Паведамленне з 54-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі |
12 верасня 2013 г. у Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 54-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Падчас пасяджэння былі разгледжаны наступныя пытанні і прыняты наступныя рашэнні.
- Канферэнцыя азнаёмілася з рэалізацыяй душпастырскіх праграм Касцёла ў Беларусі ў рамках Года веры.
- Асаблівая ўвага была звернута на пытанне служэння святароў і супрацоўніцтва свецкіх вернікаў у справе новай евангелізацыі.
- Прысутныя на пасяджэнні Канферэнцыі азнаёміліся з лістам Вярхоўнага арцыбіскупа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука і Сіноду Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, у якім змешчана падзяка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі за віншавальны ліст з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Кіеўскай Русі. Абмеркавана магчымасць супрацоўніцтва ў справе новай евангелізацыі ў Беларусі і Украіне.
- Сабраныя абмеркавалі вынікі дзейнасці дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» і яго дырэктывы, а таксама разгледзелі магчымасці пашырэння дабрачыннай дзейнасці.
- Падчас пасяджэння было прынята рашэнне аб заснаванні медыя-цэнтра пры ККББ і разгледжаны яго статут.
- Сабраныя зацвердзілі дзень 15 лістапада як дату агульнабеларускай сустрэчы святароў у рамках Года веры. Сустрэча адбудзецца ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
- 21 верасня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску ў 10.30 адбудзецца спецыяльная святая Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, сям’і і дзяцей, на якую біскупы запрашаюць усіх вернікаў і адказных за душпастырства сем’яў.
- Пасля многіх старанняў і доўгага чакання сёння Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі атрымала паходзячую ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні кс. Уладзіслава Лазара, якая зводзіцца да наступнага:
8.1. Ксёндз Уладзіслаў Лазар сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у г. Мінску. 8.2. Ксёндз Уладзіслаў Лазар абвінавачваецца ў парушэнні п. 1 арт. 356 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. 8.3. Ксяндзу Уладзіславу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. 8.4. На запыт касцёльнай іерархіі было атрымана запэўненне, што ў дачыненні да кс. Уладзіслава Лазара будуць захоўвацца ўсе яго правы згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. 8.5. У бліжэйшай будучыні Апостальскаму Нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці будзе дадзена магчымасць асабістай сустрэчы з кс. Уладзіславам Лазарам. 8.6. Дзяржаўныя ўлады гарантуюць, што касцёльная іерархія будзе рэгулярна інфармавана пра вынікі следства, якое працягваецца. 8.7. Згодна з паведамленнем дзяржаўных уладаў гэты эпізод не паўплывае на клімат даверу Рэспублікі Беларусь да Апостальскага Пасаду і павагу да Каталіцкага Касцёла.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звяртаецца з заклікам да вернікаў даручыць Божай міласэрнасці гэтую балючую праблему.
9. Наступнае пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адбудзецца 26 лістапада.
|
Адноўлена 03.02.2016 17:01 |