Гамілія на ІІІ Велікодную нядзелю, Год А (30 красавіка) |
Нядзельнае казанне |
28.04.2017 14:45 |
Чытанні >>>
Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус Хрыстус запрашае нас, як калісьці сваіх вучняў, прайсці з Ім шлях з Ерузалема да Эмаус. Геаграфічна гэтае падарожжа складае каля 12 кіламетраў, аднак Хрыстус запрашае нас прайсці яго ў духоўным плане. Настаўнік з Назарэта хоча паказаць нам сэнс страчанай надзеі. Дарагія! Нашае сэрца прагне такога жыцця, якое здольна тут, на зямлі, забяспечыць нам супакой і напоўніць нас сапраўднай радасцю і шчасцем. Мяркую, што такое жаданне ўласціва кожнаму з нас. Як жа часта мы сумуем па спакойным жыцці: без цярпення, без цяжкасцяў, без праблем, каб усё складвалася так, як мы гэтага хочам. Даволі рэдка мы можам сустрэць такіх людзей, якія на працягу некалькіх год або нават некалькіх дзясяткаў год цешацца такім спакоем і радасцю, такім жыццёвым шцілем. Найчасцей такое жыццё можна заўважыць у асобаў не асабліва веруючых, няверуючых, або абыякавых да рэлігійнага і духоўнага жыцця. У жыцці сапраўднага хрысціяніна такіх доўгіх перыядаў шчасця і супакою амаль няма. Вельмі часта, калі мы пачынаем рэалізоўваць нашыя прагненні ў сваім жыцці, то заўважаем, што рэалізаваць іх не так проста і гэта нас можа прыгнятаць, знеахвочваць ці нават расчароўваць. Бо нейкія нашы чаканні ў жыцці не спраўдзіліся. І тады мы апынаемся перад абліччам няздзейсненай або нерэалізаванай, а можа, нават страчанай надзеі. Мае дарагія, падобнае было і ў жыцці вучняў Езуса Хрыста. Яны спачатку былі перакананыя ў тым, што надыходзіць той доўгачаканы момант для іх Айчыны, калі яны ўрэшце змогуць пазбавіцца рымскага прыгнёту і будуць цешыцца свабодай і незалежнасцю. Гэта было іх марай, іх чаканнем. Вучні марылі пра такую свабоду. Яны з нецярплівасцю чакалі таго моманту, калі ўлада рымскага намесніка ўрэшце будзе знішчана, калі адыйдзе варожы гарнізон рымскіх легіянераў, чакалі, калі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, сваю будучыню. І здавалася, што гэты момант вельмі блізка. З’явіўся Месія, які абвясціў, што Яго Валадарства ўжо хутка настане. У Яго было 12 апосталаў, вялікая колькасць вучняў, а значна больш у Яго было — як мы цяпер можам сказаць — прыхільнікаў ці фанатаў. І ў адну ноч усё зруйнавалася. Месію арыштавалі, найбліжэйшыя вучні, спаралізаваныя страхам, разбегліся хто куды, а рэшта не хацела наогул Яго ведаць. Прайшло ўжо тры дні, «а мы спадзяваліся» — кажуць вучні па дарозе ў Эмаус. Можна ўявіць сабе гэтую карціну: ідуць маркотныя вучні, схіліўшы галовы, задуменныя і засмучаныя. Да іх далучаецца Езус, якога яны спачатку не пазналі, а прынялі за аднаго з вандроўнікаў, які прыйшоў у Ерузалем і не ведаў, што адбылося ў гэтыя дні. Аднак Хрыстус ім пачынае тлумачыць, што іх прагненні аб шчаслівым жыцці на зямлі, аб стварэнні ідэальнага грамадства, справядлівага, з вялікімі перспектывамі — гэта нішто іншае, як будаванне паветраных замкаў. Бо жаданні вучняў сканцэнтраваны толькі на зямным, і таму яны назаўсёды застануцца толькі жаданнямі, якія па