Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на лiстапад 2012
30.10.2012 14:36

Прэзентацыя на лістапад >>>

«Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23).

Езус звярнуўся да апосталаў з вялікай, узрушваючай развітальнай прамовай, каб запэўніць іх, што калi яны будуць любіць Яго, то ўбачаць Яго iзноў.

Юда Тадэвуш пытаецца, чаму Ён аб’явiцца толькі iм, а не ўсяму народу. Гэты вучань прагнуў, каб Езус зрабіў для ўсяго народу нейкую вялікую манiфестацыю, якая б магла змяніць ход гісторыі і была б эфектыўнай — паводле ягоных словаў — для збаўлення свету. Вучні думалі, што Езус, якi быў у тыя часы такiм доўгачаканым прарокам, выступiць публічна як Цар Ізраэля, і, паставіўшы сябе на чале народа Божага, усталюе Валадарства Божае навечна.

Але Езус адказаў, што Ягоныя аб’яўленнi адбудуцца не так, каб быць бачнымi для ўсіх. Гэта будзе простае і звычайнае «прышэсце» Святой Тройцы ў сэрцы тых вернікаў, якія будуць паўсюль, дзе ёсць вера і любоў.

У гэтым адказе Езус дакладна тлумачыць, якім чынам Ён паўстане пасля смерці сярод сваіх i як можна будзе трымаць з Iм сувязь.


«Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго».

Таму, магчыма, Ён прысутнічае ў сэрцах хрысціянаў i сярод нашай супольнасці ўжо цяпер — не трэба думаць, што гэта толькі справа будучыні. Святыню, у якой Ён прабывае, утвараюць не столькi муры, колькi сэрцы хрысціянаў, якія дзякуючы гэтаму становяцца новымі табэрнакулюмамі, жывым храмам Святой Тройцы.


«Калі хто любіць Мяне,  той захоўвае слова Маё,  і палюбіць таго Айцец Мой,  і прыйдзем да Яго,  і зробім жыллё ў Яго».

Але як хрысціянін можа гэтага дасягнуць? Як можна насіць у сабе самога Бога? Па якой дарозе можна прыйсці да такой глыбокай еднасці з Ім?

Дзякуючы любовi да Езуса.

Дзякуючы любовi, якая праяўляецца не ў нейкiм сентыменталiзме, а ў канкрэтным жыццi, а дакладней — асноўваецца на выкананнi Яго Слова.

На гэтую любоў хрысцiянiна, якая грунтуецца на справах, Бог адказвае сваёй любоўю: Святая Тройца прыходзіць, каб жыць у ім.


«Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго».

«...Захоўвае слова Маё».

Да захоўвання якіх словаў паклiканы хрысціянін?

У Евангеллі паводле св. Яна часта словазлучэнне «Мае словы» з’яўляецца сінонімам «Мае запаведзі». Такім чынам, хрысціянін пакліканы выконваць запаведзі Езуса. Тым не менш, iх нельга разумець проста як каталог правіл. Езус сабраў іх усіх падчас мыцця ног — спаўнення запаведзі ўзаемнай любові. Бог загадвае кожнаму хрысціяніну любіць бліжняга свайго аж да поўнага аддання сябе — так, як Езус вучыў, і так, як Ён гэта зрабіў.


«Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго».

Як жа добра рэалізаваць гэтыя словы? Як дасягнуць таго, каб… Святая Тройца пасялiлася ў нас?

Трэба проста ўсім сэрцам сваім, радыкальна і настойліва жыць узаемнай любоўю.

У гэтым, перш за ўсё, хрысцiянiн знойдзе шлях таго глыбокага хрысціянскага аскетызму, якога Укрыжаваны патрабуе ад яго. Менавіта дзякуючы ўзаемнай любовi расквiтнеюць у ягоным сэрцы шмат добрых якасцяў, і ён сам зможа адказаць на заклік да святасці.

К’яра Любіч

Адноўлена 30.10.2012 15:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.