належаў да тых, хто ведаў Настаўніка з Назарэта, хто бачыў Яго знакі і цуды, хто перажываў усе лёгкія і цяжкія дні ў тыя часы, калі Езус навучаў. Тамаш быў адданы Езусу, прымаў Яго вучэнне, «верыў» у цуды, якія здзяйсняў Хрыстус. Аднак у пэўны момант ён не змог прыняць праўду аб уваскрасенні Езуса і выразна ў ёй засумняваўся. Яму цяжка было прыняць той факт, што Езус перамог смерць і жыве. Яму нават цяжка было прыняць сведчанне вучняў, якія яго пераконвалі ў змёртвыхпаўстанні Пана, кажучы, што бачылі Езуса ўваскрослага.

Калі прыйшла вестка пра ўваскрасенне Езуса, Тамаш засумняваўся: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу». Тамаш не прымае сведчання хрысціянскай супольнасці, ён хоча доказу асабістага характару. І Езус дае яму гэты доказ. Дае тое, чаго ён патрабуе. Цела ўваскрослага Езуса не з’яўляецца новым целам, яно не з’яўляецца целам, якое было створана нанова. Гэта тое самае цела, якое было ўкрыжавана, на якім засталіся «сляды» ўкрыжавання, хоць цела і было пераменена і праслаўлена. Праслаўленае цела назаўсёды застаецца зямным целам Хрыста, якое было ўкрыжавана.

Праз восем дзён, калі вучні зноў сабраліся і быў з імі Тамаш, «хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус». Уваскрослы аб’яўляе сябе ў сваёй супольнасці і прабывае з ёю. Тамаш жа, убачыўшы Яго, вызнае сваю веру: «Пан мой і Бог мой!» Тамаш не прыняў весткі супольнасці, аднак ён не выключаны з супольнасці, калі ёй аб’яўляецца Езус.

Тамаш убачыў і паверыў. «Бачыць» датычыць толькі знакаў. Гэта не прамое «бачанне» Уваскрослага. Тамаш праз знакі прыходзіць да веры. Езус жа кажа: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў» — тыя, хто ў адрозненні ад Тамаша будуць прымаць сведчанні веруючай супольнасці і праз сведчанне Касцёла прыйдуць да веры. Мы не менш шчаслівыя, чым Тамаш, таму што мы атрымалі жывое сведчанне веруючай супольнасці, у якой прысутнічае ўваскрослы Езус і якая бесперапынна вызнае веру ў Яго ўваскрасенне з памерлых.

Такім чынам мы прыходзім да праўды, якая выражаецца ў літургіі слова пра першую хрысціянскую супольнасць, дзе апосталы «сведчаць пра ўваскрасенне з памерлых Пана нашага Езуса Хрыста». Святы Ян Павел ІІ у адной са сваіх энцыклік (Dives in Misericordia) нагадвае нам праўду пра Бога, шчодрага ў сваёй міласэрнасці. Як гэта разумець? Міласэрнасць Бога такая вялікая, што яе хопіць кожнаму. Бо, маючы мноства нейкіх дабротаў, мы заўсёды можам гэтым багаццем падзяліцца. Гэтаксама і ў выпадку Бога: Ён хоча падзяліцца з намі дарам сваёй міласэрнасці. Калі хтосьці хоча скарыстаць з гэтага дару, ён заўсёды мае такую магчымасць.

Аднак ёсць адна невялікая ўмова: чалавек павінен па-сапраўднаму хацець гэтага дару... А хоча ён тады, калі з'яўляецца чалавекам добрай волі, калі адчувае патрэбу ў Божай міласэрнасці. Калі чалавек гатовы прыняць гэты найкаштоўнейшы дар, то ён яго атрымае, таму што Бог з радасцю ім дзеліцца. Езус сказаў святой сястры Фаўстыне: «Перад тым, як Я прыйду ў вобразе справядлівага Суддзі, Я хачу адкрыць насцеж дзверы Маёй міласэрнасці. А той, хто не захоча ўвайсці праз адчыненыя дзверы міласэрнасці, будзе вымушаны прайсці праз дзверы Маёй справядлівасці».

Дарагія! Езус не хоча нас палохаць сваёй справядлівасцю, а хоча, каб кожны з нас адказна ставіўся да каштоўнага дару, якім з’яўляецца Божая міласэрнасць. Бо гэты дар для нас, для таго, каб мы маглі стаць лепшымі. Бог — справядлівы Суддзя, але, ведаючы слабасць роду людскога і бачачы ў нашых душах плёны дару міласэрнасці, справядлівасць для нас не будзе страшнай. Яна будзе праўдай, якая апраўдвае, а не абвінавачвае.

Таму для нас, дарагія браты і сёстры, вельмі важна, быць аўтэнтычнымі сведкамі ўваскрослага Хрыста і сваё жыццё пабудаваць на гэтым сведчанні. Усё астатняе зробіць Бог. Ад нас патрабуецца вернасць гэтаму сведчанню, у якім аб’яўляецца вялікая Божая любоў, якая «збавіла» Езуса ад смерці і паказала ўсяму свету перспектыву Божай міласэрнасці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 21.04.2017 12:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.