Будслаў — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі |
Адрас: Чырвоная плошча, 8 в. Будслаў Мядзельскі р-н Мінская вобл. Рэспубліка Беларусь 222510 Тэл./факс: 8 01797 3 13 99 Тэл.: 8 017 97 3 13 73 Вэб-сайт: site.catholic.by/budslau/ аРасклад набажэнстваў (магчымы змены)
ж З гісторыі парафіі У 1591 г. у Слаўнай Будзе быў узведзены і кансэкраваны драўляны
касцёл. Верагодней за ўсё, у гэты час тут з’явіўся абраз Маці Божай, які
пазней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 г. яго
атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімэнта VIII. Пасля смерці Яна
Паца капелан Ісаак Салакай у 1613 г. перадаў абраз у кляштар айцоў
бэрнардынаў. Вельмі хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з
самых папулярных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Змешчаны ў
драўляным касцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі
людзьмі і ў хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635
г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 г., калі
сляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазней вядомы айцец кармэліт)
атрымаў зрок. Вуглавы камень першага каменнага касцёла быў
закладзены 28 верасня 1633 года. Святыня была кансэкравана 9 ліпеня 1643
года. Новы мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры
кляштары бэрнардынаў у Будславе пабудавалі ў 1767–1783 гадах.
Трохнававая святыня з дзвюма вежамі была створана ў стылі позняга
барока, увесь яе інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі. Галоўны фасад дасягаў
50 метраў. У касцёле мелася 12 алтароў. Ён быў кансэкраваны 7 верасня
1783 года. У 1939 г. касцёл зачынілі, але яго ніколі не выкарыстоўвалі ў
іншых мэтах, як гэта практыкавалася пры атэістычнай уладзе. Пасля вайны
сюды час ад часу прыязджалі святары. У 1966–1974 гг. у святыні не было
ніводнага ксяндза. Яе адраджэнне распачалося 2 ліпеня 1992 г., калі ў
Будслаў прыбыла першая публічная пілігрымка. У 1994 годзе папа Ян Павел
ІІ булаю надаў святыні тытул Базылікі Меншай, а ў 1998 г. кардынал
Казімір Свёнтэк каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай
папскімі каронамі. Пасля акта каранацыі ён абвясціў будслаўскую святыню
Нацыянальным санктуарыем Беларусі. Тады ж апеку над святыняю прынялі
айцы бэрнардыны, вярнуўшыся сюды пасля працяглага перапынку. Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. 1 ліпеня 2000 г. у Будславе адбыўся марыялагічны кангрэс. Кожны год на святкаванне ўрачыстасцяў у Будславе, якое з 2012 г. пераносіцца на першую пятніцу і суботу ліпеня замест традыцыйнага 2 ліпеня, прыбываюць дзясяткі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з замежжа (Расіі, краінаў Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы і інш.).
|
Адноўлена 26.03.2013 14:24 |