сваёй сутнасці няздольныя да канца заспакоіць сэрцы. Але не так павінна быць! «Не такія скарбы належыць вам шукаць. Бо так трэба было, каб Месія цярпеў, так трэба было каб Яго замучалі. Так трэба было…» Дарагія браты і сёстры, Езус паказвае сваім вучням і нам з вамі сэнс страчанай надзеі. Вучні з кожнай хвілінай усё лепш і лепш пачынаюць Яго разумець, сэрцы іх палаюць радасцю, але яны яшчэ не да канца адкрылі вартасць таго, што сказаў ім Езус. Толькі на вячэры, на якую яны запрасілі Езуса, падчас ламання хлеба адкрыліся ім вочы, і пазналі яны, што гэта ЕЗУС. Пасля чаго Настаўнік знік. Тады вучні зразумелі: сапраўды, не так важна, будзе Бацькаўшчына вольная ці не; будзе ёю кіраваць рымскі намеснік, ці не; знаходзіцца на іх зямлі войска чужынцаў ці не. Чалавек, нягледзячы на ўсе свае абмежаванні, можа быць шчаслівым, калі вартасці, якімі ён жыве, вечныя. Менавіта яны робяць яго шчаслівым. Вучні, зразумеўшы гэта, адразу, нават не скончыўшы вячэраць, спяшаюцца назад у Ерузалем, каб сустрэцца з тымі, хто ўжо ўдзельнічае ў гэтым шчасці — у шчасці ўваскрослага Хрыста. Нашыя чалавечыя жаданні, нават самыя прыгожыя, заўсёды будуць ацэньвацца чалавечымі меркамі. Аднак Бог жадае ашчаслівіць нас паводле сваёй меры — Божай. Ён падрыхтаваў для нас дары ў тысячу разоў большыя, чым мы прагнем. Вучні, вяртаючыся з Эмаус, былі ўпоўні шчаслівымі, хоць і не было гэта па прычыне рэалізацыі іх прагненняў. Бо шлях да шчасця не абавязкова павінен праходзіць праз раэлізацыю таго, што мы хочам або аб чым марым. Шлях да шчасця ляжыць праз рэалізацыю таго, што прагне для нас Бог. І толькі Ён адзін можа зрабіць нас сапраўды шчаслівымі. Чалавек жа будзе цярпець на зямлі да таго часу, пакуль не зразумее гэтую праўду, пакуль не пачне ёю жыць. Бо калі мы жывём выключна сваімі прагненнямі, нашае жыццё становіцца падобным да пешаходнага пераходу: чорна-белым, а наша надзея, не паспяваючы нарадзіцца, тут жа знікае. Дарагія браты і сёстры! Хрыстус заклікае нас, каб мы паглядзелі на сваё жыццё. Колькі ў ім было радасці, колькі расчараванняў... Колькі было ў нас надзеі, калі мы распачыналі вучобу, калі планавалі сямейнае жыццё, калі гадавалі дзяцей, падчас пераездаў, засялення, колькі надзеі было звязана са здароўем, з аздараўленнем... У нас было столькі надзеі! Але надышоў момант, калі мы зразумелі: не ўсё нам удалося рэалізаваць. І можа, неаднойчы мы задавалі сабе пытанне: чаму так са мною сталася? За што мяне Бог карае?.. Дарагія, Бог не карае… Асабліва праз няўдачы Бог жадае паказаць нам скарб, якога ніколі не з’есць моль і не пашкодзіць іржа. Гэты скарб збудаваны на моцным фундаменце, а гэтым фундаментам з’яўляецца ўваскрослы Езус, асабліва прысутны сярод нас падчас гэтай і кожнай нядзельнай Эўхарыстыі. А кожнае расчараванне, кожная страчаная надзея мае незвычайна глыбокі сэнс. І толькі Бог ведае, чаму не споўніліся некаторыя нашыя прагненні і мары, і толькі Ён хоча, каб гэтыя нашыя прагненні былі больш дасканалымі, аўтэнтычнымі. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|
Адноўлена 28.04.2017 15:41 |