«Ідзі за Мною» (пар. Мц 9, 9)
Выходзячы з Кафарнаума, Езус убачыў мытніка Мацвея, што сядзеў ля месца збору падаткаў. Мацвей выконваў працу, якая рабіла яго ненавісным у вачах людзей і далучала яго да захопнікаў і ліхвяроў, якія ўзбагачаліся за кошт іншых. Кніжнікі і фарысеі ставілі яго на ўзроўні вядомых усім грэшнікаў і асуджалі Езуса за тое, што Ён быў «прыяцелем мытнікаў і грэшнікаў» і еў разам з імі. (Пар. Мц 11,19; 9,10–11).
Езус жа, насуперак умоўнасцям, паклікаў Мацвея ісці за сабою і нават прыняў запрашэнне на абед ў яго доме. Пазней Ён гэтаксама зробiць i ў дачыненнi да Закхея — начальніка мытнікаў з Ерыхону. А калi ў Езуса запатрабуюць тлумачэння гэтых дзеяў, Ён скажа, што прыйшоў лячыць хворых, а не здаровых, i заклiкаць не праведнікаў, але грэшнiкаў. I на гэты раз Ягоны заклiк быў звернуты да аднаго з iх:
«Ідзі за Мною»
Такімі ж словамі Езус заклікаў Андрэя, Пятра, Якуба і Яна на беразе возера. Той жа заклік, хоць і выражаны інакш, пачуў Павел на шляху ў Дамаск.
Але Езус не спыніўся на гэтым: на працягу стагоддзяў Ён працягваў заклікаць да сябе мужчын і жанчын усіх нацыянальнасцяў. Ён робіць гэта і сёння: прыходзіць у нашае жыццё, сустракаецца з намі ў розных месцах, рознымі спосабамі — і дае нам пачуць гэты заклік ісці за Ім.
Ён кліча нас да сябе, таму што хоча ўсталяваць з намі асабістыя зносіны, і ў той жа час заклікае нас садзейнічаць Яму ў ажыццяўленні вялікай задумы аб новым чалавецтве.
Для Яго не маюць значэння нашыя слабасці і грахі, наша нікчэмнасць. Ён любіць і выбірае нас такімі, якія мы ёсць. Ягоная любоў перамяняе нас, дае нам сілы адказаць Яму і рушыць услед за Ім, як зрабіў гэта Мацвей.
Для кожнага чалавека ў Езуса ёсць асаблiвая любоў, асаблівы план для ягонага жыцця, асаблівае пакліканне. Мы адчуваем гэта сэрцам па натхненні Святога Духа, альбо ў сілу пэўных абставін, альбо дзякуючы парадам, навуцы тых, хто любіць нас... Кожны раз іначай, але зноў і зноў гучыць той жа заклік:
«Ідзі за Мною»
Памятаю, як і я адчула пакліканне ад Бога.
У горадзе Трэнт стаяла вельмі халодная зімовая раніца. Мама папрасіла малодшую з маіх сясцёр схадзіць за малаком за два кіламетры ад хаты, але было занадта холадна, і ёй не хацелася ісці. Іншая сястра таксама адмовілася. Тады я вызвалася: «Я пайду, мама!» Узяла бутэльку, выйшла з хаты, і на паўдарозе адбылося нешта незвычайнае. Мне здалося, быццам нябёсы адкрыліся, і Бог паклікаў мяне за сабой. Я адчула, як Ён кажа ў маім сэрцы: «Прысвяці Мне жыццё!»
Гэта было яснае пакліканне, і я хацела адказаць на яго неадкладна. Пагаварыла са сваім духоўным айцом, і ён дазволіў мне назаўжды прысвяціць сябе Богу. Гэта адбылося 7 снежня 1943 г.; я ніколі не здолею апісаць тое, што адчувала ў душы ў той дзень: я заручылася з Богам! Цяпер я магла чакаць ад Яго ўсяго.
«Ідзі за Мною»
Гэтыя словы гучаць не толькі ў рашаючы момант выбару жыццёвага шляху. Езус кажа іх нам кожны дзень. «Ідзі за Мною», — як быццам падказвае Ён нам у выкананні самых простых паўсядзённых абавязкаў. «Ідзі за Мною» — калі трэба прыняць выпрабаванне, пераадолець спакусу, паслужыць бліжняму... Як даць Яму канкрэтны адказ?
Трэба рабіць тое, што Бог жадае ў дадзены момант, які заўсёды нясе ў сабе асаблівую ласку. Значыць, давайце паспрабуем у гэтым месяцы рашуча прысвяціць сябе волі Божай, брату і сястры, якіх трэба любiць, працы, вучобе, малітве, адпачынку, справам, якія мы павінны рабіць.
Давайце вучыцца слухаць голас Бога, які гучыць у глыбіні нашага сэрца: гэта можа быць і голас сумлення; ён скажа нам, што пажадана Богу ў той ці іншы момант. І трэба быць гатовымі ахвяраваць усім дзеля таго, каб гэта выканаць.
«Дай нам любіць Цябе, о Божа, не толькі ўсё больш з кожным днём, бо тых дзён, што засталіся нам, можа стацца занадта мала... Дай нам любіць Цябе ў кожны момант усім сэрцам, усёй душой і ўсімі сіламі — любіць у тым, што ёсць Твая воля!»
Вось найлепшы спосаб ісці за Езусам.
К’яра Любiч
апублікавана ў 2005 г.
|