Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на кастрычнiк 2012
02.10.2012 17:16


Прэзентацыя на кастрычнік >>>

«На Тваё слова закіну сеткі» (Лк 5, 5)

Езус, скончыўшы навучанне i седзячы ў лодцы Сымона, звярнуўся да яго і яго таварышаў, каб закiнулi свае сеткі ў мора. Сымон адказаў, што ён працаваў усю ноч і безвынікова, а потым дадаў: «Але па слове Тваім закінем сеткі».

I закiнулi. Сеткі так напоўніліся, што пачалі рвацца. Тады на дапамогу прыйшлi іншыя таварышы, і яны разам запоўнілі лодку рыбай так, што яна амаль патанула. Сымон, уражаны гэтак жа, як Якуб і Ян, упаў да ног Езуса, просячы Яго, каб адышоў ад яго, бо ён чалавек грэшны. Але Езус сказаў яму: не бойся, таму што ад гэтага часу будзеш лавіць людзей. І з гэтага моманту Сымон, Якуб і Ян сталі Ягонымі вучнямі.

Гэтая гісторыя аб цудоўным улове рыбы з’яўляецца сімвалам будучай місіі Апосталаў. Стаўленне Пятра з’яўляецца ўзорам не толькі для іншых апосталаў і тых, хто стане іх пераемнікамі, але і для кожнага хрысціяніна.


«На Тваё слова закіну сеткі»

Пасля няўдалага начнога лову Пётр, які быў дасведчаным рыбаком, мог бы пасмяяцца над Езусам або адкласці Ягоную прапанову ды закінуць сеці ўдзень цi ў другi час, але не цяпер, не адразу. Між тым, ён даверыўся Езусу, адмовіўшыся ад сваіх перакананняў.

Кожны хрысціянін, менавіта таму, што ён вернік, пакліканы перажыць падобную сітуацыю. Яго вера па-рознаму, але падвяргаецца выпрабаванням.

Наследаваць Хрыста значыць быць моцным, стойкім і дасканалым у тым свеце, у якім мы жывем, дзе ўсё, здаецца, заахвочвае да камфортнага жыцця, да пасрэднасці і абыякавасці. Наследаванне Хрыста здаецца тут немагчымым, звыш сіл, адразу прайграным.

Патрабуецца шмат сілы, каб ісці далей, каб процiстаяць уплыву асяроддзя, сродкаў масавай інфармацыі, а часам нават сяброў.

Гэта сур’ёзнае выпрабаванне, якое трэба вытрымоўваць дзень за днём, гадзіна за гадзінай.

Аднак калі мы сустрэнем яго тварам у твар, прымем яго, гэта дазволіць нам стаць сталымі хрысціянамі і самiм зведаць тое, што гэтыя незвычайныя словы Езуса праўдзівыя, што Яго абяцанні спраўджваюцца. I тады нашае жыццё стане прыгодай ад Бога, у сто разоў больш займальнай, чым мы можам сабе ўявіць, прыгодай, якая дазволіць нам дасведчыць, што Бог шчодра абсыпае міласцямi тых, хто iдзе за Ім, дасць у сотні разоў больш у гэтым жыцці, і па-над тым — жыццё вечнае, у той час як жыццё ў свеце часта сумнае, марнае і бясплоднае. Цудоўны ўлоў рыбы паўторыцца.


«На Тваё слова закіну сеткі»

Дык як жа жыць гэтымі словамі?

Трэба зрабiць такi самы выбар, якi зрабiў Пётр: «На Тваё слова...». Даверыцца Ягоным словам, не сумняваючыся ў тым, аб чым просіць Езус. Наадварот, усю нашую дзейнасць, працу, жыццё трэба абапіраць на Ягонае слова.

Тады мы збудуем нашае жыццё на самым грунтоўным і самым надзейным, і ў той жа час на дзіўным, і ўбачым, што менавiта там, дзе чалавечых сродкаў не хапае, умешваецца Бог, і там, дзе па-чалавечы гэта немагчыма, нараджаецца жыццё.

К’яра Любіч
Надрукавана: Città Nuova, 1983/2, s. 40–41

Адноўлена 03.10.2012 16:07
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.