Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на люты 2013
30.01.2013 12:14

Прэзентацыя на люты >>>

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў» (1 Ян 3, 14)

Святы Ян піша да заснаваных iм самім хрысціянскіх супольнасцяў у момант перажывання iмi вялікiх цяжкасцяў. Сталі з’яўляцца ерасі і ілжывыя вучэнні аб веры і маральнасці, апроч таго хрысціянам даводзілася жыць у суровых умовах язычніцкага асяроддзя, варожага духу Евангелля.

Каб дапамагчы ім, апостал паказвае эфектыўны сродак, якi ўключае ў сябе ўсе запаведзі: любіць братоў, жыць па запаведзі любові, якую яны атрымалі на самым пачатку.

Хто будзе паступаць такiм чынам, спазнае, чым ёсць «жыццё», гэта значыць, што ён будзе штораз глыбей уваходзiць у еднасць з Богам і зведае, што Бог ёсць Любоў. І, адчуўшы гэта, умацуецца ў сваёй веры і будзе ў стане супрацьстаяць любому нападу, асабліва падчас выпрабаванняў.

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў»

«Мы ведаем...» Апостал спасылаецца на веды, што прыходзяць з вопытам. Ён нібы кажа, што мы гэта пацвердзілi, адчулi, дакрануўшыся. Гэта тая выснова, якую хрысціяне, якім прапаведвалася Евангелле, зрабiлi на самым пачатку свайго навяртання: калi ты рэалiзуеш Божыя запаведзі, асабліва запаведзь любовi да брата, то тым самым ты ўваходзiш у жыццё самога Бога.

Але цi сучасныя хрысціяне ведаюць гэтае дасведчанне? Яны ведаюць, несумненна, што запаведзі Пана карысныя для жыцця. Езус раз за разам з нацiскам узгадвае, што недастаткова толькi слухаць, але трэба жыць словамi Бога (пар. Мц 5, 19; 7, 21-26).

Для большасці з нас, аднак, па несвядомасці альбо праз чыста тэарэтычныя веды, пазбаўленыя вопыту, застаецца зусім незразумелым той вялікі аспект хрысціянскага жыцця, які апостал паказвае тут: калі мы жывём па запаведзi любові, то Бог бярэ нас у сваю ўласнасць, і бясспрэчнаю прыкметаю гэтага з’яўляюцца жыццё, супакой, радасць, якiя Ён дазваляе нам спазнаць ужо тут, на гэтай зямлi. Тады ўсё раз’ясняецца, усё становiцца гарманічным. І ўжо няма больш падзелу паміж верай і жыццём. Вера становіцца сілай, якая прасяквае і яднае з сабою ўсе нашыя дзеянні.

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў»

Гэтае Слова Жыцця кажа нам, што любоў да бліжняга з’яўляецца каралеўскім шляхам, які вядзе нас да Бога. Калі мы Ягоныя дзеці, то для Яго найбольш важным з’яўляецца нішто iншае, як наша любоў да брата. Мы не можам зрабіць для Яго большай радасці, чым тая, якую мы прыносiм Яму, калi любім нашых братоў.

Братэрская любоў — апроч таго, што прыводзіць нас да еднасці з Богам — з’яўляецца яшчэ невычэрпнай крыніцай унутранага святла, крыніцай жыцця, духоўных плёнаў, няспыннага адраджэння. Яна захоўвае хрысціянскі народ ад разлажэння, акасцянення, застою, адным словам, дазваляе «перайсці са смерці ў жыццё». Таму, калі любовi не хапае, усё вяне і памірае. I тады мы бачым з’явы, так шырока распаўсюджаныя ў свеце, у якім мы жывем: адсутнасць энтузіязму i ідэалаў, абыякавасць, смутак, жаданне ўцячы, страту каштоўнасцяў, і гэтак далей ...

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў»

Браты, пра якіх тут кажа апостал, — гэта ў першую чаргу члены супольнасцi, да якой мы належым. Калі сапраўды мы павінны любіць усіх людзей, то, напэўна, наша любоў павінна пачынацца з тых, хто жыве побач з намі кожны дзень, а потым ужо распаўсюджвацца на ўсё чалавецтва. Таму мы павінны думаць у першую чаргу пра сваiх родных, з кiм жывём, пра калег з працы, пра нашых парафiянаў, членаў суполак ці законаў, да якiх мы належым. Любоў да брата не будзе сапраўднай і ўпарадкаванай, калі яна не будзе пачынацца з іх. Усюды, дзе мы знаходзімся, мы пакліканы будаваць сям’ю дзяцей Божых.

«Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў»

Гэтае Слова Жыцця адкрывае перад намi вялікія перспектывы. Яно кідае нас у Божую прыгоду хрысціянскай любові, поўную нечаканых вынікаў. Яно перш за ўсё нагадвае нам, што любоў да бліжняга з’яўляецца тым адказам, якi мы павінны даваць свету, у якiм пануюць змаганне, права сiлы, падман, дзе цынізм становіцца прынцыпам дзеяння і дзе часта здаецца, што ўсё спаралізавана матэрыялізмам і эгаізмам. Гэтая любоў з’яўляецца лекам, які можа вылечыць свет. Калі мы жывём па запаведзi любові, то не толькі нашае жыццё набывае сілы, але і ўсё вакол нас узбагачаецца — яна пашыраецца і разлiваецца, нібы хваля Божага агню, якая разыходзiцца і распраменьваецца, пранікаючы сацыяльныя тканкі, растопліваючы лёд паміж чалавекам і чалавекам, паміж групай і групай, і паступова праймае ўсё грамадства.

Так што вырашайце! Братоў, якiх трэба любіць у імя Езуса, мае кожны. Маем iх заўсёды. Давайце будзем вернымi гэтай любові, давайце дапамагаць іншым быць вернымi ёй! Спазнаем у глыбіні душы, што азначае з’яднацца з Богам. Вера адродзіцца, сумнiвы знікнуць, мы болей не будзем ведаць, што такое нуда. Жыццё станецца поўным, багатым.

К’яра Любiч
апублiкавана: «Città Nuova», 1985/8, s.10

Адноўлена 30.01.2013 12:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.